Наперад! Да новых перамог!

Date 23.12.2021 Man
Comment 652

Да Новага года — рукой падаць, а там, глядзі, і адказны трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па школьных прадметах.

Ды і зараз гарачы і адказны час правядзення абласнога конкурсу «Вучань года – 2021». Таму няма лепшай пары, як да зімовых канікулаў наладзіць урачыстую цырымонію ўзнагароджвання пераможцаў алімпіяд і раённага конкурсу “Вучань года – 2021”.

Яна была наладжана ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама на базе ДУА “Сярэдняя школа №3 горада Беразіно”, а падарункі і дыпломы пад апладысменты залы вучням уручаў старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук разам з начальнікам упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Алесяй Цітовай.

– Мы рады вітаць сёння таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, – гаварыў Дзяніс Ігаравіч. – Шчыра веру ў іх патэнцыял, працавітасць і здольнасці, жадаю, каб у надыходзячым годзе ўдача іх не пакінула, каб яны вярнуліся пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў у наш раён выдатнымі спецыялістамі, каб мацавалі будучыню свайго рэгіёна і краіны.

Спачатку каманда інфарматыкаў

І вось ён — урачысты момант узнагароджвання. Першым на сцэну запрашаецца вучань Бярэзінскай гімназіі Аляксандр Бурымскі. Яно і зразумела, бо ён атрымаў дыпломы самай вышэйшай ступені па англійскай мове, інфарматыцы і матэматыцы.

— Я ўжо не першы раз бяру ўдзел у алімпіядах па трох школьных прадметах і станаўлюся прызёрам, — расказвае юнак, — а на вобласць нязменна еду ў складзе каманды інфарматыкаў. Летась ужо быў там, ды і выступаў на рэспубліцы, праўда, не вельмі ўдала, бо канкурэнцыя вялікая. Таму зараз усе мае намаганні сканцэнтраваны на падрыхтоўцы да алімпіяды!

Дзве ўзнагароды на рахунку вучня ДУА “Сярэдняя школа №2 горада Беразіно” Мікіты Радзевіча. Ён — шчаслівы ўладальнік двух дыпломаў: ІІ ступені па інфарматыцы і ІІІ ступені па фізіцы. І гэта няпоўны склад алімпійскай каманды па інфарматыцы. У яе яшчэ ўвайшлі ўладальнікі дыпломаў ІІІ ступені па інфарматыцы з Бярэзінскай гімназіі — Арцём Ізмер, Васілій Папруга і самы юны ўдзельнік спаборніцтваў эрудытаў Леанід Трухан.

Віват аматарам царыцы навук!

Імі сталі ў нашым раёне па выніках раённых прадметных алімпіяд прадстаўнікі Бярэзінскай гімназіі Настасся Красоўская і Андрэй Чалей. Дзяўчынка ўжо брала ўдзел у абласной прадметнай алімпіядзе, а вось для хлапчука гэта стане дэбютам. Жадаем, каб паспяховым!

Яе вялікасць — астраномія

Яна аказалася падуладнай сёлета Дар’і Карпейчык. Трэба аддаць належнае здольнасцям дзяўчынкі. Астраномія вывучаецца ў школе ўсяго год у 11-ым класе, а Дар’я вучыцца ў 10-ым! Уявіце, які ў яе патэнцыял!

Як жа без геаграфіі?

А тут лепшыя прадстаўніцы з СШ №3 і СШ №2 горада — Арына Герасімовіч і Юлія Дарожка. Натхняе іх вывучаць кантыненты і краіны выдатны поспех выпускніцы СШ №3 Настасся Фясун, якая дастойна абараняла гонар школы і раёна на абласных і рэспубліканкіх прадметных алімпіядах.

Як жа без хіміі, працоўнага навучання і роднай мовы?

Абараняць гонар раёна па гэтых дысцыплінах у абласных спаборніцтвах будуць прадстаўнікі СШ №2 Кацярына Губчэўская і Станіслаў Цэдрык. А вось лепшым знаўцам роднай мовы і літаратуры стаў Валерый Шэмет з Пагосцкага ВПК.

— Усе гэтыя юнакі і дзяўчаты не проста пераможцы і прызёры раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды, — заўважылі вядучыя цырымоніі ўшанавання, — але і шчаслівыя ўладальнікі пачэсных пуцёвак на абласны этап, які пройдзе з 10 па 14 студзеня 2022 года. Таму зычым усім поспехаў і перамог!

“Вучань года-2021”. Хто ён?

На роўных з пераможцамі і прызёрамі прадметных алімпіяд віталі і ўдзельнікаў раённага конкурсу “Вучань года-2021”. У намінацыі “Вучэбная дзейнасць” узнагароду і салодкі падарунак з рук старшыні райвыканкама Дзяніса Дзішука і начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алесі Цітовай атрымала вучаніца 8-га класа СШ №2 горада Настасся Швед, у намінацыі “Творчая дзейнасць” — вучаніца 11-га класа Паплаўскай СШ Яніна Клімовіч, у намінацыі “Спартыўная дзейнасць” — вучань 11-га класа Гарэніцкай СШ Аляксей Базыленка і ў намінацыі “Праектная дзейнасць” — вучань 7-га класа СШ №3 Березіно Аляксей Алезарэнка. Застаецца нагадаць, што поспехі гэтых дзяцей значныя і кожны з іх зможа прэтэндаваць на званне лепшага вучня вобласці. Таму з нецярпеннем будем чакаць вынікаў абласнога конкурсу!

У таленавітых дзяцей і педагогі таленавітыя

Таму не менш гучныя апладысменты гучалі на мерапрыемстве і ў гонар педагогаў, якія навучаюць нашу зорную алімпійскую каманду. Яны таксама атрымалі з рук кіраўнікоў раёна падарункі за сваю сумленную і плённую працу. Асабліва выбухнула зала авацыямі, калі на сцэну ўзняўся педагог дадатковай адукацыі Інтэлектуальнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бярэзінскага раёна Ігар Чарнушэвіч. У каторы раз ён будзе перажываць не за аднаго свайго алімпійца, а за цэлую каманду.

Не пазычаць вопыту і прафесіяналізму, вернасці сваёй справе і жадання заўсёды самаўдасканальвацца разам з вучнямі настаўніцы матэматыкі Валянціне Дамашэвіч і настаўніцы фізікі і інфарматыкі Ганне Ізмер з Бярэзінскай гімназіі, педагогам СШ №2 горада Мікалаю Дубовіку, Людміле Макарэвіч і Алене Рыжэўскай, якія выкладаюць дзецям працоўнае навучанне, геаграфію і хімію. Ды і ніяк не абысці ўвагай унікальны педагагічны талент і старанне настаўніцы геаграфіі СШ №3 горада Наталлі Скуратовіч і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Пагосцкай СШ Надзеі Новікавай.

Як жа без навагодняга сэлфі?

Завяршылася цырымонія ўшанавання для дзяцей неверагодна прыгожай фотасесіяй каля шыкоўнай фотазоны, а для педагогаў — апошнімі наказамі па падрыхтоўцы да абласной алімпіяды. У добры шлях, за перамогай!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « У чаканні рэферэндуму Акцыя ад рэдакцыі »