Работы заставалася літаральна на дзень-два. Тут аператыўна завіхаліся Аляксандр Міхайлавіч Валасевіч з пасяўным агрэгатам, а абслугоўваў яго, забяспечваючы бесперабойную пастаўку насення, яго калега і цёзка Аляксандр Барысавіч Валасевіч. Гэты творчы тандэм добра вядомы ў гаспадарцы і не раз ужо паказваў сваю зладжанасць і высокія тэмпы работ.
Аляксандр Міхайлавіч Валасевіч
Аляксандр Барысавіч Валасевіч
Астатнія культуры на гэты час ужо былі пасеяны.
– Усяго азімую сяўбу мы правялі на плошчы ў 1020 гектараў, – расказвае дырэктар філіяла Дзмітрый Калацэй. – Гэта не толькі збожжавыя культуры. Так, пачалі мы з высеву азімага рапсу. Пад яго адвялі 240 гектараў з такім разлікам, што 200 – убяром на зерне і 40 – выкарыстаем на зялёны корм. Для гэтай жа мэты прызначаны і 180 гектараў свірэпіцы, а таксама 130 гектараў азімага жыта з вікай. Збожжавы клін складаюць 40 гектараў азімага жыта ў чыстым відзе, 160 гектараў пшаніцы, 70 гектараў трыцікале і 165 – азімага ячменю
(дарэчы, плошчу пад ім мы павялічваем на 45 гектараў у параўнанні з сёлетнім). Усе работы правялі ў аптымальныя тэрміны, пераважнай большасцю ўласным насеннем з дадатковай закупкай эліты і суперэліты ў лепшых насенняводчых гаспадарках. Пасля завяршэння сяўбы стаяць без спраў не будзем. Неабходна ўзнімаць зябліва, уносіць калійныя ўгнаенні і гной. Ды і пастаноўкай тэхнікі на захоўванне трэба займацца, яе рамонтам да наступнага сезона, набыццём запчастак…
Валерый Кунавіч
Акрамя Валасевічаў, на палявых работах – сяўбе, ворыве і падрыхтоўцы глебы – былі задзейнічаны таксама механізатары Валерый Кунавіч, Леанід Драгун, Аляксандр Мешыч і Васіль Булойчык. Іх вопыт, стараннасць, захаванне тэхналогіі, як і граматная работа агранамічнай службы, даюць падставы спадзявацца на тое, што і ўраджай 2024 года ў гаспадарцы акажацца важкім і дастойным. Як бачым, аснова яго закладваецца менавіта гэтымі днямі, у час азімай сяўбы. Пад яравы збожжавы клін у “Оме” запланавана аддаць толькі 245 гектараў. Традыцыйна знойдзецца тут істотнае месца і для кукурузы, пад якую ўжо зараз вывозіцца арганіка. Дарэчы, сёлетні яе ўраджай быў поўнасцю закладзены ў сянажныя траншэі, а два трактары, якія ў той час дастаўлялі здрабнёную масу, зараз працуюць на палетках СУП “АграМАЗ”, дзе аказваюць дапамогу калегам і таксама заняты адвозкай сакавітага корму.
Нельга сказаць наперад, якое надвор’е чакаецца на наступны год і як яно адаб’ецца на будучым ураджаі. Гэта ўжо справа нябеснай канцылярыі. А вось усё тое, што залежыць ад людзей, у сельгасфіліяле зрабілі належным чынам і з відам на вялікі намалот.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.