Добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі

Date 12.04.2022 Man
Comment 996
Добраўпарадкаванне і навядзенне парадку на зямлі

Менавіта гэта тэма стала асноўнай для абмеркавання падчас 53-й сесіі раённага Савета дэпутатаў 28 склікання на чале з яго старшынёй Віктарам Лашкоўскім.

Чысціня каля дома і прылеглых тэрыторый!

Першай па дадзеным пытанні выступіла начальнік інспекыіі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Дамаронак:

– Усе пункты плана мерапрыемстваў па навядзенні парадку на зямлі за 2021 год мы выканалі. Праведзена азеляненне горада і раёна, адрамантаваны дзіцячыя пляцоўкі, высаджаны дрэвы і кустарнікі, знесена шмат пустуючых дамоў і гэтак далей. Зроблена шмат. Але работы па добраўпарадкаванні ніколі не спыняюцца. На жаль, іншы раз людзі самі забруджваюць тэрыторыю. Утвараюць гару смецця, да прыкладу, на прыпыначных пунктах! Забываюцца, напэўна, што прыпыначныя пункты прызначаны не для адходаў, для гэтага ёсць кантэйнерныя пляцоўкі… Хочацца, каб бярэзінцы больш цанілі працу іншых і клапаціліся пра чысціню нашага горада і раёна.

Здараецца і так, што смецце са сваіх участкаў людзі вывозяць у лес… Хочацца нагадаць, што за складзіраванне смецця ў несанкцыянаваным месцы прадугледжана пакаранне! Налічваецца адміністрацыйны штраф, а таксама выплачваецца ўрон, які нанесены навакольнаму асяроддзю (а гэта зусім немалыя сумы!).

У нас зацверджаны ўжо новы план па добраўпарадкаванні на бягучы год. Нагадаем, што ў раёне да 30 красавіка праводзіцца месячнік па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторый. Далучыцца прапаноўваем кожнаму!

У бягучым годзе спецялістамі інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя ўжо праведзена 67 рэйдаў, выяўлена 67 парушэнняў, выдадзена 45 прадпісанняў, складзена 22 адміністра-цыйныя пратаколы, устаноўлены 4 факты нанясення ўрону навакольнаму асяроддзю, ліквідаваны 4 звалкі.

Лічу, што нам яшчэ больш увагі неабходна ўдзяляць рабоце з насельніцтвам. Тлумачыць, што навядзенне парадку на зямлі – гэта не толькі прыбраць на сваіх рабочых месцах, але ў першую чаргу каля дома, на прылеглай тэрыторыі!

Давайце жыць у чысціні!

– Навядзенне парадку на зямлі – гэта штодзённая работа. Яна ніколі не спыняецца. Пагадзіцеся, прыемна гуляць па чыстым горадзе, атрымліваць задавальненне ад яго прыгажосці і ўтульнасці. Зусім іншая карціна ўзнікае перад вачамі, калі мы бачым смецце і бруд. Тут усё залежыць ад нас, жыхароў: і малюнак за акном, і ўтульнасць у агульным доме, які называецца Бярэзіншчынай, – зазначыў Віктар Валянцінавіч. – Таму нам патрэбна працаваць з людзьмі, тлумачыць ім, што чысціня каля дома – гэта норма жыцця. А іншы раз страшна прайсці па вёсцы: столькі смецця, якое гаспадары не збіраюцца нават прыбіраць. Чаму нельга смецце выкінуць у кантэйнеры? Наша задача, як дэпутатаў, вучыць людзей жыць у чысціні.

Пустуючыя землі неабходна ўводзіць у сельгасабарот

Аб гэтым гаварыў на пасяджэнні начальнік аддзела землеўпарадкавання Уладзімір Трухан:

– І гэта таксама работа не разавая, а пастаянная! Наша задача – перадаваць пустуючыя землі сельгаспрадпрыемствам. У гэтым годзе плануецца ўвесці каля 290 гектараў зямель у сельгасабарот.

Захаванне санітарных норм

Добраўпарадкаванне заўсёды ў полі зроку і супрацоўнікаў Бярэзінскага РЦГЭ. Як заўважыў урач-гігіеніст Сяргей Масюк, яны пастаянна праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы. Асноўныя парушэнні: стыхійныя звалкі каля могілак і захламленасць тэрыторый каля дамоў у сельскай мясцовасці.

Дапамагаць людзям

Таксама на сесіі зацвердзілі справаздачу аб рабоце Бярэзінскага раённага Савета дэпутатаў за 2021 год. З дакладам па дадзенай тэме выступіла галоўны спецыяліст райсавета Таццяна Мілько:

– Як заўсёды, у сваёй рабоце мы цесна супрацоўнічалі з райвыканкамам, яго структурнымі падраздзяленнямі, грамадскімі арганізацыямі, сельскімі Саветамі. Было праведзена 12 сесій. І кожнае з пытанняў у той альбо іншай ступені датычылася паляпшэння жыцця людзей. На кожнай сесіі прымаліся адпаведныя рашэнні. Неабходна адзначыць, што Савет дэпутатаў заўсёды кантралюе дасканалае выкананне рашэнняў, праводзіцца аналіз. Раённы Савет дэпутатаў каардынуе дзейнасць сельскіх Саветаў дэпутатаў. Праводзіцца кантроль за выкананнем пастаўленых задач па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні, у тым ліку па зносе пустуючых дамоў, добраўпарадкаванні могілак і гэтак далей. За 2021 год на тэрыторыях сельскіх населеных пунктаў былі спілаваны 1098 аварыйных дрэў, знесена 23 пустуючыя дамы, 24 безгаспадарчыя пабудовы, добраўпарадкаваны 16 безгаспадарчых участкаў, прыбраны 410 звалак і гэтак далей. Таксама актыўны ўдзел у высадцы дрэў прымалі і дэпутаты як першаснага, так і раённага ўзроўню.

Вядома ж, пастаянна вядзецца і работа з насельніцтвам. Тлумачым, што такое парадак на зямлі, раім навесці яго каля дома, на прылеглых тэрыторыях.

Вялікую ўвагу надаём добраўпарадкаванню могілак і воінскіх захаванняў. За 2021 год былі добраўпарадкаваны 19 могілак.

Дэпутаты ўдзельнічаюць і ў рабоце аглядавых камісій: тлумачаць людзям пра пажарную бяспеку, захаванне маёмасці, займаюцца прафілактыкай алкагалізму… На асаблівым кантролі – шматдзетныя сем’і, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, пенсіянеры.

Не застаецца па-за ўвагай дэпутатаў і работа са зваротамі грамадзян. З якімі праблемамі часцей за ўсё звяртаюцца? Спільванне дрэў, добраўпарадкаванне могілак, асвятленне вуліц і іншае.

Дэпутаты актыўна прымаюць удзел у раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах.

Галоўная задача дэпутатаў райсавета, сельсавета – дапамагаць людзям, не пакідаць іх сам-насам са сваімі праблемамі. Работа ў дадзеным накірунку працягваецца і сёлета.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER