Завяршылася гэта работа і ў ААТ “Багушэвічы”. Сёння ў гаспадарцы сфарміраваны чатыры гурты з ліку дойных кароў, два з якіх створаны на базе малочнатаварнага комплексу “Багушэвічы”.
– Выганяць у поле мы пачалі з 27 красавіка, – расказвае загадчыца МТК Святлана Антаневіч. – Спачатку быў адзін гурт, а з 1 мая сфарміравалі і другі. Першы выпасаецца на травяной кормасумесі “кантры”, а другі знаходзіцца на страўліванні азімага жыта. Перад тым, як выпусціць туды жывёлу, участкі гэтыя пабаранавалі і падкармілі. Наогул, імкнёмся захоўваць усе патрабаванні тэхналогіі, трымаемся патрабаванняў франтальнага метаду выпасу.
Жывёлу з хлявоў выганяюць пасля ранішняй дойкі, якая пачынаецца ў шэсць гадзін. На пашу яна трапляе ў 9 і 11 гадзін адпаведна. Кожны гурт на свежым паветры знаходзіцца па восем гадзін, пасля чаго каровы вяртаюцца на ферму для чарговай дойкі. Тут яны дадаткова да з’едзенага на полі атрымліваюць па 10 кілаграмаў кукурузнага сіласу, а таксама па 5 кілаграмаў сенажу і “зялёнкі” са свежаскошанай свірэпіцы. Не забываюць тут і пра камбікармы. Іх даюць па 4 кілаграмы на галаву і па 8 – на групу раздою. Кармавы стол жывёлы не пусцее да самай раніцы.
У створаныя гурты ўваходзіць далёка не ўсё пагалоўе, што ўтрымліваецца на комплексе, дзе налічваецца 836 галоў. Паступова ў яго ўводзяцца цялушкі пасля расцёлу, якім таксама патрабуюцца і прагулкі, і свежы корм. Ды і іншая жывёла таксама мае магчымасць выходзіць з хлявоў у выгульныя дворыкі.
Доглядам кароў на пашы занята пяць пастухоў, адзін з якіх з’яўляецца падменным. Чужых не бралі, усе – работнікі фермы. І пакуль яны знаходзяцца на полі, іх абавязкі па ўборцы стойлаў размеркавалі паміж астатнімі даглядчыкамі. На першым гурце працуюць Міхаіл Няхай і Мікалай Грыбко, на другім – Сяргей Гурын і Валерый Стульба. Для стымулявання іх работы ў гаспадарцы прадугледжаны талоны якасці коштам па 100 рублёў кожны, якія выдаюцца на дэкаду. Астатні заробак пастухоў залежыць ад колькасці надоенага малака. Немалаважана тое, што пастухі штодзень забяспечваюцца гарачымі абедамі. Для таго, каб схавацца ад непагадзі, ёсць неабходныя перасоўныя памяшканні.
Належныя ўмовы створаны і для жывёлы. Яна ў поўнай меры забяспечваецца не толькі травастоем, але і вадой, соллю і мелам. Пра тое, каб у жывёлы пастаянна быў корм, клапоцяцца пастухі, якія перыядычна, па меры страўлівання травы, пераносяць загародку.
Менавіта за такой работай і засталі мы Мікалая Грыбко: ён крочыў уздоўж скормленага ўчастка і скручваў дрот агароджы, каб затым устанавіць электрапастуха на новым, яшчэ не страўленым, месцы. А з другога боку насустрач яму ішоў Андрэй Малахаў, які збіраў штыры ад агароджы. Дарэчы, Андрэй – брыгадзір паляводчай брыгады, і пакуль адзін з пастухоў знаходзіцца на бальнічным, дапамагае з доглядам жывёлы.
– У гаспадарцы я толькі з лютага, – расказвае Мікалай. – Раней таксама працаваў у жывёлагадоўлі. Толькі ферму нашу закрылі, вось і давялося ўладкоўвацца ў суседнім раёне. Я тут ужо не адзіны прадстаўнік Чэрвеньшчыны. Прынялі добра, працы не баюся. Так што ўсё нармальна. Зараз вось будзем адбіваць новы ўчастак загона: трэба ж, каб кароўкі сытыя былі. І хоць травастой тут не вельмі багаты, жывёле хапае: калі б была галодная, не ляжала б. Ёсць усё неабходнае і для нас, і для кароў. Толькі дожджыку не хапае, каб траўка расла. Тады зусім добра будзе.
На тое, што пашавы сезон дасць гаспадарцы рост малака, спадзяюцца і клапоцяцца аб гэтым не толькі пастухі. Ды і тэндэнцыя да павелічэння паказчыкаў да леташняга перыяду пачала назірацца яшчэ да вываду пагалоўя на пашу. А гэтымі днямі на МТК “Багушэвічы” маюць надой на карову 10,3 кілаграма. Так, не вельмі вялікі, але ў параўнанні з леташнімі сямю кілаграмамі – гэта істотны плюс.
Назіраецца і валавы прырост здадзенага дзяржаве малака больш як у тры тоны. Немалаважны той факт, што прадукцыя адсюль паступае толькі класам экстра. А гэта сведчыць аб высокай адказнасці жывёлаводаў за сваю працу.
Нямала тут руплівых гаспадароў. У ліку старанных даярак – Таццяна Калеснікава, Ірына Іванова, Ірына Няхай. На доглядзе цялятак вызначаюцца муж і жонка Барыс Кулеша і Святлана Лебедзева. Ды і астатнія жывёлаводы – людзі тут невыпадковыя, працавітыя.
Як кажуць, куранят па восені лічаць. Думаю, што багушэвіцкім жывёлаводам увосень будзе што запісаць у свой актыў, і паказчыкі гэтыя будуць станоўчымі.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.