– Мы ўсе трое – аднагрупнікі, выпускнікі Віцебскага аграрнага каледжа. Крыху раней праходзілі тут вытворчую практыку і нам вельмі спадабалася ў гэтай гаспадарцы. Таму і апынуліся ў “АграМАЗе” пасля размеркавання. Я стала ветурачом на МТК “Дулебы”, Яна Шышко – на ферме ў Васілеўшчыне, а Арына Цярэшчанка – на МТФ “Уюноўка”. Для нас стварылі ўсе спрыяльныя ўмовы як для працы, так і для жыцця. У прыватнасці, гаспадарка здымае нам кватэру ў Беразіно і сваім транспартам дастаўляе на рабочыя месцы.
Таму першыя месяцы работы (а мы прыступілі да яе сёлета ў чэрвені) ніколі нас не расчаравалі. Спраў, канечне, хапае, бо, да прыкладу, на маім комлексе ўтрымліваецца каля тысячы рагуль. Праўда, гэтае пагалоўе мы абслугоўваем удваіх – разам з Людмілай Дрэсвянскай. Яна – больш вопытны спецыяліст і мне ёсць чаму ў яе павучыцца. Пераканана, што той практычны вопыт, які я набуду ў гаспадарцы ў час адпрацоўкі, стане выдатнай базай для будучай работы. Ды і шчыра прызнаюся, пакуль што не ведаю, ці захачу пасля абавязковага тэрміну працы пакідаць гэтае ўтульнае і прыгожае месца. І няважна, што я – мінчанка: сваё прызванне і годнае месца ў жыцці адшукаць можна не толькі ў сталіцы.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Уладзіслава СІНЯКА.