У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы вучылішча і прадстаўнікі раёнаў Міншчыны, вучні старэйшых класаў.
Беразіно прадстаўлялі начальнік Бярэзінскага раённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз – падпалкоўнік юстыцыі Міхаіл Ходас, начальнік сектара судова-медыцынскіх экспертыз Бярэзінскага раённага аддзела ДКСМ Дзмітрый Ачыновіч і вучаніца Капланецкай школы Ганна Молчан.
– Хутка перад моладдзю, якая тут сабралася, паўстане вельмі сур'ёзнае пытанне – выбар будучай прафесіі, – адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення – галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт па Мінскай вобласці Уладзімір Семянко-Баярынцаў, абазначыўшы мэту мерапрыемства. - Правёўшы дзень адчыненых дзвярэй, мы даём магчымасць блізка пазнаёміцца з нашай прафесіяй, у інтэрактыўным рэжыме паўдзельнічаць у рабоце судовага эксперта, правесці некаторыя эксперыменты, даведацца ўсё на практыцы.
Пра прафесію
Прафесія крыміналіста займае асаблівае месца ў праваахоўнай сістэме. Яна аб’ядноўвае веды ў вобласці фізікі, хіміі, біялогіі, якія ў комплексе дазваляюць раскрыць злачынства, сабраць неабходную даказальную базу. Пры здзяйсненні злачынства фарміруецца следча-аператыўная група, у якую ўваходзіць і супрацоўнік Дзяржкамітэта судовых экспертыз. Чамадан эксперта-крыміналіста ў яго заўсёды з сабою. Тэхнічныя сродкі ў чамадане дазваляюць фіксаваць абстаноўку месца здарэння, выяўляць пакінутыя сляды.
Дарэчы, крыміналістычная навука мае шмат разгалінаванняў. Графалогія вывучае почырк. З дапамогай спецыяльных метадаў графолагі выяўляюць стан чалавека, у якім ён пісаў або падпісваў які-небудзь дакумент, таксама нервознасць фігуранта справы, ступень алкагольнага ап’янення. Балісты даследуюць агнястрэльную зброю, з якой здзяйснялася злачынства. Трасалогія выяўляе сляды, пакінутыя на месцы здарэння. Напрыклад, сучасным трасолагам даводзіцца чытаць сляды ад абутку, разглядаць сляды ўзломаў і сляды, пакінутыя аўтамабілямі пры дарожна-транспартных здарэннях. І часам аўтамабіль “расказвае” больш, чым кіроўца, але гаварыць замест іх даводзіцца спецыялісту.
Часам судовыя эксперты разгадваюць сапраўдныя рэбусы, калі падазраваемы робіць пластычную аперацыю, каб утаіць знешнасць. Нават у такіх выпадках вопытныя партрэтысты ўстанаўліваюць асобу па фота.
Ну а падробка грошай і дакументаў – гэта класіка ў свеце злачынстваў. Прафесіяналы распазнаюць фальшыўку адразу. Папера, фарбы, пячатка, подпісы выдаюць і сапраўднага гаспадара, і нават прынтар, з дапамогай якога былі выраблены.
Метадаў работы эксперта-крыміналіста налічваецца шмат, удасканальваюцца яны пастаянна. Вынікі работы крыміналіста не падвяргаюцца шырокай агалосцы, нярэдка дзякуючы ім у судзе вырашаюцца лёсы людзей.
Цікава ведаць
Для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы судовай экспертнай дзейнасці Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22.04.2013 № 202 быў створаны Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз. Структура падпарадкоўваецца непасрэдна Прэзідэнту. Дзяржкамітэт мае афіцыйныя геральдычныя сімвалы, эмблему, сцяг, нагрудны знак адрознення за заслугі.
Толькі за адзін год у Дзяржкамітэце праводзіцца звыш 265 тысяч экспертных доследаў па больш чым 160 разнастайных відах судовых экспертыз. Сярод іх больш за 165 тысяч судовых медыцынскіх экспертыз трупаў, фізічных асоб, гісталагічных і медыка-крыміналістычных, біялагічных і біяхімічных судовых экспертыз. Звыш 43 тысяч крыміналістычных, дактыласкапічных трасалагічных, почырказнаўчых судовых экспертыз, а таксама судовых экспертыз дакументаў, халоднай і кідальнай зброі. Больш 27 тысяч псіхіятрычных, сярод якіх псіхалагічныя і сексалагічныя судовыя экспертызы, а таксама псіхафізіялагічныя, з выкарыстаннем паліграфа. Звыш 17 тысяч спецыяльных пажарна-тэхнічных, выбухова-тэхнічных і іншых судовых экспертыз. Асаблівая ўвага надаецца судовай экспертызе наркотыкаў. Больш 15 тысяч тэхнічных, камп’ютарна-тэхнічных, радыёэлектронных прыстасаванняў, фанаскапічных, лінгвістычных, эканамічных, будаўніча-тэхнічных і таваразнаўчых экспертыз.
Раскрылі "забойства"
Падчас мерапрыемства кадэтам і старшакласнікам прадэманстравалі працу спецыялістаў на месцы здарэння і магчымасці крыміналістычнай, тэхнічнай і спецыяльнай судовай экспертызы.
Так, прысутныя пабывалі на імправізаваным “месцы забойства”, прасачылі за працай эксперта-крыміналіста на месцы злачынства.
Фабула справы: пасля сумеснага распіцця спіртных напояў сабутэльнікі пасварыліся, справа дайшла да бойкі і гібелі аднаго ўдзельніка. Другі сабутэльнік выкраў з сейфа матэрыяльныя каштоўнасці і паспрабаваў схаваць сляды злачынства, але не атрымалася, таму знік у невядомым накірунку.
Старшы эксперт Слуцкага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксандр Козел расказаў і паказаў, як знімаюцца сляды, у тым ліку біялагічныя, як спецыяльнымі парашкамі апрацоўваюцца паверхні. Пад яго кіраўніцтвам прысутныя зрабілі гіпсавы злепак абутку магчымага злачынцы.
Цікавілі юнакоў і дзяўчат дэманстрацыя судовай экспертызы халоднай і кідальнай зброі, даследаванне спіртазмяшчальнай вадкасці (быў прадэманстраваны прататып самагоннага апарата), псіхатропных рэчываў. З вялікім задавальненнем юнакі і дзяўчаты праводзілі адзін аднаму судовую дактыласкапічную экспертызу, партрэтную ідэнтыфікацыю.
Сапраўдны рэбус прапаноўвалі разгадаць падчас даследавання VIN нумароў аўтамабіля. Немалой папулярнасцю карысталася перасоўная крыміналістычная лабараторыя, судовая экспертыза радыёэлектронных прылад.
Таксама можна было пазнаёміцца з музейнымі экспазіцыямі.
Вызначыцца з прафесіяй
– Мяне даўно вельмі сур’ёзна вабіць прафесія крыміналіста-следчага, – расказвае Ганна Молчан. – Сённяшні ж дзень адчыненых дзвярэй дазволіў адчуць глыбіню і складанасць гэтай справы, абудзіў яшчэ большую цікавасць.
Сёлета дзяўчына заканчвае 11 класс і збіраецца паступаць у Акадэмію МУС. Зрабіць такі выбар у жыцці натхняюць кіно і кнігі, якімі Ганна захапляецца. Мама працуе тэхнікам-асемянатарам, тата – механізатар, ёсць яшчэ малодшыя брат і сястра – усе яны падтрымліваюць намеры Ганны.
– Шаную і люблю сваіх родных, а яны паважаюць маё рашэнне, – пацвярджае сёлетняя выпускніца.
Сёння можна асабліва не задавацца пытаннем, наколькі “жаночая” прафесія крыміналіста, дзяўчат на мерапрыемстве прысутнічала шмат. Нямала іх і сярод навучэнцаў Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча.
Дарэчы, зараз у названай установе вучацца трое кадэтаў з Беразіно. Гэта Ілья Данэйка, Дар’я Ясікава і Уладзіслаў Лацішко. Па іх словах, вучыцца тут цікава і зусім няцяжка, яны ніколькі не шкадуюць, што паступілі, заняткі ў вучылішчы іх з’ядналі і нарадзілі сяброўства.
І хоць не ўсе пасля вучобы пойдуць сцежкай крыміналістыкі, аднак сённяшняе мерапрыемства было для іх пазнавальным і пайшло на карысць.
– Вельмі прыемна бачыць на дні адчыненых дзвярэй нашых будучых паслядоўнікаў, сённяшніх старшакласнікаў і кадэтаў, якія праз пэўны час, магчыма, прыйдуць працаваць да нас у Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, – падзяліўся ўражаннямі падпалкоўнік юстыцыі Міхаіл Ходас.
Дарэчы, сам Міхаіл Мікалаевіч працуе ў органах правапарадку ўжо 21 год. Пачынаў з патрульна-паставой службы Бярэзінскага РАУС. А з ліпеня 2013 года перавёўся ў Дзяржкамітэт і з тае пары аддаецца любімай справе напоўніцу. Неаднаразова адзначаўся кіраўніцтвам.
Напрыканцы хочацца працытаваць словы намесніка начальніка ўпраўлення судовых экспертыз па Мінскай вобласці Уладзіміра Семянко-Баярынцава: “Чалавек, калі працуе экспертам-крыміналістам, атрымлівае не толькі ўнутранае задавальненне ад работы, але і прыносіць карысць грамадству, ён зрабіў правільны выбар”. І вось спынімся на гэтым, дазволіўшы кожнаму з прысутных на мерапрыемстве юнакоў і дзяўчат самастойна вызначыцца з правільным прафесійным выбарам.
Упраўленне камітэта судовых экспертыз падарыла Мінскаму абласному кадэцкаму вучылішчу тэнісны стол.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.