У аснове яго работы – вядзенне бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне дзяржаўнай маёмасці, фарміраванне і правядзенне дзяржзакупак, і яшчэ шмат чаго іншага. Узначаліў калектыў малады кіраўнік Яўгеній Котаў, на плячах якога кантроль усёй дзейнасці ўстановы. Хоць структура яшчэ “дзіця” па ўзросце, аднак за кароткі тэрмін свайго існавання паспела зарэкамендаваць сябе і набыць добрую рэпутацыю.
Сёння хочацца расказаць пра асобу ўласна Яўгенія Котава. Дзе нарадзіўся, з чаго пачынаўся працоўны шлях, якімі кіруецца жыццёвымі арыентырамі, і наогул як гэта – быць маладым кіраўніком?
Прыехаў з Расіі
— Я нарадзіўся ў Расіі, у Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе, у невялікім пасёлку з насельніцтвам прыкладна як у
Беразіно – 12 тысяч чалавек.
Пераехаў сюды разам з бацькамі ў 1993 годзе, тут жа пайшоў у школу, – расказвае мой субяседнік. – Вучыцца давялося ў беларускай гімназіі (так тады называлася навучальная ўстанова), давялося вывучаць беларускую мову. Давялося прыкласці шмат намаганняў. Школу закончыў у 2004-м, усе прадметы былі па-беларуску, і я добра валодаў мовай да таго часу. А пасля паступіў ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка на спецыяльнасць выкладчыка гісторыі і замежнай мовы. Справа ў тым, што ў школьныя гады вельмі добры след ува мне пакінула настаўніца гісторыі Надзея Іванаўна Кудра, яна літаральна заразіла мяне цікавасцю і любоўю да свайго прадмета. Да таго ж яшчэ ўдзельнічаў у розных алімпіядах па дадзеных прадметах. Таму ў выбары будучай спецыяльнасці я не вагаўся, і ўдзячны маім педагогам.
Гісторык, філолаг і эканаміст
– Па размеркаванні прыехаў працаваць у Паплаўскую школу, дзе выкладаў французскую мову, таксама працаваў і ў бярэзінскай гімназіі. Праз час запрасілі быць настаўнікам гісторыі ў Мачаскай школе.
Дарэчы, у 2011-12 гадах паралельна з асноўнай работай я прайшоў перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі і атрымаў спецыяльнасць мэнэджэра-эканаміста. Так што я гісторык, філолаг і эканаміст. Мне заўсёды цікава засвоіць новую прафесію.
Давялося папрацаваць і дырэктарам школы. А ў 2020-ым годзе запрасілі на пасаду кіраўніка нашага цэнтра.
Кіраўнік цэнтра
– Згадзіўся доўга не раздумваючы. Па натуры я такі чалавек, як ужо казаў, люблю брацца за нешта новае. Напрыклад, калі быў яшчэ выкладчыкам, настаўнікам, захапляўся робататэхнікай, вёў адпаведны гурток для вучняў, вышукваў неабходнае абсталяванне, дзеткам было цікава.
Цэнтр ствараўся з нуля. Самі рамонт рабілі ў будынку.
Складана?
— Аб’ём работы ў нас сур’ёзны. Тут і сферы адукацыі, культуры, і шэсць сельскіх саветаў. Гэта прынцыпова розныя арганізацыі, з рознымі функцыямі і розным фінансаваннем. Пытанні ж фінансавання ідуць праз наш цэнтр. Таму асобна стаіць тэма бухгалтэрыі, тэмы транспартнага і гаспадарчага забеспячэння.
Быць шчырым
– Галоўны прынцып: трэба быць шчырым і адкрытым перад людзьмі з самага пачатку. Можа ў кагосьці чаканні ад новага месца працы былі неапраўдана вялікімі, але тут асаблівасць такая: як ты сам усё зробіш, колькі сіл укладзеш, так табе і будзе ў канчатковым выніку.
Пра рэферэндум
– Усё ў свеце мяняецца: і сам свет, і палітычная сітуацыя. Таму мы, калі хочам паўсюль паспяваць і ісці ў належным накірунку, павінны правільна падстраівацца пад дыханне часу і абавязкова прыняць удзел у рэферэндуме. Мы павінны эвалюцыяніраваць у развіцці. Асабіста мне падабаецца шмат пунктаў у праекце абноўленай Канстытуцыі: і захаванне гістарычнай памяці, і патрыятызм, і неабходнасць асабістага клопату за здароўе, і вызначэнне інстытуту сям’і як саюзу мужчыны і жанчыны, і шмат іншага. Таму я абавязкова прыму ўдзел у рэферэндуме, і заклікаю сваіх калег, сяброў, блізкіх, жыхароў Бярэзіншчыны да гэтай справы. Разам мы сіла. Разам мы можам вызначыць будучыню і ісці да стабільнага развіцця ва ўсіх напрамках нашай дзейнасці і жыцця.
Захапленні
– Вольнага часу стала мала, аднак я лічу, што ў чалавека павінны быць нейкія захапленні апрача работы. Вось у студэнцкія гады захапляўся спортам, у прыватнасці плаваннем. Цяпер – рыбалкай, аднак па магчымасці, выпадае раз на паўгода выбрацца з вудамі.
Сям’я – тыл і падтрымка
– Сям’я – мой надзейны тыл! З жонкай Юляй пажаніліся ў 2017 годзе, у нас двое дзетак. Старэйшаму сыну Даніілу чатыры з паловай гадкоў, а малодшая дачушка Сафійка нарадзілася летам 19 чэрвеня. Любім разам гуляць. Калі выпадае снег зімою, захапляемся лыжамі. З сынам наведваемся ў басейн, Данііл вельмі любіць плаваць. Зразумела, дапамагаю жонцы выхоўваць. Дзеці ж як губка усё ўпітваюць, і добрае, і дрэннае, таму важна ўласным прыкладам навучыць. Калі даводзіцца затрымлівацца на рабоце, жонка Юлечка ставіцца з паразуменнем. Кахаем і паважаем адзін другога. І падтрымліваем! Сям’я гэта ў жыцці вельмі значны складальнік. Планы таксама абмяркоўваем разам. Зараз вось першай задачай стаіць закончыць будаўніцтва дома.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.