І здабыткі на гэтым шляху ёсць. Так, па выніках мінулага года тут было надоена па 4754 кілаграмы малака на карову, што аказалася на 664 кг вышэй паказчыка 2023 года. З прыбаўкай тут папрацавалі ў студзені і лютым. Зараз тут атрымліваюць па 16,6 кілаграма прадукцыі, у рэалізацыю штодзень паступае да 10 тон малака. Што адметна – выключна класам «Экстра».
Сярод тых, хто ўносіць важкі ўклад у гэтыя дасягненні, кіраўнік гаспадаркі Аляксандр Салаўёў называе сваю гвардыю спецыялістаў галіны – ветурача Лілію Дзягцяр, заатэхніка Тамару Карповіч і загадчыцу МТФ Людмілу Вольхіну. Усе яны, працягвае Аляксандр Мікалаевіч, нягледзячы на тое, што знаходзяцца на заслужаным адпачынку, дружна прыйшлі на падмогу і шчодра дзеляцца сваім багатым вопытам практычнай работы, які назапасілі не за адзін дзясятак гадоў працы.
Так, Тамара Рыгораўна Карповіч сваю вытворчую біяграфію пачала яшчэ ў 1980 годзе, калі прыйшла ў тагачасны саўгас «Баравіно» пасля заканчэння Віцебскага ветінстытута. На заслужаным адпачынку пабыць давялося нядоўга. Спачатку з недаверам успрыняла прапанову вярнуцца да выканання сваіх абавязкаў, а зараз пераканалася, што правільна зрабіла, даўшы такую згоду. Працаваць падабаецца, нягледзячы на тое, што Аляксандр Салаўёў добра ведае жывёлагадоўчыя справы і абхітрыць або падмануць яго – дарэмная справа. Справядліва ён ставіцца і да людзей, можа і спытаць строга, калі таго заслужыш.
– Ды і я таксама не змагла праігнараваць прапанову выйсці на работу, – уступае ў гутарку Лілія Антонаўна Дзягцяр, – хоць вось ужо дзесяць гадоў на заслужаным адпачынку і апошнія восем месяцаў сядзела дома. А тут спецыяліст пайшла ў дэкрэт, вось на час водпуску і папрацую. Ды і Аляксандра Мікалаевіча ведаю ўжо добрых 25 гадоў па ранейшай сумеснай рабоце. Як тут было адмовіць? Таксама не шкадую аб сваім рашэнні.
Трэцім «аксакалам» гэтай кагорты ветэранаў з’яўляецца Людміла Аляксандраўна Вольхіна. Родам яна з Пухавіцкага раёна. У свой час ужо працавала ў «Першамайскім». Апошнім часам жыла ў Беразіно. Але неўзабаве пераселіцца ў Мікулічы ў дом, які выдзеліла ёй гаспадарка. Дарэчы, Людміла Аляксандраўна – не адзіная тут прадстаўніца сямейнай дынастыі. Да нядаўняга часу працавала на ферме лабарантам і яе дачка, якая зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску.
Што ж, з такім «залатым запасам» спецыялістаў можна разлічваць на поспех у справе, бо вельмі важным фактарам заўсёды з’яўлялася згуртаванасць калектыву і яго нязломны камандны дух.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.