Грамадскае пагалоўе жывёлы пераведзена на зімовае стойлавае ўтрыманне. Падведзены вынікі работы ў раслінаводстве і папярэднія – у жывёлагадоўлі. А гэта значыць, з’явілася нагода для святкавання за шчодрым сталом.
Спачатку віншаванні і паклон кожнаму
– І няхай прагнозны паказчык па валавой вытворчасці сельгаспрадукцыі застаўся недасягнутым, станоўчая дынаміка развіцця ўсіх галін сельскагаспадарчай вытворчасці захавалася, дзякуючы вашай напружанай працы, паважаныя работнікі палёў і ферм, – спяшаецца павіншаваць сваіх працаўнікоў дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Брадзец” Аляксандр Крук. –
Мяркую, што гэты сельскагаспадарчы год кожны з вас запомніць надоўга, бо надзейна праверыў кожнага на вартасць сялянскай справы і натхніў на далейшую сумленную працу.
Падвялі надзеі кіраўніка на стабільнае развіццё вытворчасці не толькі сёлетнія хітрыкі надвор’я, але і рэарганізацыя гаспадаркі. У склад ўвайшло суседняе сельгаспрадпрыемства “Месціна”.
– Не магу сказаць, што моцна ўзрадаваўся злучэнню, – прызнаецца Аляксандр Мікалаевіч, – бо толькі-толькі навялі парадак на сваіх жывёлагадоўчых фермах, наладзілі вытворчую дысцыпліну і пачалі змяншаць свае даўгі. Нам жа ў спадчыну дасталіся цяпер усе месцінскія запазычанасці, пытанні з людзьмі і састарэлыя аб’екты. Давялося літаральна закасваць рукавы і працаваць
з новай сілай кожнаму работніку злучанай гаспадаркі.
Нагрузка на камбайн была ад 247 да 664 гектараў
Першымі ўдар аб’яднання ўзялі на сябе механізатары, а дакладней, сем камбайнавых экіпажаў і чатыры вадзіцелі магутных “МАЗаў”, якім давялося ў час жніва ўбіраць самую вялікую ў раёне плошчу зерневых культур у 2329 гектараў.
– Сёлетняя ўборачная кампанія была не з лёгкіх, – падводзіць вынікі дырэктар. – Здолелі намалаціць на круг менш, чым разлічвалі: усяго па 23 цэнтнеры з гектара. Аднак, нягледзячы на гэта, мы зрабілі добры запас кармоў на будучую зімоўку жывёлы і нядрэнна ўправіліся з азімай сяўбой. Таму, калі надвор’е не падвядзе, абавязкова будзем з добрым ураджаем збожжавых.
“Брадзец” – лідар кормавытворчасці
Гаворыць гэта кіраўнік з добрым веданнем справы. Сёлета яго парадавала ўраджайнасць кукурузы на зерне. Такіх высокіх паказчыкаў тут яшчэ не было – 77 цэнтнеры з гектара. Таму ў планах нарошчваць ураджайнасць і далей. Нарыхтавана звыш 18350 тон сіласу і звыш 12 тысяч тон сенажу. Асаблівая ўвага надавалася строгаму выкананню ўсіх тэхналагічных патрабаванняў пры закладцы сенажу – утрыманнем вільгаці ў зялёнай масе і неабходнай тэмпературы. Дарэчы, старанна закладзены ўсе сянажныя і сіласныя траншэі. На адну фуражную карову нарыхтавана звыш 34 цэнтнераў кармавых адзінак, што на 2,7 цэнтнера больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Стаўка на вытворчасць малака
Стаўку аб’яднаны ААТ “Брадзец” па-ранейшаму робіць на жывёлагадоўлю. Па стане за 9 месяцаў тут налічваецца 1215 рагуль. Гэта менш, чым было летась, бо была праведзена выбракоўка жывёлы ў далучанай гаспадарцы. Валавая вытворчасць малака за 9 месяцаў склала 110 працэнтаў, а надой на карову – 3133 кілаграмы.
– Мець добрую выручку ад рэалізацыі малака перапрацоўшчыкам дазваляе мэтанакіраваная работа па павышэнні якасці сыравіны, – заўважае дырэктар, – бо таварнасць малака налічвае 92 працэнты, тлустасць – 3,92, 35 працэнтаў рэалізуецца вышэйшым гатункам і 64 працэнты гатункам “экстра”. А гэта значыць, што мы маем пэўны прыбытак ад работы малочнатаварных фермаў і комплексаў.
Сумленнага работніка заробкам не крыўдзяць!
Сваіх вытворчых пытанняў у гаспадарцы не замоўчваюць, а мэтанакіравана працуюць над іх вырашэннем. Так, вытворчасць прадукцыі ў супастаўных цэнах зменшылася да 85 працэнтаў, аднак маецца нядрэнны прырост выручкі, есць прыбытак і рэнтабельнасць, дасягнута належная вытворчасць працы. Таму і заробак брадзецкіх работнікаў аказаўся вышэй сярэднераённага сярод прадпрыемстваў камунальнай формы ўласнасці — 934 рублі.
– Зразумела, што гэта наш сярэдні заробак, – заўважае Аляксандр Мікалаевіч, – бо спраўныя механізатары і вадзіцелі ў сезон зарабляюць у разы больш, ды і жывёлаводы не пакрыўджаны заробкам круглы год. Грошай на стымуляванне не шкадуем, але маем намер працаваць эфектыўна, разлічвацца з даўгамі і мець сродкі на развіццё, каб мадэрнізаваць жывёлагадоўчыя фермы, прыцягнуць спецыялістаў і моладзь, абнаўляць машынна-трактарны парк.
У планах – “Дажынкі-2022”
Аб планах кіраўніка на будучы год работнікі добра ведаюць. 2022, як і папярэднія гады, абяцае ім новыя выпрабаванні і праверкі на трываласць. Што зробіш, калі ў наступным годзе брадзецкая зямля атрымала гонар вітаць у сябе лепшых хлебаробаў Бярэзіншчыны на раённым свяце “Дажынкі-2022”. А гэта значыць, што трэба будзе не толькі ўправіцца з палявымі работамі і намалаціць збожжа на важкі каравай, павялічыць даходы ад фермаў, каб укласці грошы ў добраўпарадкаванне аграгарадка “Брадзец” і ўласных сядзіб вяскоўцаў. Людзі разумеюць гэта і гатовы працаваць яшчэ лепш, каб дастойна вітаць на роднай зямлі паважаных гасцей. З помпай тут умеюць святкаваць не горш, чым шчыра працаваць на ферме і ў полі. Такая яна сялянская брадзецкая традыцыя.
Паважаныя работнікі і ветэраны сельскай гаспадаркі ААТ “Брадзец”!
Прыміце сардэчныя віншаванні з прафесійным святам! Працу сельскага працаўніка сёння цяжка пераацаніць, бо ад вынікаў, дасягнутых хлебаро-бамі, жывёлаводамі, механізатарамі, у першую чаргу залежыць наша ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Менавіта таму сельская гаспадарка знаходзіцца ў зоне асаблівай увагі кіраўніцтва рэспублікі і раёна. Сёння з самай шчырай павагай і цеплынёй хочацца выказаць глыбокую ўдзячнасць работнікам палёў і ферм за ўклад у стварэнне харчовай бяспекі і ўмацаванне эканомікі Бярэзіншчыны, за вернасць роднай зямлі і сялянскаму абавязку.
Сёлетні год прынёс шмат выпрабаванняў: зацяжная і халодная вясна, засушлівае лета і халодная восень не дазволілі атрымаць запланаваны ўраджай збожжавых і зернебабовых Але вы, паважаныя, імкнуліся выкарыстаць кожную пагодлівую хвіліну, прыклалі шмат сіл і старання, каб на стале ў кожнага былі хлеб, малако і мяса.
Нізкі паклон усім работнікам сельскай гаспадаркі, ветэранам, перадавікам вытворчасці за самаадданую і добрасумленную працу. Жадаем вам моцнага здароўя, шчасця, дастатку і дабра!
Кіраўніцтва і прафкам ААТ “Брадзец”.
*Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.