Мы вырашылі падрабязней распытаць маладога хірурга пра працоўныя будні, няпростую хірургічную справу, адносіны да кавіду і, вядома, пра планы на будучае.
Я — першы медык у сям’і
— Я, сапраўды, са Жлобінскага раёна, краю беларускіх металургаў. Аднак мае бацькі ніякага дачынення да гэтага не маюць, як і не было ў нашым радаводзе медыкаў. Я ж і сам пра прафесію ўрача ніколькі не марыў. У школе мне проста падабалася вывучаць хімію. Калі вучыўся ў дзявятым класе, у нашай сям’і моцна захварэў дзядуля і да нас зачасцілі ўрачы. Тады мне ўласна давялося пабачыць на свае вочы, што такое ўрачэбная справа. Уражанні так урэзаліся ў памяць, што я вырашыў — абавязкова стану ўрачом і буду з усіх сіл дапамагаць людзям.
У медыцынскі ўніверсітэт паступіў з чацвёртага разу
— Праўда, я тады яшчэ не ведаў, які цярністы і складаны шлях давядзецца мне прайсці, каб у белым халаце лячыць людзей. Я ж толькі з чацвёртага разу стаў студэнтам Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Менавіта столькі разоў у мяне не хапала пэўнай колькасці балаў для паступлення. Аднак я ніколькі не адчайваўся: за гэты час скончыў Гомельскі медыцынскі каледж і вывучыўся на памочніка ўрача, атрымаў пэўную медыцынскую практыку і канчаткова вызначыўся са сваёй будучай спецыялізацыяй. Таму ганак сваёй альма-матэр я пераступаў з цвёрдым намерам стаць хірургам. Моцна хацелася рэальна дапамагаць людзям і на свае вочы бачыць плён працы.
Беразіно выбраў сам
— Так яно і ёсць, бо на размеркаванні прапаноў было багата. Хірургі патрабаваліся практычна ў кожным раённым цэнтры. Аднак я падышоў да выбару ўзважана: проста прыехаў у Беразіно, невялічкі гарадок у сотні кіламетраў ад сталіцы і адразу яго палюбіў. Тут табе і хуткаплынная рэчка Бярэзіна, дзе можна круглы год вудзіць рыбу, тут табе і шыкоўная зялёная зона і лясныя масівы, мноства спартыўных аб’ектаў і выдатны басейн. Ды і моцна ўразіў велічны раённы цэнтр культуры. Таму усё тут аказалася па душы, бо можна было займацца ў трэнажорнай зале і гуляць з сябрамі ў валейбол, адпачываць на рыбалцы, працягваць займацца спевамі і музыкай. Я іграю на гітары, асвоіў яе самастойна, каб выдатна развіваць патрэбную для хірургаў маторыку пальцаў, ды і для душы. Няма нічога лепей, чым пад гітару спяваць песні каля кастра! Адзінае, аб чым тады і сёння шкадую, што не стала ў горадзе свайго клуба вясёлых і знаходлівых. У мяне ж столькі жартаў у запасе!
Маладым гарыць зялёнае святло
У калектыве мяне віталі цёпла. Тут наогул рады маладым амбіцыйным людзям, якія не адразу рвуцца працаваць у буйных клініках і сталічных медыцынскіх цэнтрах, а паступова набіраюцца вопыту і вучацца ў сталых спецыялістаў. Маім настаўнікам стаў паважаны ў раёне хірург Уладзімір Цэдрык. Я ўдзячны яму за навуку, а таксама за тое, што ён не лічыць заганай спытаць пра маю думку і параіцца наконт лячэння пацыента.
Ды і моцна памыляюцца тыя, хто лічыць, што ў раённых бальніцах нельга развівацца прафесійна. Тут шмат магчымасцей для навучання і кваліфікацыі. Ды і кіраўніцтва заўсёды гатова дапамагчы наваспечанаму спецыялісту.
Якаснае лячэнне
На прыёме я заўсёды тлумачу пацыенту, якое ў яго захворванне, яго этыялогію. Магу паўтарыць некалькі разоў пастаўлены дыягназ, каб хворы змог пракансультавацца з іншым урачом (некаторым так спакайней) ці пацікавіцца ў іншых крыніцах. Нярэдка размова забірае шмат часу. Але лепш да мяне трапіць менш хворых, затое яны атрымаюць якаснае лячэнне. Астатнія прыйдуць у іншыя дні. Прымаць дзеля «галачкі» я не буду.
Важна, як ставішся да пацыентаў
Як наведвальнікі рэагуюць на тое, што іх будзе лячыць малады ўрач? Не забывайцеся, што гаворка ж ідзе пра здароўе, а часам і пра жыццё… Насамрэч такое пытанне ўзнікае рэдка. Людзям важна, што ты гаворыш і як ставішся да іх пытання. Усё астатняе — дробязі.
Вось мяне куды больш хвалюе іншае, што ў час пандэміі людзі начыста забываюцца пра іншыя хваробы, запускаюць іх і губляюць такі каштоўны час для лячэння. Хірургі ні на адзін дзень у пандэмію не спынілі работу ў аперацыйнай зале, рабілі тэрміновыя і планавыя аперацыі.
Таму самы час нагадаць усім, што чалавек сам нясе адказнасць за сваё здароўе. Гэта тычыцца як адносін да пандэміі, так і да іншых хвароб. Мая парада на гэты конт толькі адна — пры першых званочках спяшайцеся да ўрача і давярайце яму. Гэта гарантуе вам выздараўленне.
Што самае цяжкае для хірурга?
Можна было б паскардзіцца на заробак, але ён цалкам залежыць ад жадання ўрача зарабіць, ды і не магу наракаць на дрэннае фінансаванне медыцыны. Паглядзіце, колькі сродкаў выдаткоўваецца на барацьбу з кавідам, закупляюцца вакцыны, наладжаны даплаты медыкам. Цяпер галоўнае, каб людзі адгукнуліся і зрабілі вакцынацыю.
Але куды цяжэй паведамляць людзям пра смерць. Гэта калі ты разумееш, што пазбегнуць яе было немагчыма, а сэрца перапаўняе боль і жаль. Хірургі — яны ж жывыя людзі і жывуць звычайным жыццём.
Брагін, Міхайлаў і іншыя…
— Сучасны кінематограф прынёс нам мноства вобразаў хірургаў, але ні адзін з іх мне не падабаецца. Напэўна, у мяне свой уласны шлях у прафесію, сваё стаўленне да хірургіі і свая філасофія. Усё маё жыццё падпарадкавана працы, яна не адпускае мяне ні на хвіліну, бо даводзіцца шмат чытаць і медыцынскай і мастацкай літаратуры, падтрымліваць сябе ў выдатнай фізічнай форме, а яшчэ спяваць у народным вакальным гурце “Лявоніха”, каб рэальна быць гатовым не разгубіцца ў адказны момант, не страціць цвёрдасць рукі і вытрымку, і галоўнае, навучыцца прымаць няпростыя рашэнні для захавання жыцця і здароўя чалавека.
“Прызямліцца ці ўзляцець”?
— Вядома, узляцець і прызямліцца. У маіх планах набыць у Беразіно ўласнае жыллё і перавезці сюды бацькоў. Мару выключна пра дом, каб мець магчымасць корпацца ў градах. Думаю, у мяне будзе ўсё-такі вольны час, а пакуль толькі далейшая плённая праца і хірургічная практыка. Такая апантанасць хірургіяй прымушае мяне шукаць пазітыў, не губляць пачуццё гумару і са шчырай добразычлівасцю ставіцца да сваіх пацыентаў.
Мілана ТРАПЯНОК.