Лета – сезон «вялікага малака»

Date 20.05.2024 Man
Comment 273
Лета – сезон «вялікага малака»

Вось і наступіў з пачаткам вясенняй пары і росту траў сезон пашавага ўтрымання жывёлы. І калі раней гаспадаркі пагалоўна выганялі кароў на зялёны корм у спадзяванні на істотную прыбаўку малака, то сёння такой магчымасцю карыстаюцца адзінкі сельгаспрадпрыемстваў.

Дакладней, зараз іх у раёне толькі чатыры: ААТ «Пагосцкі», ААТ «Першамайскі», ААТ «Багушэвічы» і ААТ «Уша». Астатнія вытворцы малака на працягу круглага года трымаюць сваё пагалоўе на бяспрывязным утрыманні ў хлявах. У кожнага свой пункт гледжання, у кожнага свая пазіцыя.

Вось што на гэты конт кажа галоўны заатэхнік ААТ «Уша» Зоя Бусел:

– Асабіста я прытрымліваюся думкі аб тым, што жывёла ў летні перыяд павінна знаходзіц-ца на пашы. Гэта не толькі магчымасць харчавацца свежай травой. Акрамя таго, буронкі пастаянна знаходзяцца ў руху і на свежым паветры, аздараўліваюцца, менш становіцца хвароб капытоў, жывёла часцей прыходзіць у ахвоту. Паша ёсць паша. І невялікія прагулкі на выгульных дварах такога эфекту не дадуць.

Акрамя такой аргументацыі спецыяліста прыбегнуць да выпасу жывёлы (а пачаўся ён з 20 красавіка) прымусіў і той факт, што апошні месяц у гаспадарцы былі вымушаны карыстацца прывазнымі кармамі. Таму паша і выхад на яе аказаліся як нельга дарэчы.

Было сфарміравана тры гурты дойных кароў (два ў МТК «Котава» і адзін – на ферме «Восава») і два гурты цялушак. Цялушкі пасуцца кругласутачна на адгонных пашах. А вось дойны статак выганяюць пасля ранішняй дойкі (яна пачынаецца з шасці гадзін і доўжыцца да дзесяці – паловы адзінаццатай) пачаргова двума гуртамі, на пашы яны знаходзяцца да сямі-васьмі гадзін вечара, пасля чаго, зноў жа чародамі, вяртаюцца на фермы. Да новага распарадку жывёла ўжо прывыкла, працэс адаптацыі і пераходу на новыя кармы завяршыўся без урону як для саміх кароў, так і вытворчых паказчыкаў. Яны нават сталі павялічвацца і пакрысе прырастаюць, што дазволіла гаспадарцы ў красавіку па надоях пазбавіцца мінуса і выйсці на мінулагодні рубеж. Сёння сярэднясутачны надой «падрос» на два кілаграмы і складае 12 кг.

У павелічэнні паказчыкаў зацікаўлены і даглядчыкі жывёлы. Іх зарплата напрамую залежыць ад колькасці атрыманага малака, а яшчэ прывязана да такога паказчыка, як выяўленне жывёлы, якая прыходзіць у ахвоту. Даглядаюць чароды на пашы свае ж работнікі ферм, далучаных у іх радах няма, што таксама спрыяе поспеху. Ды і людзі гэта вопытныя, адказныя. Напрыклад, Мікалай Шахрай на ферме даглядчыкам працуе вось ужо каля дваццаці гадоў. Яго напарніца па доглядзе статка Алеся Гайдук – таксама не навічок у жывёлагадоўлі, але сёлетні сезон для яе нібы новы, бо жанчына толькі што выйшла з дэкрэтнага водпуску пасля нараджэння трэцяга дзіцяткі. На дваіх яны даглядаюць 250 галоў. Ёсць і падменны даглядчык – Сяргей Кулеш. Праблем з работай не бачаць, бо электрапастухамі, провалакай для адбіўкі клетак яны забяспечаны. Няма праблем з дастаўкай для жывёлы вады і солі. Так што паказчыкі, разлічваюць яны, павінны быць добрымі.

Такім жа чынам арганізаваны догляд і астатіх гуртоў. Акрамя асноўных даглядчыкаў ёсць і падменныя. На працягу ўсяго пашавага перыяду работнікі, што знаходзяцца на выпасе жывёлы, забяспечваюцца гарачым харчаванем. Наладжаны катроль за ўтрыманнем жывёлы і парцыённым яе кармлені, своечасовай адбіўкай новых клетак.

Зразумела, што да таго корму, які жывёла паспявае атрымаць на пашы, увечары, пасля вяртання ў хлеў, ёй даюць дадаткова яшчэ ўдосталь зялёнай масы. На «зялёнку» ў гаспадарцы пусцілі свірэпіцу. Яе даюць на кармавы стол і іншай жывёле. А дойным каровам у дадатак да гэтага выдаюць па 200 грамаў канцэнтратаў на літр атрыманага малака.

Такім чынам, сапраўды можна разлічваць, што ў ААТ «Уша» настаў перыяд, калі малочная галіна нарэшце зможа пазбавіцца мінуса і пераўзысці мінулагоднія паказчыкі. Раней у некаторай ступені гэтаму перашкаджаў і той факт, што ў гаспадарцы летасць у канцы года была зачынена ўшанская ферма, а пагалоўе, якое там утрымлівалася, было пераве-дзена на іншыя аб’екты. А ёй жа патрэбны быў некаторы час для адаптацыі на новым месцы. Дарэчы, з ліквідацыяй адной з ферм пагалоўе не скарацілася, а лік дойнага статка сёлета нават узрос на 30 галоў.

 Марына Муха і Святлана Мельнічонак

Стараюцца працаваць сёння не толькі тыя людзі, што даглядаюць жывёлу на палетках. Бо па-ранейшаму асноўнымі фігурамі на ферме з’яўляюцца даяркі. На котаўскім МТК згуртаваўся сапраўды зладжаны калектыў з ліку тых, каму за сорак і ў каго, адпаведна, ёсць істотны стаж работы і напрацаваныя навыкі. Зоя Бусел нават адмовілася выдзяляць асабіста кагосьці: кожны заслугоўвае толькі самых шчырых слоў. Тым не менш, ад сябе дадам, што ёсць у калектыва і перспектыва, бо папаўняецца ён маладымі кадрамі. У іх ліку – самая маладзейшая даглядчыца жывёлы Настасся Панцялей, а таксама Вікторыя Ніціеўская, якой ўсяго 22 гады. Ёсць тут і даўнія сямейныя дынастыі. У ліку такіх, напрыклад, адны з лепшых даярак гаспадаркі сёстры Марына Муха і Святлана Мельнічонак.

 

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ. 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER