Ужо 18 гадоў шчыруе інспектарам аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Бярэзінскага ТЦСАН Таццяна Шкель.
Да прафесійнага свята – Дня сацыяльнага работніка – Таццяна Шкель адзначана Ганаровай граматай Бярэзінскага райвыканкама
– Свой працоўны шлях пачынала бухгалтарам, – гаворыць Таццяна Генадзьеўна, – але хутка зразумела, што больш даспадобы працаваць не з сухімі лічбамі, а з людзьмі, дарыць ім часцінку сваёй душы. Спачатку працавала пры ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў Бярэзінскім райвыканкаме, пакуль не адчыніў свае дзверы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Я вяду такія ўчасткі як Беразіно, Паплаўскі і Бярэзінскі сельскія Саветы. На абслугоўванні тут знаходзяцца больш за 200 чалавек, якіх наведваюць 27 сацыяльных работнікаў.
Сярод лепшых – Святлана Цыбульская, Вольга Габрусёнак, Вераніка Аўтуховіч, Алімпіяда Куш, Алена Няхай, Лілія Жук, Алена Клішэвіч і інш. Вельмі прыемна атрымліваць лісты са словамі падзякі ў адрас нашых сацыяльных работнікаў ад удзячных грамадзян, якіх яны абслугоўваюць.
…А пасля работы Таццяна спяшаецца дадому, дзе яе ўвагі і душэўнай пяшчоты чакаюць матуля, сынок і… герань на падаконніках яе ўтульнай кватэры.
Алена ГРОМАВА.
Фота аўтара.