Віват, кароль, віват!

Date 30.12.2021 Man
Comment 758

Сёлетні год бярэзінскія тэатралы абавязкова ўпішуць у культурны летапіс раёна. Не толькі таму, што раённы тэатр пад кіраўніцтвам рэжысёра Мікалая Пытляка атрымаў чарговае Гран-пры на абласным фестывалі самадзейных аматарскіх спектакляў “Бярэзінская рампа”, але і за тое, што стваральнік гэтага спектакля і нашага славутага тэатральнага брэнда ў пераднавагоднія дні быў адзначаны медалём “За працоўныя заслугі”. Узнагароду ўручыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергіенка ў Палацы Рэспублікі.

З 1974 года служыць яе вялікасці Мельпамене

— Гэта ўзнагарода для мяне як даніна павагі да маёй вялікай вернасці выбранай тэатральнай справе, – гаворыць 69-гадовы Мікалай Мікалаевіч, – бо я служу верай і праўдай капрызнай Мельпамене з 1974 года і
здраджваць сцэне ніяк не планую.

Словы рэжысёра пацвярджаюць яго 25 спектакляў, якія за гады яго працы пабачылі бярэзінцы, жыхары вобласці і нават за мяжой, дзякуючы якім усім адкрыўся багаты свет артыстычных талентаў нашых землякоў і новы ўнікальны аўтарскі погляд на добра вядомыя п’есы Рыгора Горына, Аляксея Дударава, Сяргея Лабадзёрава, Карла Гальдоні і іншых драматургаў. Дзякуючы максімалісцкаму падыходу да рэжысёрскай справы і амаль прафесійнымі патрабаваннямі да кожнага самадзейнага артыста, у сэрцы кожнага бярэзінскага тэатрала гадамі жывуць свае шчымлівыя ўражанні ад спектакляў. У кагосьці гэта “Карчмарка” альбо “Вежы”, у іншых “Кім” ці “Забыць Герастрата”, а ў некага “Сямейны партрэт з грашовымі знакамі”, “Валянцін і Валянціна” ці самая апошняя пастаноўка па п’есе Аляксея Вампілава “Старэйшы брат”. Спыняцца на гэтым Мікалай Пытляк ніяк не збіраецца і ўжо поўным ходам рыхтуе новы спектакль “Хайп” па п’есе Улады Альхоўскай.

– Дату прэм’еры не адменіць пандэмія, – сцвярджае рэжысёр, – яна сімвалічная: 27 сакавіка – Міжнародны дзень тэатра.

Упадабаная роля — Дзед Мароз

Да пастаноўкі спектакля часу няшмат нават па звычайных тэатральных мерках. Таму турбот і клопатаў у Мікалая Мікалаевіча хапае. Аднак у пераднавагоднія дні ён на пэўны момант здрадж-вае свайму прынцыпу не выступаць на сцэне і з задавальнен-нем іграе ролю Дзеда Мароза.

– Гэта мая першая і ўпадабаная роля, – гаворыць мужчына. – Вось ужо 52 гады я маю магчымасць першым павіншаваць людзей з надыходзячым Новым годам, пажадаць ім дабра і шчасця, падарыць дзецям веру ў цуд і казку, а іх бацькам — надзею на лепшую будучыню. Таму сёння прама з гэтага велічнага навагодняга трона віншую ўсіх маіх паклоннікаў, калег, сяброў і знаёмых з надыходзячым новым годам, зычу ім здароўя і дабрабыту, уласнага шчасця і добрых перамен. Яны абавязкова павінны адбыцца ў наступным годзе – годзе майго 70- гадовага юбілею!

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Юліі БУКЕЛЬ і Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER