Няхай не мялеюць малочныя рэкі!

Date 16.11.2021 Man
Comment 1455

Ва ўсе часы праца земляробаў і жывёлаводаў лічылася пачэснай. Ім мы абавязаны за ўсё тое, што маем кожны дзень на сваім стале, бо часцінка іх нялёгкай працы і салёнага поту ёсць у лусце духмянага каравая і ў кроплі сырадою. І гэта не проста гучныя і прыгожыя словы ў адрас работнікаў СУП “АграМАЗ”, а іх рэальныя справы.

Сельгаспрадпрыемства нязменна ў ліку лепшых на жніве і ўпарта змагаецца за першае месца ў раёне па прадуктыўнасці жывёлы з філіялам “ОМА”. Малочны статак у 1250 галоў і надой на карову ў 4866 кілаграмаў малака дазваляе ім мець пятую частку ўсяго атрыманага ў раёне сырадою.

Звышзадача – якасць і даходы

Калектыў гаспадаркі ніколі не здраджвае мяса-малочнаму напрамку вытворчай дзейнасці. Па выніках работы за 9 месяцаў бягучага года вытворчасць малака развіваецца стабільна. Тут за справаздачны перыяд атрымана 6550,3 тоны малака. Практычна на мінулагоднім узроўні засталася і рэалізацыя прадукцыі малочных фермаў перапрацоўшчыкам. Аднак выручка ад рэалізацыі павялічылася ў параўнанні з леташнім перыядам на 20 працэнтаў. Сакрэт росту даходаў не толькі ў тым, што амаль 87 працэнтаў прадукцыі рэалізуецца гатункам “экстра”, а яшчэ ў рэкорднай для раёна цане рэалізацыі і самым нізкім сабекошце малака. У выніку прыбытак гаспадаркі ад продажу малака налічвае 1761 тысячу рублёў! Лічба значная, але куды больш уражвае сярэдні заробак мясцовых работнікаў. Ён максімальна наблізіўся да вялікіх даходаў у раёне свінароў закрытага акцыянернага таварыства “Клявіца” і налічвае 1209 рублёў. Гэта самы вялікі паказчык сярод інвестараў на фоне сярэдняга заробку ў раёне ў 1128 рублёў. Застаецца толькі дадаць, што выплачваецца ён своечасова і служыць добрым стымулам прыцягнення работнікаў нават з Беразіно. Палова працуючых ў філіяле – прыезджыя.

У каровы малако заўсёды на языку

Гэтую ісціну даўно ўсвядомілі ў гаспадарцы і надаюць вялікую ўвагу нарыхтоўцы кармоў. Сёлета тут назапашана амаль па 32 цэнтнеры кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Маецца 448 тон сена, 14623 тоны сенажу, у тым ліку 1336 тон сенажу ў палімернай плёнцы, і 11174 тоны кукурузнага сіласу.

– Мы ў гэтым годзе здолелі нарыхтаваць патрэбныя кармы з трох укосаў траў, – зазначае трактарыст-машыніст Уладзімір Чысцякоў, – бо аднымі з першых у раёне распачалі корманарыхтоўчую кампанію, каб не прапусціць пэўную спеласць траў. Наш механізаваны атрад у складзе 10 трактарыстаў і вадзіцеляў ужо з 15 красавіка па 10 мая заклаў першыя яміны з якасным сенажом з люцэрны, канюшыны і цімафееўкі. Закладка кармоў вялася строга па тэхналогіі – усяго тры дні і абавязкова з выкарыстаннем кансервантаў. Ды і наогул, мы прывучаны весці нарыхтоўку кармоў зладжана і арганізавана, без ніякіх прамаруджванняў. Таму сёлета паспелі назапасіць не толькі кукурузны сілас, але і збожжафураж з насення кукурузы. Усе кармы акуратна складзіраваны каля фермаў.

Словы лепшага ў гаспадарцы корманарыхтоўшчыка пацвярджае Аляксей Цэдрык. Яму няма роўных на сяўбе азімых, якая традыцыйна прыносіць мясцоваму селяніну важкі каравай. Нездарма ж гаспадарка заняла трэцяе месца ў раённым спаборніцтве на жніве, і гэта ў неспрыяльны сельскагаспадарчы год.

– Сярэдняя ўраджайнасць склала 28,6 цэнтнера з гектара, а ўсё таму, што была дасягнута высокая прадуктыўнасць азімых культур, ды і было маё вялікае жаданне стаць “тысячнікам” на жніве, – жартуе трактарыст. – А калі гаварыць сур’ёзна, плён дала строга прадуманая стратэгія і тактыка развіцця раслінаводства, высокі прафесіяналізм і разумны падыход кіраўніцтва і спецыялістаў.

Падтрымлівае гэтую думку і малады вадзіцель магутнага “МАЗа” Дзмітрый Ганчарык.

Лічым надоі і грошы

– Мы сёння прадалі перапрацоўшчыкам 6 тон 138 кілаграмаў малака, – з зайздрасцю рапартуе загадчыца малочнатаварнага комплексу “Казлоў Бераг” Надзея Барэйша, – і ўжо, лічы, зарабілі для свайго роднага сельгаспрадпрыемства 9 тысяч рублёў. Наш сырадой закупляе сам СТАА “БЕЛСЫР” Калінкавіцкага раёна, а ўсё таму, што ён утрымлівае вялікі працэнт бялку і з’яўляецца лепшым для вырабу сыра!

Добра ведаюць гэтую вытворчую матэматыку і асаблівасць сваёй прадукцыі мясцовыя аператары машыннага даення Вікторыя Яблонская, Любоў Несцяровіч і Алена Петрушэня, якія сёлета за 10 месяцаў надаілі 2436 тон малака і давялі прадукцыйнасць жывёлы да 5386 кілаграмаў.

– Ды і не можам мы працаваць горш, – гавораць жанчыны, – паглядзіце, які парадак пануе на нашай ферме, колькі тут назапашана розных кармоў і як стараецца кожны работнік фермы. Ды і добра ведаюць у нас, куды пойдуць заробленыя ад малака грошы. Чакаецца, што будзе закуплена новае абсталяванне ў даільную залу. А гэта ўжо істотна аблегчыць нашу няпростую працу на ферме.

Дарэчы, усё малако гаспадаркі рэалізуецца на Беларускай універсальнай гандлёвай біржы.

«Прадукцыйная» рагуля пачынаецца з укормленага цяляці

Такі дэвіз работнікаў фермы па дарошчванні буйной рагатай жывёлы “Васілеўшчына” Алены Кудзінай і Наталлі Бурай. Першая даглядае цялят ва ўзросце ад 3 да 6 месяцаў і давяла сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе да 941 грама, а другая займаецца вырошчваннем жывёлы ад 6 да 12 месяцаў і ганарыцца прывагамі ў 899 грамаў.

Застаецца зазначыць, што па выніках 9 месяцаў СУП “АграМАЗ” з’яўляецца лідарам у раёне па росце атрыманых валавых прыбаўленняў жывёлы на вырошчванні і адкорме. Мясцовыя жывёлаводы павялічылі сярэднясутачныя прывагі да 703 грамаў.

Ад росту вытворчасці да справядлівасці

Адпачываць на лаўрах у СУП “АграМАЗ” ніколькі не збіраюцца, бо планамерна ўдасканальваюць мяса-малочны напрамак дзейнасці, актыўна запрашаюць маладых спецыялістаў і працуюць над паляпшэннем кармавой базы.

– У нашых планах далейшы рост вытворчасці і паляпшэнне эканомікі прадпрыемства, – зазначае дырэктар гаспадаркі СУП “АграМАЗ” Валерый Цэдрык. – Працаваць давядзецца яшчэ болей якасна і эфектыўна на кожным працоўным месцы, але я веру ў патэнцыял сваіх работнікаў. Толькі працуючы старанна і эфектыўна разам мы зможам ураўняць прыбытак жывёлаводаў з заробкамі трактарыстаў!

Паважаныя спецыялісты, работнікі філіяла і ветэраны СУП “АграМАЗ”!

Сардэчна віншуем вас з прафесійным святам — Днём работнікаў сельскай гаспадаркі і перапра-цоўчай прамысловасці! Усім вядома ў нашай краіне, што гэта свята тых, хто зранку да цямна працуе на палях і фермах, хто апрацоўвае зямлю і вырошчвае хлеб, свята тых, хто штодня рупіцца аб тым, каб вёска мела слаўную будучыню, быў шчодрым і сытым святочны і штодзённы стол беларусаў.

Адміністрацыя і прафкам сельгаспрадпрыемства глыбока ўдзячныя вам за адданасць сялянскай справе, за сумленнасць і веру ў заўтрашні дзень, залатыя і працавітыя рукі і жаданне ўласнай працай развіваць родны край. Жадаем усім вам здароўя і сіл у нялёгкай, але такой высакароднай працы.

*Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER