На палетках - і камбайны, і плугі

Date 14.10.2022 Man
Comment 490
На палетках - і камбайны, і плугі

Гэтымі днямі на палетках ААТ “Брадзец” можна сустрэць любую тэхніку – ад плугоў і пасяўных агрэгатаў да кормаўборачнага і збожжаўборачнага камбайнаў. Работы хапае ўсім. Паступова яна ідзе да завяршэння. Але пакуль што працоўны напал адчуваецца на кожным участку.

Асноўны ўпор робіцца, безумоўна, на азімую сяўбу. Пад яе адпушчана 1750 гектараў, з якіх незасеянымі засталося не больш 250-ці. Найбольш старанна з плугамі ўпраўляецца Аляксандр Собаль. А вось з пасяўнымі агрэгатамі задзейнічаны два механізатары – Сяргей Аўсянскі і Віталь Філіповіч. Не навічкі ў гэтай справе, яны старанна, гектар за гектарам, а за дзень іх набягае да сарака, засяваюць палеткі гаспадаркі.

– Пачыналі яшчэ ў верасні, – расказвае Віталь Філіповіч, – з азімага рапсу. Так увесь час і заняты сяўбой. Праўда, бывалі невялікія вымушаныя перапынкі з-за дрэннага надвор’я. Але сёння яно спрыяе паспяховаму завяршэнню работ. Засталося толькі дасеяць азімае жыта. А затым перасяду на МТЗ-1221, спраў хопіць і ў зімовы час.

Побач на ўскрайку поля “на вахце” трактар Ільі Корыка. Ён забяспечвае сейбіта насеннем і заўсёды своечасова спраўляецца са сваёй місіяй, не дапускаючы прастояў пасяўнога агрэгата. Ілья ў гаспадарцы рупіцца першы год і ўсю пасяўную звязаны працоўным тандэмам з Віталем Філіповічам. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, працуюць зладжана, паступова падыходзячы да фінішу.

Дарэчы, сёлета ў азімым севазвароце гаспадаркі 200 гектараў зойме азімы ачмень. Па словах галоўнага інжынера ААТ “Брадзец” Мікалая Крука, гэтую культуру тут убіралі сёлета ўпершыню і яна дала добры ўраджай з 30 засеяных гектараў. Таму і вырашылі істотна павялічыць плошчы пад ім на наступны год. Парадавала і ўраджайнасць проса, якое таксама было ў навінку для гаспадаркі, - 36 цэнтнераў з гектара.

Ва ўборцы гэтай культуры быў заняты і Віталь Аўсянскі. Наогул, за час жніва ён паспеў намалаціць больш за тысячу тон збожжа. Ды і сёння таксама не развітаўся са сваім камбайнам: рупіцца каля вёскі Оступ на ўборцы насення пайзы.

– Тут не вельмі разгонішся, – расказвае механізатар. – Акрамя таго, што шчыльнасць травы намнога большая, чым у збожжа, дык яшчэ і пакручаных участкаў шмат. Але нічога, справімся.

Непадалёк ад камбайна – дзяжурны аўтамабіль для адвозкі насення. За рулём вялікага МАЗа – Захар Гаджыеў. Вось ужо два гады, як служыць ён у радах выратавальнікаў, але роднай гаспадарцы заўсёды ідзе на дапамогу. Працаваў тут і ў час жніва. Ды і зараз, калі выпадаюць свабодныя ад дзяжурства змены, таксама далучаецца да спраў.

– За рулём я з 18 гадоў, – расказвае Захар. – Доўгі час працаваў у гаспадарцы. Нават выходзіў пераможцам маладзёжнага спаборніцтва на жніве. Прыкіпеў да зямлі і зараз, хоць памяняў профіль, заўсёды з задавальненнем прыходжу на дапамогу: дома сядзець без справы не прывык, ды і капейчына лішняй ніколі не бывае.

Дарэчы, наконт Віталія Аўсянскага. Гэта толькі апошніх пару дзён заняты ён уборкай пайзы. А да гэтага на другім камбайне, КВК, займаўся нарыхтоўкай зялёнай масы з кукурузы.

У гаспадарцы яе ажно тысяча гектараў і пераважная большасць масы ідзе менавіта на прыгатаванне сіласу (нарыхтавана яго ў гаспадарцы 18500 тон, з якіх больш за 16 тысяч іменна з кукурузы). Прыкладна чвэрць ад названай плошчы, занятай царыцай палёў, яшчэ належыць скасіць.

Частку пачаткаў убіраюць на зерне, што таксама стане добрым падтрымкай у кармавой базе. У хуткім часе яе таксама папоўніць і духмяная пайза, да ўборкі якой тут пакуль не прыступалі. У цэлым жа ў ААТ “Брадзец” паводле аператыўнай інфармацыі райсельгасхарчу, на 10 кастрычніка было назапашана па 32,69 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.

– Сёння, калі палявыя работы ідуць да завяршэння і надыходзіць зіма, нашым асноўным клопатам будзе з’яўляцца жывёлагадоўля, – адзначае Мікалай Крук. – Зараз выконваем апошнія работы па ўпарадкаванні ферм (уцяпляем іх, пры неабходнасці рамантуем дахі, вокны, уваходныя дзверы). Жывёла поўнасцю ўжо перавезена на зімовы ямачны рацыён. Кармоў назапашана дастаткова. Цяпер вельмі важна больш увагі надаваць тэхналогіі, каб павялічыць надоі і прыбаўленні ў вазе. Зрухі да гэтага ўжо адзначаны: за апошні час нам удалося выйсці з мінуса. Так што наступная наша задача – замацаваць показчык і нарошчваць яго.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER