І вось наш чарговы візіт на Ульянава. Яго прычынай на гэты раз стаў зварот да старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзяніса Дзішука з просьбай аб наладжванні належнага водаадвода з некаторых участкаў дамаўладанняў жыхароў вуліцы. Сапраўды, так атрымалася, што асобныя домаўладанні знаходзяцца нібы ў лагчыне, якую ўтвараюць зверху – вуліца Свабоды і вуліца Ульянава – крыху ніжэй. Узровень асфальтавага пакрыцця вуліцы аказаўся вышэй, чым непасрэдна ўчасткі домаўладанняў, з-за чаго адсутнічае свабодны выхад сцёкавых вод з участкаў, што размешчаны на правым баку ў пачатку вуліцы. Наладзіць яго і прасілі заяўнікі. Просьба задаволена. Гэтымі днямі работы завяршаюцца.
Вялі іх спачатку работнікі ПМС, а затым – РКУВП “Бярэзінская ЖКГ”.
Да існуючай сітуацыі мясцовыя жыхары ўжо прызвычаіліся і ў якасці выйсця пракапалі на сваіх участках невялічкія канаўкі, па якіх лішняя вада сцякала на вуліцу, а там трапляла ў водаадводны канал, па якім паступала да пракладзенай пад праезнай часткай вуліцы трубы, і далей – у рэчку. Новая сістэма асушэнння ўчасткаў прадугледжвае больш эфектыўную работу па ліквідацыі залішняй пераўвільготненасці названых сядзіб.
Сваімі меркаваннямі аб праблеме дзеляцца жыхары вуліцы Ульянава.
Любоў Татаронак:
— Жыву тут шмат гадоў. На нашым участку існуе свая сістэма водаадводу, якая заўсёды спраўна працавала і залішніх клопатаў не дастаўляла. Так, ранняй вясной або ў час вялікіх дажджоў у нас павышаецца вільготнасць зямлі. Але што зробіш, калі наш дом размешчаны ў такім месцы. Мяняць месца жыхарства з-за гэтага нават і не думала.
Аб работах, якія вядуцца, што магу сказаць? У гэтай справе я не спецыяліст, думаю, што ёю займаюцца дасведчаныя людзі і зробяць усё як трэба. Працавалі тут дружна, рабочыя заўсёды без спрэчак адгукаліся на нашы просьбы і выконвалі іх. Малайцы.
Мікалай Кузьмянкоў:
— Наколькі я ведаю, мая суседка ў райвыканкам звярталася гэтым летам. Гэта быў першы зварот да ўлад з падобнай праблемай ад жыхароў нашай вуліцы. Тады ёй адразу сказалі, што работы будуць праведзены ў другім паўгоддзі. І вось яны ўжо на стадыі завяршэння, засталася толькі незасыпанай частка трубы ў самым пачатку вуліцы. Што і казаць: зрабілі ўсё без затрымак, аператыўна.
Спадзяюся, што новая сістэма будзе дзейнічаць больш эфектыўна, чым існаваўшая.
Тут галоўным экзаменатарам стане наступная вясна. Ды і нямала залежыць ад нас саміх, ад таго, наколькі пільна мы будзем падтрымліваць работу гэтай сістэмы, своечасова абкашваць водаадводны канал і чысціць яго, як я рабіў гэта і раней у межах шырыні свайго ўчастка.
На жаль, пагутарыць з аўтарам звароту мне ў той дзень не ўдалося. Але, мяркую, ён будзе ўдзячны, што просьба была задаволена і яе выкананне не трапіла ў доўгую-доўгую скрыню.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.