У цэлым, адзначыў ён, за справаздачны перыяд нам удалося дасягнуць некаторых поспехаў, але ёсць і недапрацоўкі. Перш за ўсё Аляксей Аляксеевіч звярнуў увагу на колькасць пагалоўя буйной рагатай жывёлы. На канец года яе налічвалася 28027 галоў, або на 1142 менш. Такім чынам, узроўню папярэдняга года дасягнуць нам не ўдалося. Толькі тры гаспадаркі змаглі нарасціць свае статкі: ААТ «Брадзец» (на 25 галоў), СУП «АграМАЗ» (на 368) і «Здравушка-агра» (на 1 галаву).
Аналагічнае становішча і з колькасцю кароў. Да папярэдняга года іх лік скараціўся на 168 і склаў 10272 галавы (98,4 працэнта). Пры гэтым даведзенае заданне выканалі ўсе сельгаспрадпрыемствы, за выключэннем СУП “АграМАЗ”. Хоць іх колькасць і ўзрасла на 4 галавы, гэта не дало магчымасці выйсці на даведзены паказчык. Не істотна (на 8-9 галоў) павялічылі пагалоўе кароў ААТ “Першамайскі”, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” і сельгасфіліял “Арэшкавічы”. А вось такія гаспадаркі, як ААТ “Багушэвічы” і ААТ “Пагосцкі” названы паказчык знізілі адпаведна на 92 і 97 адзінак.
За мінулы год валавая вытворчасць малака па раёне склала 48088 тон. Лічба, здавалася б, значная. Але яна складае толькі 98,7 працэнта да ўзроўню 2023 года: для таго, каб выйсці на “нуль”, гаспадаркі не дабралі ўсяго 133 тоны прадукцыі. А гэта – надой аднаго дня. Вельмі крыўдны вынік, якога можна было пазбегнуць. Відаць, адбіўся той факт, што такія гаспадаркі, як ААТ “Пагосцкі” і ААТ “Багушэвічы” істотна знізілі сваю прадуктыўнасць да папярэдняга года. Не выйшла на гэты ўзровень і ААТ “Брадзец”, не дабраўшы ўсяго два працэнты. А вось з прыбаўкай папрацавалі ў ААТ “Першамайскі” (да ўзроўню 2023 года тут атрымана 116 працэнтаў малака), ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” (105%), СУП “АграМАЗ” (104%), СУП “Здравушка-агра” (124%), а таксама сельгасфіліял “Арэшкавічы” і ААТ “Уша” з аднолькавым вынікам у 105%.
За мінулы год ад кожнай каровы было атрымана ў сярэднім па 4667 кілаграмаў малака. Гэта вышэй узроўню 2023 года на 41 кілаграм. Бясспрэчнымі лідарамі тут з’яўляюцца СУП “АграМАЗ” і сельгасфіліял “Арэшкавічы”. Уявіце сабе: першаму з іх не хапіла толькі 31 кілаграма, каб адолець паказчык у 8000 кілаграмаў, а другому – 43 кг да сямітоннага рубяжа.
Высокімі надоямі і істотным плюсам парадавалі таксама ААТ “Першамайскі”, дзе надой дасягнуў 4754 кілаграмы пры прыросце прадукцыі ў 664 кілаграмы, і СУП “Здравушка-агра”, дзе ад кожнай рагулі надаілі па 4726 кілаграмаў малака, за год палепшыўшы паказчык на 916 кілаграмаў.
Сапраўдныя ўзоры атрымання высокага малака дэманструюць калектывы асобных ферм сельгаспрадпрыемстваў. Так, васьмітысячны рубеж надою на карову для працаўнікоў МТК “Дулебы” СУП “АграМАЗ” – ужо не паказчык. Тут ужо ўшчыльную наблізіліся да паказчыка ў 10 тысяч кілаграмаў сыравіны, атрымаўшы за год па 9810 кілаграмаў. Пры гэтым прырост склаў 1420 кг. Па 8854 кілаграмы ад каровы (плюс склаў 669 кг) атрымалі і на МТК “Васілеўшчына” гэтага ж сельгаспрадпрыемства. Трэці радок па важкасці атрыманага надою трымае МТФ “Перавоз” сельгасфіліяла “Ома” – 7962 кілаграмы. Шкада толькі, што на гэтай ферме змінусавалі на 268 кілаграмаў да ўзроўню папярэдняга года.
У супрацьвагу названым гаспадаркам можна назваць ААТ “Пагосцкі”, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” і ААТ “Багушэвічы”, дзе ніводная з ферм не змагла дасягнуць паказчыка ў 4000 кілаграмаў малака. Вось такія кантрасты.
За 2024 год рэалізацыя малака дасягнула 43488 тон, што склала 100,2 працэнта. Найбольш паспяхова тут выглядаюць СУП «Здравушка-агра» з паказчыкам 125%, ААТ «Першамайскі» (118%), сельгасфіліял «Арэшкавічы» (106%), ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс» (109%), ААТ «Уша» (103%) і СУП «АграМАЗ» (104%). Крыўдных 0,03 працэнта не хапіла для дасягнення ўзроўню 2023 года жывёлаводам ААТ “Брадзец”. А ў ААТ “Пагосцкі” і ААТ “Багушэвічы” адставанне значна больш істотнае: прадукцыі рэалізавана адпаведна ўсяго 78 і 88 працэнтаў.
У некаторай ступені паказчык рэалізацыі малака залежыць ад ўзроўню яго таварнасці. У сярэднім па раёне яна складае 90,5 працэнта. Больш высокі вынік паказалі ААТ “Брадзец” (92,2%, плюс 1,9), СУП “Здравушка-агра” (92,3%, плюс 0,8), сельгасфіліял “Арэшкавічы” (91,5%, плюс 1,2) і СУП “АграМАЗ” (91,7%, плюс 0,5). Сярэднераённы ўзровень (90,5%) мае ААТ “Пагосцкі”, не дасягнулі яго сельгасфіліял “Ома”, ААТ “Уша” і ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”.
Паказчыкам дабраякаснай работы галіны з’яўляецца не толькі колькасць атрыманай і рэалізаванай прадукцыі. Вельмі важным фактарам тут з’яўляецца і яе якасць, якая напрамую ўплывае на фінансавы стан гаспадарак, папаўненне іх казны. Найбольш прыбытковым у гэтым плане з’яўляецца малако класа “Экстра”. Рэалізаваў яго ўсе сто працэнтаў толькі сельгасфіліял “Ома”. У СУП “АграМАЗ” гэты паказчык складае 81,2 працэнта, у сельгасфіліяла “Арэшкавічы” – 61,6, у ААТ “Першамайскі” 59,1, у ААТ “Брадзец” – 57, у ААТ “Уша” 56,4 працэнта. А вось СУП “Здравушка-агра” малака класам “Экстра” рэалізавала толькі 41 працэнт, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” – 21, ААТ “Багушэвічы” – 16,9, ААТ “Пагосцкі” – наогул ні тоны. Некаторыя гаспадаркі (найбольш часта тут вызначаюцца ААТ “Пагосцкі” і ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”) частку сваёй прадукцыі здаюць наогул першым сортам. На розніцы ў цане за мінулы год сельгаспрадпрыемствы недаатрымалі каля 278 тысяч рублёў. У прыватнасці, ААТ “Багушэвічы” - 57,9, ААТ “Брадзец” - 9,8, ААТ “Першамайскі” - 5,7, ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” – 15,1тысячы рублёў, а ААТ “Пагосцкі” – наогул 190 тысяч! Але ж грошы лішнімі ні ў каго быць не могуць.
За справаздачны перыяд у раёне атрымана 9551 тона прадукцыі вырошчвання (100,6% да 2023 года). Найбольш паспяхова тут справы склаліся ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” (атрымана 326 тон, або 118,5%), ААТ “Брадзец” (526 тон, або 109%), СУП “АграМАЗ” (1290 тон, або 108%) і ААТ “Уша” (289 тон, або 106,9%). І наадварот, не здолелі выйсці на паказчык 2023 года ААТ “Пагосцкі” (82%, недабор прадукцыі склаў 139 тон), ААТ “Першамайскі” (адпаведна 86% і мінус 33 тоны), а таксама СУП “Здравушка-агра” з паказчыкам 99,9%, дзе недабор склаў усяго… 6 цэнтнераў.
Прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы. Іх па выніках года атрымана 4120 тон, або 102,2 працэнта. І тут найбольш станоўча паказалі сябе такія гаспадаркі, як СУП “АграМАЗ”, СУП “Здравушка-агра”, ААТ “Брадзец”, якія маюць не толькі істотныя сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе БРЖ, а і іх рост да 2023 года. Пахваліцца гэтым жа, на жаль, не могуць жывёлаводы ААТ “Пагосцкі”, ААТ “Першамайскі” і сельгасфіліяла “Ома”.
Наогул, як адзначыў Аляксей Шалай, кармленню жывёлы павінна надавацца асаблівая ўвага, бо яно ўплывае як на ўзровень прыбаўленняў у вазе, так і на атрыманне малака. Заўважана: «падзенне» малака адбываецца на тых фермах, дзе ёсць перабоі з камбікармамі, не завезлі шроты або адкрылі новую сянажную траншэю і на кармавы стол з-за гэтага трапілі няякасныя кармы. Падобных фактаў трэба пазбягаць. Рацыён жывёлы павінен быць паўнацэнным. У ім павінны прысутнічаць як канцэнтраты, так травяністыя і грубыя кармы.
Страчваць малако сёння, на самым пачатку года, калі ў гаспадарках з восені назапашана дастаткова кармоў, нельга. У падобным выпадку раёну не адолець пастаўленую на 2025 год задачу - выйсці па надоі малака на карову на 5 тысяч літраў па кожнай асобнай гаспадарцы.
У галіне атрымання сярэднясутачных прыбаўленняў БРЖ – не менш адказнае заданне: атрымаць іх не менш як па 700 грамаў ад кожнай галавы. Неабходна таксама выканаць заданні па росце пагалоўя кароў, атрыманні прыплоду і г.д. Задачы сур’ёзныя. Таму і падыходзіць да іх вырашэння ў спадзяванні на поспех таксама неабходна сур’ёзна, удумліва і адказна.
З аналізам работы па захаванні пагалоўя выступіла начальнік Бярэзінскай ветэрынарнай станцыі Марына Самец.
У ходзе нарады былі заслуханы справаздачы некаторых спецыялістаў гаспадарак з інфармацыяй аб існуючых недапрацоўках і прымаемых мерах па іх ухіленні.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.