Змены прадыктаваны часам
Спікерамі выступілі галоўны рэдактар раённай газеты Юлія Букель, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан, першы сакратар РК «БРСМ» Кацярына Аўрамчык.
Удзельнікі — ветэраны працы, моладзь, прафсаюзныя лідары.
— Змены ў Канстытуцыі прадыктаваны жыццём, яны неабходныя ў святле ўзнікнення новых рызык, выклікаў і пагроз, а таксама новых тыпаў праваадносін. Але Беларусь была і застаецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай. У нашай краіне вялікая ўвага надаецца адукацыі, ахове здароўя, сацыяльным напрамкам. У прыярытэце — людзі, рост іх дабрабыту, — адзначыла галоўны рэдактар.
Год гістарычнай памяці
Падчас дыялогу зрабілі акцэнт на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. І, вядома ж, захаванне гістарычнай памяці. Бо 2022 год — абвешчаны Годам гістарычнай памяці.
Кожнаму з удзельнікаў было што сказаць пра гістарычную памяць.
З болем гаварыла пра мужа і ўсіх тых, хто ў гады вайны застаўся сіротамі, ветэран працы Сафія Віктараўна Булойчык. Да гэтага часу жывыя ўспаміны бацькі-франтавіка і маці-партызанскай сувязной у сям’і Кацярыны Міхайлаўны Касцяневіч.
Ветэраны працы заўважылі, што яны неаднаразова бывалі ў музеі “Люстэрка часу” ў гімназіі.
— Музей уразіў сваім багаццем, а расповеды школьнікаў-экскурсаводаў нікога не пакінулі раўнадушнымі, — заўважылі жанчыны. – Вось на такіх прыкладах мужнасці нашых дзядоў і прадзедаў мы і павінны выхоўваць падрастаючае пакаленне. Таму вельмі рады, што бягучы год – Год гістарычнай памяці, а таксама прыемна, што ў Канстытуцыю ўнесены змены ў артыкул і ёсць такія словы, што дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Моладзь: без мінулага – няма будучыні
Шчыра прызнаюся, было вельмі прыемна, калі сямікласнік гімназіі Станіслаў Андроцкі з упэўненасцю сказаў, што без мінулага – няма будучыні. Што кожнаму з нас неабходна ведаць і памятаць свае карані.
— Тое, што зрабілі нашы продкі, — адзначала першы сакратар райкама БРСМ Кацярына Аўрамчык, — мае вялікае значэнне, і трэба гэтым ганарыцца. – Я ўжо пазнаёмілася з Канстытуцыяй: там шмат надаецца ўвагі патрыятычнаму выхаванню і гістарычнай памяці. І гэта радуе. Але мне здаецца, што гістарычная памяць – гэта памяць не толькі пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, але і вайны ў Афганістане, дзе таксама змагалася шмат нашых салдат. І пра гэта мы павінны памятаць.
Ганаруся дзядулем
Як гэта робяць у сям’і Марыны Каўзуновіч — старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК.
— Наша сям’я захоўвае памяць пра дзядулю Аляксандра Якімчыка, які ўдзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, — заўважыла Марына Аляксандраўна. – Мы ім, сапраўды, ганарымся. Ён – для нас усіх прыклад. І свята 9 Мая – адно з самых значных у нашай сям’і.
Тата – ветэран вайны
— Мой бацька ваяваў, — працягнула гутарку Святлана Шык. – Быў партызанам, затым пайшоў на фронт. Пасля вайны паехаў падымаць цаліну. І з дзяцінства я памятаю, як тата заўсёды рыхтаваўся да 9 Мая. Надзяваў медалі, прасаваў кашулю… Сёння таты няма з намі. Але 9 Мая — асаблівае свята, калі мы збіраемся сям’ёй, згадваем тату. Гэта свята для нас самае дарагое. І сваім дзецям, унукам мы расказваем пра гераічнага дзядулю, паказваем медалі. Бо пакуль жыве памяць – жыве чалавек.
Выступленні ў школах
— У наш час нават пытанне не стаяла пра захаванне гістарычнай памяці, — заўважыла адміністратар тэлеграм-канала Berezino News Ала Альфер. – У школе пастаянна выступалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, расказвалі пра сваё жыццё, ваеннае ліхалецце. – Так, зараз няшмат ветэранаў, якія засталіся з намі. Але ёсць іх дзеці, унукі, праўнукі. Думаю, яны таксма маглі б расказваць пра сваіх продкаў – тым самым “запальваць” патрыятызмам школьнікаў.
Моцная сацыяльна-арыентаваная краіна
Як адзначыла Алена Токан, змяненні і дапаўненні ў Асноўны закон краіны істотныя. І ў кожнага з іх адзін пасыл: Беларусь і надалей будзе заставацца сацяльна-арыентаванай краінай, дзе галоўная каштоўнасць – чалавек. Дзяржава і надалей будзе клапаціцца пра здароўе грамадзян, пра сем’і, пенсіянераў, інвалідаў. Мы і надалей будзем моцнай і квітнеючай краінай.
Гістарычная памяць – фундамент нашай краіны
Падводзячы вынікі дыялогу, усе прыйшлі да меркавання, што гістарычная памяць – фундамент нашай краіны. І вельмі важна захаваць тое, што створана ўжо ў нашай краіне, яе незалежнасць і суверэнітэт.
На гэта і накіраваны асноўныя змены ў Канстытуцыі, адзначылі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.