Новы год сустракаюць у новым прафілакторыі

Date 29.12.2022 Man
Comment 1103
Новы год сустракаюць у новым прафілакторыі

Літаральна напярэдадні Новага года, а дакладней, 29 снежня, у ААТ “Першамайскі” адбылося наваселле. Праўда, праходзіла яно без асаблівай помпы і ўрачыстасці і больш насіла рабочы характар. Тым не менш, на яго былі запрошаны першыя асобы раёна – старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук і яго першы намеснік – начальнік райсельгасхарчу Карына Аруцюнян. Абумоўлівался гэта тым, што ў гэты дзень у толькі што здадзены ў эксплуатацыю вытворчы прафілакторый паступілі першыя яго насельнікі – цяляткі ва ўзросце ад нуля да трох месяцаў.

Сапраўды, на фоне астатніх будынкаў малочнатаварнага комплексу “Мікулічы” гэты хлеў выдзяляецца многімі асаблівасцямі, у першую чаргу створанымі найбольш спрыяльнымі ўмовамі як для гадавання і захавання маладняку, так і для працуючых тут людзей. На гэта ў першую чаргу звярнулі ўвагу і госці, якія далі станоўчую ацэнку новаму аб’екту, выказаўшы спадзяванне на тое, што і вытворчыя паказчыкі тут істотна павялічацца. Што ж уяўляе сабой новабудоўля і як доўга яна ўзводзілася?

- Гэты прафілакторый на 200 месцаў для групы цялят 0-3 месяцы быў узведзены ў адпаведнасці з распрацаванай Мінаблвыканкамам праграмай для сельгаспрадпрыемстваў, якія маюць патрэбу ў будаўніцтве падобных прафілакторыяў. Фінансавыя сродкі на будаўніцтва аб’екта выдзяляў барысаўскі філіял “Здравушка-мілк” ААТ “Слуцкі сырзавод”, на які мы пастаянна здаём сваю малочную прадукцыю, - расказаў дырэктар ААТ “Першамайскі” Юрый Касцюк. – Першыя фінансавыя сродкі нам пачалі паступаць сёлета ў  верасні, і з таго часу мы прыступілі да пачатку работ. За аснову праекта ўзялі прафілакторыі, якія выкарыстоўваюцца ў перадавых гаспадарках Слуцкага і Нясвіжскага раёнаў, праўда крыху ўдасканаліўшы некаторыя дэталі з улікам практычнай работы. Так, напрыклад,  фіранкі мы замянілі на звычайныя вокны, што дало памяшканням больш святла. Унеслі і некаторыя іншыя карэктывы. Вынікамі работы мы задаволены.

У цэлым, па словах Юрыя Барысавіча, аб’ект абышоўся прыкладна ў 280 тысяч рублёў, з якіх 200 тысяч – кошт будматэрыялаў. Гэтую суму гаспадарцы давядзецца вярнуць перапрацоўшчыкам малака, але не наяўнымі грашыма, а сваёй прадукцыяй. А тое, што яе павінна стаць больш, не выклікае тут сумненняў. Бо галоўнае – тут створаны сапраўды выдатныя ўмовы для захавання і гадавання цялятак, што не зможа не адбіцца і на наступнай вытворчасці малака ў цэлым.

Задаволены новымі ўмовамі працы і ўтрымання пагалоўя жывёлаводы Анастасія Дзямідовіч і Алена Ермалінская. Менавіта яны будуць даглядаць статак у 200 галоў. Для цялятак створаны ўтульныя клеткі, яны засланы саломай. Прадуманы ўмовы для іх выпайкі і кармлення, выдалення гною. Дапамагаць жанчынам у працы будзе “малочнае таксі” – цялежка на электрычнай батарэі, аснашчаная дазатарам для выдачы неабходнай колькасці малака кожнаму кормніку. Цяляткі пакуль што прывыкаюць да новых умоў паення малаком з устаноўленага вядзерца з соскай. І, відаць, ім такі варыянт прыйшоўся даспадобы. Для самых маленькіх і кволенькіх у прафілакторыі ўстаноўлена пяць лямпаў для дадатковага абагрэву.

Прадугледжаныя ў прафілакторыі бытавыя памяшканні для працаўніц маюць электраабагрэў. Тут ёсць месца для адпачынку і пераапранання, а таксама абсталявана неабходная “кухня” для прыгатавання корму цялятам.

На выпадак вялікай колькасці расцёлаў і перыядаў, калі прафілакторый не будзе здольным прыняць усё нованароджанае пагалоўе, на комплексе яшчэ пакінулі адзін з невялікіх ранейшых прафілакторыяў на 50 месцаў, што пазбавіць ад лішніх праблем.

– Стварэнне належных, больш сучасных умоў утрымання пагалоўя маладняку ў многім будзе садзейнічаць росту захаванасці будучага статка, - дадае Юрый Касцюк. – А гэта адна з важнейшых задач у жывёлагадоўлі, якую ставіць Кіраўнік краіны перад працаўнікамі галіны. Думаю, што з уступленнем у строй гэтага аб’екта праблем падобнага чыну ў нас стане ў разы менш, бо сама па сабе адпадзе праблема паморку або невытворчага выбыцця цялятак.

P.S. Аналагічны прафілакторый для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы гэтымі днямі быў запушчаны таксама і на МТФ “Капланцы” ААТ “Пагосцкі”.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER