Напярэдадні свята, 24 снежня, адзначаецца яго вігілія (“начное чуванне”). У Еўропе ў гэты дзень у сем’ях упрыгожваюць ёлкі, робяць стаенкі. Іх гісторыя бярэ свой пачатак у сярэднявеччы. Святы Францішак Асізскі ў 1223 годзе ў Італіі ўпершыню арганізаваў святочную стайню, каб наблізіць да вернікаў гісторыю Нараджэння Хрыста. Францішкаўцы распаўсюдзілі гэтую традыцыю па Еўропе.
Рыхтуецца вігілійная вячэра, звычай якой прыйшоў у Беларусь у XVIII стагоддзі. Распачынаецца яна прачытаннем урыўка з Евангелля аб нараджэнні Хрыста. У Беларусі гэтая вячэра называецца таксама куццёю (ад назвы крупяной кашы – куцці, якая абавязкова павінна быць у гэты вечар на стале). На стол ставяць толькі посныя стравы. У гэты вечар з радасцю прымаюцца і нечаканыя госці.
Асаблівую атмасферу ствараюць калядкі (песні на Божае Нараджэнне). Кульмінацыяй жа становіцца святая Імша ў вігілію Божага Нараджэння.
Галоўнай, агульнай традыцыяй для ўсіх католікаў у гэты дзень з’яўляецца ўдзел ва ўрачыстай літургіі. Астатняе – упрыгожванне дома, калядаванне, святочныя стравы – у кожнай краіне свае. Каталіцтва як шматнацыянальная канфесія ўбірае ў сябе розныя культурныя звычаі, надаючы ім новы хрысціянскі сэнс.
Так, звычай упрыгожваць ёлкі – старажытнагерманскі. Ён распаўсюдзіўся спачатку па ўсёй Еўропе, а затым і па ўсім свеце.
Дата святкавання была выбрана ўмоўна. У 275 годзе рымскі імператар Аўрэліян аб’явіў 25 снежня святам непераможнага Сонца. Затым адбылася хрысціянізацыя гэтага свята, бо Хрыстус – Сонца і Святло хрысціяніна. Да сярэдзіны VI стагоддзя святкаванне Божага Нараджэння менавіта 25 снежня распаўсюдзілася па Еўропе, Паўночнай Афрыцы і на хрысціянскім Усходзе.
Чаму ж цяпер хрысціяне адзначаюць свята не ў адзін дзень?
Як вядома, у 1582 годзе папа Грыгорый XIII увёў новы астранамічны каляндар, больш дакладны ў параўнанні з Юліянскім. У Расіі грыгарыянскі каляндар у якасці дзяржаўнага быў уведзены ў 1918 годзе, але Руская Праваслаўная Царква карыстаецца юліянскім. Таму і святкаванне прыпадае на розныя дні: 25 снежня – па юліянскім календары, 7 студзеня – па грыгарыянскім.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.