Калі шанцуе на людзей

Date 29.11.2024 Man
Comment 593
Калі шанцуе на людзей

Філіял сельскагаспадарчае прадпрыемства «Арэшкавічы» ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» не мае патрэбы ў дадатковай рэкламе і асаблівым прадстаўленні, бо яго штогадовыя поспехі і дасягненні рэгулярна бываюць у цэнтры ўвагі як калектыву працавітага, мэтанакіраванага, эканамічна моцнага, які займае лідзіруючае становішча ў раёне па вытворчых паказчыках.

Прывядзём у пацвярджэнне таму толькі два факты. Так, па выніках работы за 2023 год сельгаспрадпрыемства занесена на раённую Дошку гонару, а па завяршэнні сёлетняга жніва ўпэўнена заняло першае месца ў раённым спаборніцтве (па выніках кампаніі тут атрымалі на круг па 44,3 цэнтнера, прыбаўка склала 8 цэнтнераў да леташняга, пры сярэднераённым паказчыку 27,1 цэнтнера з гектара) і з’яўлялася гасцінным гаспадаром раённых дажынак. Дасягнуты высокі вынік падмацоўваецца і іншымі поспехамі ў планамернай рабоце па нарошчванні эканамічнага патэнцыялу філіяла.

Сёння, калі чарговы год ужо на зыходзе і ўсе асноўныя сельскагаспадарчыя работы завершаны (вядзецца толькі ворыва зябліва), можна падвесці папярэднія вынікі сёлетняй працы, якія пераконваюць у тым што і бягучы год для «Арэшкавіч» складаецца станоўча. Галоўны паказчык таму – той факт, што філіял зноў будзе з прыбыткам.

Што з’яўляецца яго складальнікамі?

Па-першае, гэта 2524 тоны намалочанага збожжа. Налета яго павінна быць не менш, бо ў гаспадарцы ўжо зроблены трывалы задзел для таго, каб на круг атрымаць не менш як па 50 цэнтнераў з гектара.

Па-другое, – багатая кармавая база, якая забяспечвае яе паўтарагадовы запас і складае 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У кармавую базу сёлета добра ўпісалася і амаль 700 тон зерня кукурузы (яго ўраджайнасць склала 64 цэнтнеры з гектара).

Папяхова завяршае год і жывёлагадоўчая галіна. Яе пагалоўе складае 1700 галоў, у тым ліку 500 кароў. Сёння ў гаспадарцы сярэднясутачны надой складае крыху больш за 19 кілаграмаў, прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы – 580 грамаў. У параўнанні з мінулым годам па гэтых паказчыках ёсць плюс, як і ў цэлым у атрыманні валавой прадукцыі. Дарэчы, па выніках года тут плануюць (і для гэтага ёсць усе абгрунтаваныя падставы) выйсці на сярэдні ўдой малака ад каровы ў 7000 кілаграмаў. У сувязі з тым, што ў «Арэшкавічах» адзначаны самы высокі ў раёне паказчык па колькасці пагалоўя БРЖ на 100 гектараў сельгасугоддзяў, тут існуе патрэба ў павелічэнні плошчаў пад кармавымі і збожжавымі культурамі. Станоўча вырашаеццыа і гэтая праблема: за апошнія пяць гадоў толькі ворных зямель тут стала 1584 гектары замест ранейшых 1047, лік, такім чынам, вырас на трэць.

На маё пытанне, у чым жа крыецца сакрэт поспеху гаспадаркі, яе кіраўнік Сяргей Счасны адказаў, што ён у вытворчай дысцыпліне, строгім захаванні тэхналогіі і тэхнічнай аснашчанасці сельгаспрадпрыемства. Але пры гэтым, падкрэсліў ён, галоўным з’яўляюцца самі працаўнікі і іх старанныя адносіны да даручанай справы. Менавіта яны – гарант поспеху любой справы і толькі ад іх залежыць, наколькі эфектыўнымі акажуцца ўсе прыкладаемыя намаганні.

І гэта не толькі тыя вадзіцелі і механізатары (а іх было шасцёра), якія па выніках жніва дасягнулі высокага звання тысячніка. Нагадаем іх прозвішчы. Гэта камбайнеры – бацька і сын Васіль і Уладзіслаў Рашоткі, Дзмітрый Шклейнік і Віталь Лобач, вадзіцелі на адвозцы збожжа Віктар Лучына і Павел Ермаловіч.

Аляксандр Аўчыннікаў

Старанна гэтымі днямі працуе механізатар Аляксандр Аўчыннікаў. Шосты год праяўляе ён сваю працавітасць у гаспадарцы. Вось і сёлетняй восенню яго энерганасычаны трактар быў заняты на ворыве, культывацыі, раскідванні арганікі. Сам ён родам з Брадца, у сельскай гаспадарцы не навічок, бо звыш 10 гадоў працаваў на такой жа тэхніцы ў суседнім Чэрвеньскім раёне і па волі лёсу аказаўся ў Арэшкавічах, адкуль родам і яго суджаная – работніца паштовай сувязі. І ўмовы працы, і тэхніка, і дружны калектыў прыйшліся даспадобы Аляксандру, таму і справы ў яго руках заўсёды ідуць спорна.

Андрэй Смычок

Аналагічным энеранасычаным трактарам кіруе і Андрэй Смычок. Усяго другі год, як уліўся ён у тутэйшыя рады. Пачынаў з работы на ферме, дзе абслугоўваў пагрузчык. А зараз пад яго кіраваннем МТЗ-3522, на якім увосень спачатку займаўся сяўбой азімых, а гэтымі днямі завяршае ворыва зябліва. Як паказала практыка, падуладны яму і збожжаўборачны камбайн, што паказала сёлетняе жніво. На работу дабіраецца з Беразіно транспартам гаспадаркі і не лічыць такі варыянт перашкодай для сябе і працы. Тым больш, што ён – не адзіны член калектыву, які пражывае па-за межамі Арэшкавіч.

Вольга Хаметшына

Да гэтай катэгорыі адносіцца і жыхарка вёскі Журоўка Вольга Хаметшына. Яна – аператар па доглядзе маладняку перыяду нуль – тры месяцы. Разам з мужам Іванам Блізнюком яны абслугоў-ваюць зараз 220 галоў. У жывёлагадоўлі жанчына больш за 20 гадоў. Раней, да закрыцця, працавала на мясцовай ферме, была і даяркай, усе тонкасці прафесіі ведае добра, таму і вынікі работы ў яе высокія: сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе па яе групе дасягаюць 800 грамаў. Адтуль жа, з Журоўкі, перацянула за сабой і сваю сяброўку Таццяну Гамеза, якая працуе падменнай даяркай. Вольга аказалася даволі гаваркім суразмоўцам і з захапленнем расказвала пра работу і сваіх гадаванцаў, якія, і гэта было адразу відаць, адказваюць ёй узаемнай любоўю. Сама яна мнагадзеная маці – гадуе чацвярых дзяцей. Старэйшая дачка, не без гонару адзначыла яна, у дзень выбараў Прэзідэнта, 26 студзеня 2025 года, будзе адзначаць 30 гадоў. Ну і як жа ў такі дзень не схадзіць прагаласаваць за будучыню сваіх дзяцей і аддаць голас за дастойнага кандыдата?

Марыя Шклейнік

Таксама мнагадзетнай аказалася і Марыя Шклейнік. Яна – адна з аператараў машыннага даення малочна-даільнага блока, які абслугоўваюць яшчэ Жанна Хаткевіч і ўзгаданая раней Таццяна Гамеза. Высокім надоям, адзначае яна, садзейнічаюць не толькі іх майстэрства, а і належныя ўмовы ўтрымання жывёлы і багаты, граматна сфарміраваны рацыён. Хоць сама жанчына з’яўляецца сельскай жыхаркай, мае ў Беразіно кватэру, якую пабудавала па льготным крэдыце. Туды з часам, гаворыць яна, перабяруцца дзеці. А пакуль што дачка ў Віцебску набывае спецыяльнасць ветурача, сын завяршае вучобу ў аграр­на-тэхнічным універсітэце на інжынера, а яшчэ адной дачушцы ўсяго пяць гадоў.

Дарэчы, пры сына Марыі ШклейнікВіталя Лобача вельмі цёпла адзываўся дырэктар сельгасфіліяла Сяргей Счасны. Нягледзячы на тое, што ён яшчэ студэнт, паспеў ярка праявіць сябе як выдатны працаўнік і будучы інжынер. Так, летам ён адрамантаваў старэнькі збожжаўборачны камбайн, паспяхова працаваў на ім на ўборцы спачатку рапсу, а потым і збожжавых, стаў камбайнерам-тысячнікам. Калі ж прыйшла пара нарыхтоўкі кукурузы, ён адзін убіраў яе на зерне і намалаціў амаль 700 тон. Дастойная змена расце, такім кадрам у гаспадарцы заўсёды рады.

Нельга не сказаць некалькі слоў і пра аднаго з ветэранаў сельгасфіліяла. Гэта загадчыца малочна-таварнага комплексу Наталля Андрыевіч. Толькі на год меншы яе стаж у «Арэшкавічах», чым у дырэктара. За гэты час паміж імі стварыўся надзейны працоўны тандэм, які дазваляе Сяргею Іванавічу быць спакойным за справы ў жывёлагадоўлі. Жанчына дасканала ведае не толькі саму вытворчасць, а і кожнага з падначаленых ёй работніка, ведае, чым жыве кожны з іх, заўсёды знойдзе патрэбнае слова падтрымкі. У адрозненне ад мужа, які раней працаваў тут механізатарам і зараз знаходзіцца на пенсіі, ісці на заслужаны адпачынак не спяшаецца, нягледзячы на ўзрост: не дазваляе ёй зрабіць гэта адказнасць за давераны ўчастак, ды і пакуль што годнага пераемніка знайсці не ўдаецца.

Так, людзі ў любым калектыве з’яўляюцца яго асновай. І тое, наколькі яны працавітыя, згуртаваныя і дружныя (а гэта ў многім залежыць ад правільнага імі кіравання) напрамую ўплывае на вынік іх агульных намаганняў. Філіялу «Арэшкавічы» ў гэтым плане вельмі пашанцавала.

*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER