Яго працаўнікі ўжо не ў першы раз выходзяць у лік мацнейшых на Бярэзіншчыне. А сваё права насіць такое званне заслугоўваюць стараннай працай і ўменнем атрымліваць з кожнага гектара зямлі максімальную аддачу.
На маё пытанне, у чым жа крыецца сакрэт поспеху гаспадаркі, яе кіраўнік Сяргей Счасны адказаў, што ён у вытворчай дысцыпліне, строгім захаванні тэхналогіі і тэхнічнай аснашчанасці сельгаспрадпрыемства.
Але пры гэтым, падкрэслў ён, галоўным з’яўляюцца самі працаўнікі і іх старанныя адносіны да даручанай справы. Менавіта яны наш гарант поспеху любой справы і толькі ад іх залежыць наколькі эфектыўнымі стануць усе прыкладаемыя намаганні. А дасягнуты ў час жніва поспех – гэта не толькі заслуга камбайнавых экіпажаў і вадзіцеляў, занятых на адвозцы збожжа, а ўсяго калектыву, які, пачынаючы яшчэ з папярэдняй восені і асенняй сяўбы, працаваў на будучы ўраджай.
Сапраўды, выдаўся ён сёлета багатым і важкім. Хапіла на полі ў дні жніва клопатаў камбайнерам Віктару Лучыну, Васілю Рашотку і Пятру Чалею. Ды і вадзіцелям Віктару Лучыну, Андрэю Грышчанку і Мікалаю Мірончыку стаяць без справы не даводзілася, адвозячы збажыну на зерняток. Не прастойваў у гэты час і Васіль Ярмолін, аўтамабіль якога быў замацаваны за зернятокам і пастаянна адвозіў дапрацаванае зерне на склады. Пры гэтым у гаспадарцы нават з’явіліся свае тысячнікі, якіх на памяці працаўнікоў тут ніколі не было.
Дасягнутая ўраджайнасць аказалася ў навінку – атрыманы вынік у 47,2 цэнтнера з гектара зафіксаваны тут быў упершыню. Пры гэтым было намалочана крыху больш за 2500 тон збожжа.
Хаця, сказаць па праўдзе, дасягаўся такі паказчык зусім не ў простых умовах: палегліца на многіх участках палеткаў патрабавала дадатковых сіл і энергіі камбайнераў, запавольвала тэмпы ўборкі, стварала шмат нязручнасцей. Але сёння яны ўжо ў мінулым.
Галоўны аграном філіяла Васіль Ермачонак ужо жыве днём і клопатам заўтрашнім: сочыць за ходам палявых работ, дамаўляецца то з "Шыпянамі", то са "Сновам" аб пастаўцы насення пад будучы ўраджай, то кантралюе, як гэтымі днямі ўбіраюць кукурузу. Да ўсяго ёсць справа ў спецыяліста. Багаты ўраджай – і яго заслуга, як і той аўтарытэт, якім карыстаецца Васіль Мікалаевіч у рабочых і сваіх калег. Ён – адзін са старэйшых работнікаў філіяла, і хоць мае за спіной ужо больш за 70 гадоў, пакуль што кідаць даручаную справу не збіраецца.
Яшчэ адным ветэранам філіяла з’яўляецца Ала Маціеўская. І пасада ў гэтай жанчыны вельмі адказная, яна – загадчыца склада. Дакладней складоў, бачыце, колькі ў яе ключоў? Іх гаспадыня не толькі ведае, які з іх ад якога замка, але і кожную рэч у сваёй гаспадарцы. А ў ёй не толькі запасныя часткі, а і збожжа.
Наогул, у філіяле калектыў падабраўся з людзей адказных і з вялікім жыццёвым вопытам. Ды і майстры яны выдатныя – на ўсе рукі. Узяць хаця б Анатоля Каспяровіча. У мінулым ён загадчык рамонтных майстэрняў, зараз – вадзіцель вялікага МАЗа, у абавязках якога дастаўка самых розных грузаў, без яго – ну проста нікуды! А Іван Рабкевіч толькі па штаце лічыцца слесарам. На самой справе падуладныя яму такарныя і плотніцкія справы, да таго ж ён адказвае і за работу млына. Намнога больш абавязкаў, чым тое лічыцца па штаце, і ў сённяшняга загадчыка майстэрняў Вячаслава Волчака. Гатоўнасць тэхнікі і яе бездакорная работа, у тым ліку і ў час жніва, – таксама яго заслуга. А доказам таго, што на ўборцы зладжана працавалі не толькі камбайны, але і аўтамабілі, стаў той факт, што вадзіцель Мікалай Мірончык па выніках кампаніі набыў званне тысячніка, чаго дасягнуць у даволі сціплай па сваіх памерах гаспадарцы зусім няпроста. Тысячнікам стаў і экіпаж у складзе Васіля Рашоткі і Дзмітрыя Ляховіча.
Добрым майстрам і выдатным механізатарам, якому падуладныя любыя віды работ на зямлі, зарэкамендаваў сябе Аляксандр Паркалаў. Зараз ён, напрыклад, заняты нарыхтоўкай кармоў. Нялішнім будзе сказаць, што Аляксандр Станіслававіч да таго ж яшчэ і мнагадзетны бацька.
І калі Аляксандр Паркалаў яшчэ завяршае ўборку вырашчанага сёлета ўраджаю і папаўняе кармушку жывёлы для сытнай яе зімоўкі, то механізатары Анатоль Калбаска і Ігар Макарэвіч ужо на ўсю моц шчыруюць на будучы ўраджай. Першы з іх заняты ворывам глебы, другі – унясеннем мінеральных удабрэнняў. Пройдзе час і ў механізатараў з’явяцца новыя віды работ, бо трактарыст на вёсцы – найпершы працаўнік, на якім трымаецца, лічы, увесь вытворчы працэс. А калі ён у надзейных руках вопытных спецыялістаў, то за яго вынікі турбавацца не даводзіцца.
Канстанціна Кухаронка мы засталі на ферме разам з пагрузчыкам. Як выявілася, гэта не асноўная адзінка тэхнікі, якой кіруе механізатар. Асноўны яго трактар – МТЗ. А на ім Канстанцін таксама выконвае шмат відаў работ.
– Вось і ў жніве паўдзельнічаў, – з усмешкай дадае ён. – Убіраў, толькі не збажыну, а салому пасля абмалоту палеткаў, вызваляў іх для далейшага выкарыстання.
Нямала ў філіяле і іншых старанных работнікаў. І не толькі тых, хто заняты працай на зямлі. Кожны з членаў калектыву ўносіць свой уклад у яго агульны поспех – спецыялісты, бухгалтарскія работнікі, жывёлаводы. Пра многіх з іх давялося пачуць нам шмат цёплых слоў з вуснаў дырэктара сельгаспрадпрыемства. Яны – яго верныя паплечнікі, памочнікі, аднадумцы. Менавіта з іх дапамогай вырашаюцца ўсе штодзённыя няпростыя пытанні і будуецца заўтрашні дзень з яго перспектывамі развіцця і ўдасканалення. А мінулае жніво і дасягнуты на ім высокі паказчык – толькі прыступка для дасягнення больш высокага поспеху гаспадаркі, яе эканамічнай стабільнасці і развіцця.
* Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.