Дзіна часта прыходзіла дапамагчы матулі, а з часам і сама папоўніла рады жывёлаводаў. Пачынала з загоншчыцы, затым, атрымаўшы адпаведны дыплом, стала асемянатарам. Даводзілася і фермай кіраваць – была гады два загадчыцай брадзецкага МТК-1. Пасля выхаду з дэкрэтнага водпуску жанчыну прызначаюць кіраваць МТФ «Месціна».
Пачынала дзейнасць на новым месцы з арганізацыі добра пабудаванай калектыўнай работы ўсяго калектыву. На гэта пайшло два гады. І сёння Дзіна Генадзьеўна задаволена вынікамі: ферма з плюсам завяршыла мінулы год, цяперашняя прыбаўка складае 2,8 кілаграма пры сярэднясутачным надоі – 14 кг (два гады назад тут даілі толькі па 10 кг).
У жывёлагадоўлі дробязей няма. Таму нямала часу і ўвагі надае Дзіна Генадзьеўна працы і захаванню парадку. У гэтым сціслым графіку знаходзіць яна час і на сям’ю, і вядзенне ўласнай гаспадаркі. Разам з мужам-механізатарам яны гадуюць чацвярых дзетак. Двое з іх ужо набываюць спецыяльнасці: дачка стане работнікам лясной галіны, сын – будаўніком. Яшчэ адзін вучыцца ў сёмым класе, самаму малодшаму толькі чатыры гады. Атрымаўшы субсідыю, Цялюкі, як мнагадзетная сям’я, пабудавалі ў Беразіно кватэру, але пакідаць дом у Брадцы не плануюць, жыллё ў горадзе дастанецца дзецям. Муж і жонка руплівыя гаспадары ўласнага падворка, на якім утрымліваюць двух парсюкоў і больш як 30 курэй.
– Для мяне, як маці, галоўнае – павага дзяцей, іх дапамога, каб выраслі яны годнымі людзьмі і былі шчаслівымі, – дзеліцца думкамі жанчына. – І, канечне ж, каб у сям’і заўсёды панавалі лад і згода, а жыццю спадарожнічала моцнае здароўе. Усё астатняе лічу другарадным.
На першы план ставіць уласнае здароўе і здароўе членаў сям’і і Алена Сяргееўна Фядосава – таксама мнагадзетная матуля. Яна гадуе траіх дзетак. А працуе тут жа, на МТФ “Месціна”, асемянатарам.
Перабраліся на Бярэзіншчыну ў канцы 2009 года з Клічаўскага раёна. Па першым часе муж узначальваў будаўнічую брыгаду, яна – ферму Гара. Жывуць у Брадцы, дзе за кошт мацярынскага капіталу набылі дом.
За сваё жыццё Алене Сяргееўне не раз даводзілася асвойваць новыя прафесіі. Пасля школы вучылася на мадэльера-канструктара і дызайнера адзення. Толькі прымянення дыплому так і не знайшлося. Акрамя таго, што была загадчыцай фермы, Алена Фядосава паспела папрацаваць бухгалтарам, сакратаром-справаводам, прадаўцом. І з часам вярнулася да абавязкаў асемянатара – спецыяльнасці, якую набыла яшчэ ў маладосці.
На месцінскай ферме жанчына працуе са студзеня 2023 года. Ведае, што ад яе работы ў многім залежыць узровень надояў і іх рост. А ён на ферме ёсць, ды і па выніках мінулага года колькасць асемянёных жывёл тут узрасла да папярэдняга перыяду.
Няпроста іншы час даводзіцца ёй сумяшчаць прафесійныя абавязкі з сямейнымі клопатамі. Да таго ж, муж-вадзіцель працуе вахтавым метадам, дома не бывае па два тыдні. Добра, што разам пражывае яе матуля – надзейны тыл і штодзённая падтрымка. Таму хлапчукі-школьнікі пад наглядам бабулі, а старэйшая дачка ўжо вучыцца ў медыцынскім каледжы. Хочацца, каб усе яны сталі добрымі людзьмі, стараннымі працаўнікамі і трывалай апорай у старасці.
Што яшчэ больш патрэбна жанчыне для шчасця?
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.