Істотных перамен з тых гадоў адбылося толькі тры. Па-першае, гэта займеў сям’ю. Сёння ў ёй не толькі два дарослыя сына, а і ўнукі, якіх яны падарылі дзядулі з бабуляй. Другая перамена датычылася перамены месца жыхарства: стараннаму працаўніку гаспадарка выдзеліла новы дом у Любушанах. Зараз, пасля выкупу, ён знаходзіцца ў прыватнай уласнасці сям’і. Ну і па-трэцяе, памяняў профіль сваёй работы: будучы спачатку вадзіцелем, у 2010 годзе перакваліфікаваўся на механізатара. З той пары і не развітваецца са сваім жалезным канём – юркім МТЗ-82.
Правераны не толькі многімі гадамі працы ў сельскай гаспадарцы, а і належным выкананнем самых разнастайных работ, механізатар і сёння праяўляе сваю адказнасць і адданасць выбранаму у далёкім юнацтве жыццёваму шляху.
У час нашай сустрэчы мы засталі Станіслава Уладзіміравіча за звозкай з палёў зцюкаваных кармоў. Не прастойвае механізатар і ў іншыя сезоны. Так, з ранняй вясны займаўся ўнясеннем мінеральных угнаенняў, затым прымаў удзел ў нарыхтоўцы кармоў і сушцы сена – выезджаў на палеткі з граблямі. Ды і ў зімовы перыяд не стане стаяць без справы – будзе абслугоўваць фермы, рыхтаваць тэхніку да наступнага сезону. Не раз даводзілася Станіславу Цэдрыку ўдзельнічаць і ў жніве. Але не ў традыцыйным вобразе камбайнера – 23 сезоны запар з’яўляўся аператарам зернесушыльнага комплексу і даводзіў збожжа да патрэбных кандыцый. А гэта справа таксама няпростая і адказная.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Уладзіслава СІНЯКА.