– Жыву я ў аграгарадку Пагост, – распавядае пра сябе жанчына, – тут і працую. Пад маёй апекай знаходзяцца 12 чалавек ва ўзросце ад 75 да амаль 90 гадоў. Кожны са сваім лёсам, сваёй жыццёвай гісторыяй. Ёсць інваліды 1 групы, ёсць і такія, якім з-за хваробы цяжка нават лыжку падняць… Іх лёсы перапляліся з маім і я штодня стараюся аблегчыць іх боль і жыццё.
Купіць прадукты і тавары першай неабходнасці, прынесці вады і дровы, выпаліць у печы, прыбраць у хаце, дапамагчы прыгатаваць ежу, набыць лекі… Гэтыя клопаты ўваходзяць у асноўныя абавязкі сацыяльных работнікаў.
– Але больш важна ў нашай прафесіі – добра ставіцца да сваіх падапечных, – гаворыць Анжаліка Юр’еўна. – Прыходзіць да іх з добрым настроем, бо для многіх патрэбна не толькі дапамога, а і магчымасць падзяліцца сваімі трывогамі, радасцямі і нягодамі.
Працоўны дзень у Анжалікі Юр’еўны пачынаецца з 5 гадзін раніцы, бо так рана прачынаецца муж Алег Міхайлавіч, які шчыруе вадзіцелем на сырзаводзе. Спачатку гатуе сняданак яму, а потым бласлаўляе малодшую дачушку на школьныя поспехі. Віка вучыцца ў 10 класе. Сыны Яўген і Ягор ужо даўно самастойныя, абодва набылі спецыяльнасць інжынера-механіка. Старэйшы Яўген уладкаваўся ў ААТ “Дабраволец” непадалёк ад Клічава, Ягор выбраў дальнія рэйсы, працуе вадзіцелем.
– А яшчэ ў мяне ўнучка Лера і ўнучак Ягор, – дадае Анжаліка Юр’еўна, – з імі адпачываю душой. І малюем разам, і песні спяваем, і ў агародзе корпаемся…
Да прафесійнага свята – Дня сацыяльнага работніка – Анжаліка Фёдарава адзначана Падзякай камітэта па працы, занятасці, сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.