Аляксандр Салаўёў
На новай пасадзе Аляксандр Салаўёў таксама трымае пад пільным кантролем дзейнасць усіх вытворчых падраздзяленняў гаспадаркі, унікае ў сутнасць праблем і імкнецца знайсці варыянты павышэння прадукцыйнасці працы і яе эканамічнай аддачы.
– Так атрымалася, – расказвае Аляксандр Мікалаевіч, – што родам я з вёскі Сасновае Балота, тутэйшы. І вось па волі лёсу праз дваццаць гадоў працы мне давялося вярнуцца на сваю малую радзіму. А гэта накладвае на мяне свой адбітак у імкненні зрабіць як мага больш. Дапамагае ў гэтым і ўпэўненасць у сваіх сілах. А тое, што я знаходжуся на правільным шляху, пацвярджаюць і першыя вынікі маіх намаганняў.
Сапраўды, ААТ «Першамайскі» адным з першых у раёне завяршыў азімую сяўбу і ўборку кукурузы – адаведна да 1 і 10 кастрычніка. Сёння тут заняты ворывам зябліва, падкоскай шматгадовых траў для падрыхтўкі палеткаў да зімы, уносяць мінеральныя і арганічныя ўгнаенні, поўнасцю падрыхтавалі да халадоў жывёлагадоўчыя памяшканні і завяршаюць работы па пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне.
– У цэлым усю зерневую групу мы пасеялі па тэхналагічным рэгламенце і ў аптымальныя тэрміны. Яе складаюць стандартныя пшаніца, трыцікале і ячмень. – расказвае Аляксандр Салаўёў. – Да таго ж, пасеялі 75 гектараў жыта на зерне, у тым ліку і для таго, каб выканаць дзяржзаказ па гэтай культуры. Усяго ворыва ў гаспадарцы тры тысячы гектараў. З іх 1500 – занялі азімыя збожжавыя культуры, 300 гектараў рапсу, 800 гектараў увесну зойме кукуруза. Астатняе плануем аддаць пад яравую сяўбу. Сеяць будзем авёс, ячмень, яравую пшаніцу (яе зараз мала хто высявае, а я па мінулым вопыце ведаю, што дае яна па 60 і больш цэнтнераў з гектара). Аднак з часам плошча пад пасевы будзе павялічана. Адбудзецца гэта за кошт увядзення ў севазварот ужо ў 2025 годзе часткі меліяраваных зямель, якія доўгі час не выкарыстоўваліся. Зараз вядзецца іх разворванне, гэта работа праведзена на плошчы 60 гектараў і працягваецца далей.
Мяркуем пад яравую сяўбу набыць патрэбнае высакаякаснае насенне, як гэта было і падчас азімай сяўбы. Тады мы пасяўныя плошчы забяспечылі на 70 працэнтаў элітай, поўнасцю выключыўшы з ужытку масавыя рэпрадукцыі насення. Унеслі дастаткова калійных і фосфарных угнаенняў. Паспяхова ўклаліся ў аптымальныя тэрміны правядзення кампаніі. А гэта, у спалучэнні з выкананнем усіх тэхналагічных патрабаванняў, дае падставы разлічваць у будучым годзе на добры ўраджай. Лічу, што нам рэальна выйсці на ўраджайнасць у 30 цэнтнераў з гектара. Да таго ж, і мікуліцкія землі даволі ўрадлівыя: сярэдні бал гектара тут складае 33 адзінкі.
Прыкметныя перамены ў гаспадарцы адбыліся і ў галіне жывёлагадоўлі. Прывядзём лічбы. Калі летась на гэтыя дні сярэднясутачны надой на карову складаў менш за 9 кілаграмаў, то зараз ён вырас да 14-ці. Павялічыўся адпаведна і паказчык рэалізацыі прадукцыі: з 5,2 да 8,57 тоны малака. Паступова вядзецца работа па аднаўленні статка з такім разлікам, каб на 1 студзеня 2025 года выйсці па гэтым параметры «на нуль». У гаспадарцы добра разумеюць, што прадукцыя жывёлагадоўлі – галоўны і найпершы фактар папаўнення казны, таму гэтай галіне адводзіцца першачарговае значэнне. Кармленне жывёлы стала больш збалансаваным, у яго дадаюцца шроты і патака. Ды і па выніках сезона нарыхтоўкі тут заклалі па 35,1 цэнтнера кармавой адзінкі травяністых кармоў, што аказалася на 7,11 больш леташняга і складае паўтарагадовы запас.
– Такім чынам, – працягвае Аляксандр Мікалаевіч, – наступны год мы пачнём не з пустога аркуша. А расці і імкнуцца да больш істотных паказчыкаў, трапіць у лік лідараў жніва жаданне ёсць. Магчымасці таксама. Галоўнае, што такую пазіцыю падзяляюць і члены нашага калектыву. Людзі тут працавітыя і не раз даказвалі, што яны – сапраўды руплівыя і адказныя працаўнікі на роднай зямлі. Не буду сёння называць асобныя прозвішчы, бо кожны заслугоўвае толькі шчырых слоў падзякі за свае намаганні, дзе б ён ні працаваў – на ферме, на трактары, у майстэрні або на пасадзе спецыяліста. Усім ім – вялікі дзякуй!
І ўсё ж, пра некалькі чалавек мы не можам не расказаць. У кагосьці з іх – вялікая жыццёвая дарога, а хтосьці толькі пачынае яе ў гэтым сельгаспрадпрыемстве.
Калі гаворка зайшла пра меліяраваныя землі і работу па іх уцягненні ў севазварот, мы адправіліся на поле, дзе на энерганасычаным трактары з цяжкімі балотнымі плугамі шчыраваў механізатар Мікалай Аўсянскі. За яго трактарам палоска перавернутай плугамі чорнай зямлі станавілася ўсё больш і больш шырокай. Ужо налета тут замест шматгадовых малаўраджайных траў будуць пасаджаны зерневыя культуры. А значыць, каравай гаспадаркі акажацца больш важкім. Не першы год механізатар заняты сваёй любімай справай, таму і давяраюць яму адказныя ўчасткі і ведаюць, што справу ён выканае якасна.
– Сёлета восень дае магчымасць не спыняць ворыва, – гаворыць Мікалай Аўсянскі. – Буду працаваць да маразоў і мяркую паспець заараць яшчэ не адзін дзясятак гектараў. А ў будучым годзе будзе прыемна паглядзець, як тут спее ўраджай.
Мікалай Аўсянскі
Ветэранам працы з’яўляецца і Алена Жаўняровіч. Больш за 30 гадоў аддала яна жывёлагадоўлі. Зараз даглядае цялятак і ў гэтай справе лічыцца адной з лепшых, бо яе гадаванцы прыбываюць у суткі амаль што па кілаграму.
Алена Жаўняровіч
Сустрэліся мы і з двума маладымі спецыялістамі, якія сёлета прыбылі ў «Першамайскі». Па-першае, гэта галоўны эканаміст гаспадаркі Крысціна Крываносава, выпускніца Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Родам яна з Крычава, а на Бярэзіншчыну трапіла па размеркаванні. Першым рабочым месцам дзяўчына задаволена: прынялі тут добра. Ды і жыллёвае пытанне вырашана: атрымала пакой у інтэрнаце ў Беразіно. А на работу дастаўляе транспарт сельгаспрадпрыемства.
Крысціна Крываносава
Другому сёлетняму маладому спецыялісту ездзіць нікуды не трэба, бо Валерый Шукан – чалавек мясцовы, у гаспадарцы ж працуе і яго бацька – механізатарам. Валерый – адукаваны інжынер, але іншы раз (для таго, каб аказаць дапамогу гаспадарцы, а заадно і павялічыць рахунак) садзіцца за руль трактара і паспеў ужо добра праявіць сябе на выкананні розных відаў асенніх палявых работ.
Валерый Шукан
Так, абнаўляецца вёска кадрамі, з упэўненасцю глядзіць у дзень заўтрашні. А для таго, каб быў ён больш шчаслівы і зажытачны і прыкладаюцца штодзённыя намаганні, вядзецца руплівая праца, закладваецца падмурак будучых высокіх паказчыкаў.
*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.