Выдатным месцам для яго стаў прыпынак на вуліцы Кастрычніцкай горада, непадалёк каля святлафора і нерэгуліруемага пешаходнага пераходу.
– Месца, і сапраўды, выдатнае для выяўлення парушальнікаў, бо побач рынак і крамы, ды і транспарту ў гэты пасляабедзенны час тут хапае, – заўважыў Дзмітрый Карасёў.
Хто мае рацыю - вадзіцель альбо пешаход?
Не пагадзіцца з гэтым цяжка, бо час ад часу праязджалі легкавыя аўтамабілі, імчалі грузавікі і аўтобусы, ды і пешаходы карцінна перад людзьмі ў форме пераходзілі дарогу. Праўда, так бывае на гэтым ўчастку не заўсёды, бо ўсім у горадзе вядома, колькі тут было наездаў на пешаходаў.
– Усяму віной элементарная непавага адных удзельнікаў руху да другіх, бо пешаходы абачліва лічаць, што аўтамабіль заўсёды павінен саступаць ім дарогу, – заўважыў мужчына, – і ніколькі не абцяжарваюць сябе аналізам сітуацыі. А што рабіць, калі ў выніку дарожнага руху і сітуацыі вадзіцель вас проста не заўважыў, альбо ўбачыў позна і нічога не паспеў зрабіць?
– Але як быць, калі ты пераходзіш вуліцу на зялёнае святло святлафора і ў лічаных міліметрах ад цябе нясецца па галоўнай дарозе машына, – не супынялася я. – У такой сітуацыі перад вачыма ўмомант праносіцца ўсё жыццё і, ачуняўшы, ты можаш пабачыць толькі прычоску жанчыны-вадзіцеля ў выглядзе хваста.
Тут таксама трэба разбірацца. Магчыма, жанчына-кіроўца і сапраўды парушыла правілы і павінна панесці пакаранне. Але і вы абавязаны быць пільнымі на дарозе, лішні раз азірнуцца і ацаніць сітуацыю. Не рызыкуйце дарэмна. І яшчэ адзін важны момант: вы пераходзілі дарогу, зялёны свет мільгацеў альбо пастаянна гарэў? Гэта таксама вельмі важна.
Ах, гэты гендар!
Дарэчы, па словах інспектараў, на жанчын-кіроўцаў я наракаю дарэмна, бо не менш за аўталэдзі грашаць непавагай адзін да аднага і мужчыны.
– Нядаўна быў такі выпадак: іншамарка выехала з двара па вуліцы Хонінава горада паміж двума шматпавярховымі дамамі, насустрач ёй рухалася іншая машына, але ніводны вадзіцель не палічыў патрэбным прапусціць аўтамабіль. У выніку давялося выклікаць інспектараў. Але што нам было рабіць, калі ніхто з вадзіцеляў нічога не парушыў, але вырашыў такім чынам паказаць свой нораў.
“Шмат” гадоў і без правоў!
Дарэчы, такіх кур’ёзных выпадкаў у “даішнай” практыцы адзінкі. Бярэзінцы ў большасці сваёй не шукаюць сабе дарожных прыгод. Хаця і сустракаюцца яшчэ факты ваджэння ў нецвярозым стане, перавышэння хуткасці і кіравання без вадзіцельскага пасведчання.
– Апошніх кіроўцаў мы ўмоўна падзяляем на тры часткі: адны страцілі правы ў выніку парушэнняў, у іншых забралі дакументы часова, а вось трэція, наогул, ніколі не мелі правоў на ваджэнне, – тлумачыць інспектар. – Не магу сказаць, хто з іх самы небяспечны на дарозе, бо нядаўна чыста выпадкова спынілі састарэлага кіроўцу ў горадзе. А ў яго ніколі не было дакументаў.
А як жа без пытанняў?
За той час, пакуль мы размаўлялі, Канстанцін Жораў праверыў некалькі аўтамабіляў. На шчасце, прэтэнзій да іх у інспектара не было і вадзіцелі з радасцю развітваліся. Праўда, стаяць без справы ў Дзмітрыя Карасёва не атрымалася.
– Я ваш “даішны” аўтамабіль заўважыў з акна сваёй кватэры і паспяшаўся, каб даведацца, на колькі ж кіламетраў у гадзіну я перавысіў хуткасць на дарозе ў Барысаве і атрымаў лісты шчасця, – звярнуўся да яго мужчына.
Не менш сур’ёзнае пытанне задаў і яшчэ адзін немясцовы кіроўца. Ён ужо атрымаў нядаўна значны штраф, а цяпер і пэўную рэкамендацыю – адвучыцца на новую катэгорыю ваджэння.
– Адказваць на пытанні людзей нам няцяжка, бо мы аднолькава паважаем кожнага ўдзельніка руху і імкнёмся дапамагчы кожнаму разабрацца ў нюансах правілаў дарожнага руху. Мы стараемся быць ветлівымі і заклікаем да гэтага ўсіх бярэзінцаў. З павагі, на наш погляд, пачынаецца парадак і бяспека на дарозе!
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.