Аптымісты не здаюцца!

Date 07.03.2025 Man
Comment 148
Аптымісты не здаюцца!

Менавіта такое крэда нясе па жыцці цялятніца ААТ “Першамайскі” Іна Анатольеўна Макоўская. А перажыць ёй давялося нямала. Адна са страт – любімы муж. Яго смерць і прымусіла жанчыну памяняць месца жыхарства і пераехаць на Бярэзіншчыну са Слуцкага раёна, дзе яна працавала загадчыцай фермы адной з гаспадарак. Адразу да дачкі, а потым перасялілася ў асобны дом, які выдзеліла сельгаспрадпрыемства.

– У жывёлагадоўлі я з 18 гадоў, – расказвае жанчына. – Пачынала даяркай. І вось ужо больш за 35 гадоў у гэтай галіне. Працавааць з жывёлай вельмі падабаецца. Асабліва з цяляткамі. У мяне група догляду да трох месяцаў. Звычайна ў ёй ад 80 да 100 галоў. За суткі прыбываюць у сярэднім на 800 грамаў. Лічу, што някепскі паказчык. Дасягаю яго за кошт захавання тэхналогіі кармлення, збалансаванага рацыёну, кантролю за тым, каб былі яны своечасова накормлены і напоены, нібы дзеці, строга па гадзінах. Аддача ў любой справе (а да яе трэба ставіцца з усёй душой, інакш няма чаго разлічваць на поспех) прама прапарцыянальная тым намаганням, якія ты прыкладаеш.

З такой пазіцыяй падыходзіць Іна Макоўская і да вядзення ўласнай гаспадаркі. Не вельмі вялікая яна – куры ды гусі. Гэта раней трымала на Случчыне і карову, калі маладзейшай была і дзеткам дапамагчы трэба было: іх жа ў жанчыны чацвёра, усе ўжо самастойныя, параз’ехаліся. Любіць Іна Анатольеўна і ў градках корпацца, вырошчвае ўсё неабходнае зяленіва, памідоры, цыбулю, моркву. А яшчэ – дзесяць сотак бульбы. Прычым, яе ўраджай традыцыйна ўбірае пад рыдлёўку. Асобная тэма – кветкі. Іх таксама нямала. Асаблівая схільнаць да хрызантэм і цюльпанаў.

– Усё патрабуе свайго догляду, прыкладання намаганняў і ўласнай стараннасці. Не толькі ў працы, а і ў жыцці, – разважае жанчына. – Таму ўсім жанчынам жадаю перш-наперш моцнага здароўя для дасягнення любой мэты. А будзе здароўе, то і сіл хопіць, каб ажыццявіць задуманае. Таму, па-другое, жадаю кожнай сілы. А па-трэцяе, не трэба забываць пра такую якасць, як цярпенне. Яно не толькі выручыць вас у цяжкі час, а і зробіць больш мудрымі і нязломнымі на выбраным шляху. Ні ў якім разе не здавайцеся, якія б беды не абрынуліся на вас. Жыццё любіць стойкіх і заўсёды дапамагае ім.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER