Устаноўлена яна ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні вязняў канцлагера Бухенвальд, якое адбылося 11 красавіка 1945 года. За час існавання лагера каля 239 тысяч чалавек былі яго вязнямі. У лагеры яны падвяргаліся злачынным медыцынскім эксперыментам, зняволеных эксплуатавалі ўладальнікі буйных прамысловых фірмаў. У ім было знішчана звыш 56 тысяч зняволеных 18 нацыянальнасцей, у тым ліку 19 тысяч савецкіх ваеннапалонных.
11 красавіка 1945 года зняволеныя Бухенвальда, даведаўшыся пра наступленне саюзных войскаў, падняліся на паўстанне, абяззброілі і захапілі ў палон каля 200 ахоўнікаў, узялі ў свае рукі кіраўніцтва лагера. 12 красавіка ў лагер уступілі амерыканскія войскі.
Сістэма канцлагераў ў Германіі была ліквідавана разам з разгромам гітлерызму, асуджаная ў прысудзе Міжнароднага ваеннага трыбунала ў Нюрнбергу як злачынства супраць чалавечнасці. У гэты дзень у многіх краінах праходзяць розныя памятныя мерапрыемствы, сустрэчы былых вязняў, ускладанне кветак да магіл і месцаў пахавання ахвяр фашызму, а мы яшчэ раз узгадваем тыя страшныя падзеі і аддаём даніну павагі тым, хто загінуў і хто выжыў у тым пекле, у надзеі на тое, што падобнае больш ніколі не паўторыцца ў чалавечай гісторыі.
Усе перакрэсліла вайна
Вайна ўварвалася ў жыццё 16-гадовай Соф’і Барысевіч з паведамлення па радыё. Мінула ўжо шмат гадоў, але жанчына і сёння ўспамінае невялічкую хатку з адзінай радыёкропкай у вёсцы Святліца, не сціраецца з памяці не толькі яна, але і першыя ўражанні ад раптоўных бамбёжак.
– Нямецкія самалёты бамбілі Беразіно, мост цераз раку, – успамінае жанчына. – Мы хаваліся ў акопах, якія выкапалі каля хлявоў. Потым пачаліся баі, у якіх першым прыняў смерць ад акупантаў Уладзімір Татаронак. Ды і пасля шмат людзей загінула.
“Дзядзька Апанас, кінь рыбы!”
Юная Соф’я ў поўнай меры спазнала ўсе жахі фашысцкай акупацыі і начыста выкрасліла з памяці шчаслівае даваеннае жыццё. А між тым, бацька дзяўчыны, Афанасій Іванавіч Шмэрка, быў першым старшынёй мясцовага калгаса “Сцяг Леніна”. Выбар на яго паў невыпадкова, бо ён быў добры гаспадар і бацька траіх дзяцей (акрамя Соф’і, у яго было яшчэ два сыны: старэйшы Пётр і малодшы Яўген. Бацька ганарыўся сваімі дзецьмі, бо яны і жонка Кацярына Епіфанаўна з’яўляліся вернымі памочнікамі. Разам яны працавалі на зямлі і займаліся лоўляй рыбы.
– У той час у нашай вёсцы стаяла рыбалоўная арцель, – гаворыць жанчына, – нярэдка пакупнікамі рыбы былі яўрэі. Тата асабіста знаёміўся з імі і па першым часе вайны хаваў пад падлогай яўрэя. Ён моцна рызыкаваў, бо ў нашай хаце тады кватараваў прызначаны немцамі стараста.
Афанасій Іванавіч забяспечваў рыбай партызан. “Дзядзька Апанас, падкіньце нам рыбы” - прасіў яго партызан Шура Шамко. Партызаны тады хаваліся ў Чорнай кручы, а рыбакі, праплываючы міма, кідалі ім на бераг рыбу. Калі гэты план зрываўся, у лодку з рыбай садзілася Соф’я.
– Вядома, было страшна але я гаварыла ўсім, што вязу рыбу цётцы, - удакладніла Соф’я Афанасьеўна, - а сама праз лес ішла да дарогі на Гарэнічы, дзе пакідала свой пакунак.
Не выратавалі і вадыры ад апёкаў
Не менш страшна было дзяўчыне, калі пачаліся аблавы на моладзь. Бацькі хавалі яе ў ямку, якую пракапалі з сенцаў, а брата – у клеці.
– Спачатку немцы прапаноўвалі добраахвотна паехаць на прымусовыя работы ў Германію, – працягвае яна, – але ахвотнікаў было няшмат. Тады і пачаўся хапун. Вясной 1944 года стараста пачаў раздаваць павесткі моладзі 1925-1926 гадоў нараджэння. Каб мяне не забралі, я да вадыроў апякла руку і нагу.
Аднак гэта не дапамагло, 4 красавіка Соф’ю, шасцярых дзяўчат і чацвярых юнакоў павезлі ў Барысаў. Там пераначавалі, а на наступны дзень пагрузілі ў цялятнікі і павезлі.
– Крый Божа, як у мяне балелі рука і нага, – войкае жанчына.
Ужо ў Германіі на станцыях іх па 5-6 чалавек забіралі сабе купцы. Восем забрала да сябе гаспадыня на торфабалота. У гэты склад трапіла Соф’я, яе вясковыя дзяўчаты і дзве з Лешніцы. Ужо там дзяўчыне доктар залечваў апёкі.
Ад серады да суботы
– Працавалі мы на тарфяным балоце, – гаворыць жанчына, – капалі торф і складвалі яго ў бурты. Патрабавалася штодзень выконваць норму, за гэтым пільна сачыў назіральнік з бізуном. Вопраткі ніякай спецыяльнай не было. Неяк выдалі нам драўляны абутак, дык мы ногі панаціралі так, што дагэтуль яны памятаюць той нясцерпны боль.
Але больш за ўсё не даваў спакою прымусовым работнікам голад. Кармілі іх у асноўным баландой з бручкі, ды выдавалі па бохане хлеба, з якім патрэбна было пратрымацца з суботы да серады і ад серады да суботы. Усім яго яўна было мала. Таму хлопцы зрабілі лаз у агароджы і хадзілі прасіць ежы. Набралася смеласці і пайшла ў гэты рызыкоўны паход і Соф’я.
– Кіламетраў дваццаць ішла з хлопцам, – гаворыць жанчына, – зайшлі ў дом, пачалі прасіць паесці альбо картак на хлеб. Але нас груба выгналі і сабак нацкавалі. Хлопец спрытны аказаўся – адразу ўцёк, а мяне сабака ірвануў. Крыху абвязалі рану рукавом кашулі і пабеглі ў лагер.
Гэта потым Соф’ю навучылі, у якія дамы трэба ўваходзіць (дзе гаспадары – камуністы). Сапраўдным паратункам ад вечнага голаду стала яе праца ў адной немкі. Тут яна даіла кароў, палола грады і сумленна зарабляла невялікі збан малака і скварку.
– Муж гэтай немкі ведаў рускую мову і аднойчы гаворыць мне: “Пайшлі, пачуеш, дзе сёння фронт”, – працягвае ўспамінаць Соф’я Афанасьеўна, – узяў прыёмнік, доўга яго круціў, пакуль адтуль не выбухнула “Гаворыць Масква”. Не трэба казаць, як я тады моцна заплакала.
Да восені батрачылі яны на балоце, адтуль іх накіравалі на цукровую фабрыку ў Гільдэстайм, за 20 кіламетраў ад Гановера. Тут дзяўчаты насуперак усяму ўмудраліся выносіць кавалак цукру пад фартухамі і частавалі хлопцаў, якія былі заняты на цагельным заводзе.
За што білі бізунамі
Неяк да Соф’і і яе сяброўкі Ганны прыйшлі паліцэйскія, – “Шмэрка і Ермаковіч, ком”. Іх прывезлі ў будынак, дзе ў акенцы ўзялі адпячаткі пальцаў. Потым завялі ў вялікі пакой, пасярод якога стаяў стол, паабапал якога на сценах вісела шмат бізуноў. Тут немцы дапытвалі траіх, што ўкралі моркву. Прыйшла чарга дзяўчат. “Дык куды вашы ідуць?” – было першае пытанне. І прыгадалі адну з начэй, калі яны пісалі пісьмы стрыечным братам. За гэта іхбілі бізунамі, потым павезлі ў Гановер. Там на фабрыцы “Пелікан” яны ўжо былі палоннымі, іншы раз выводзілі за тэрыторыю прыбіраць смецце. Праўда, працаваць там давялося нядоўга.
– Хутка пачаліся бамбёжкі, – гаворыць жанчына. – А фабрыка была такой вялікай, як уся наша Святліца, ды і ў 13 паверхаў. Аднойчы ў час бамбёжкі мы з сяброўкай абшчапіліся і ўспомнілі пра пайку хлеба: “Давай хлеб з’ядзім, а то памром, дык прападзе”.
Потым Соф'я Шмэрка і яе сяброўка Ганна Ермаковіч працавалі зноў на торфаболоце, куды зганялі ўсіх астатніх вязняў, якія дагэтуль працавалі ў баўараў. Аднойчы іх сабралі і некуды павялі, усе перажывалі, што зачыняць у хлеўчуку і падпаляць. Але ў дарозе пачалася страляніна і ўсе разбегліся. Пэўны час хаваліся ў ямінах. А потым іх сабралі і павезлі ў Шчэцін. Затым была праверка, а пасля ўсіх пасадзілі ў цягнік і адправілі на Мінск. Радзіма вітала палонных музыкай “Развітанне славянкі”.
Матуліна сэрца не падманеш
Потым зноў быў цягнік, які вёз у Магілёў, бо Беразіно ўваходзіла ў склад Магілёўскай вобласці. Дзяўчаты, а іх, як і раней, было шасцёра, сышлі ў Барысаве, адтуль па Беразіне на скрыпе дабіраліся дамоў. Ужо ў Барысаве на прыстані Соф’я даведалася, што бацькі і браты жывыя. Дамоў яна вярнулася ў гадзіну ночы.
– Маці сэрцам адчувала, што я хутка вярнуся, – успамінае жанчына, – чыста прыбрала дом і прыгатавала ежу. Не перадаць словамі, якая гэта была радасць вярнуцца ў родны дом, да сваіх блізкіх і родных.
Памяць – на ўсё жыццё і ўсім нашчадкам
Сёння Соф’і Афанасьеўне ўжо 96 гадоў. Няма ў яе былых сіл і здароўя. Яна перамяшчаецца на інваліднай калясцы і яе моцна падводзіць памяць. Але не даюць забыцца пра тыя жудасныя падзеі дзеці, унукі і праўнукі. Яны беражліва захоўваюць усе старыя фотаздымкі, былыя публікацыі і ганарацца мужным подзвігам матулі і бабулі.
– Лёс дараваў нашай матулі доўгае жыццё, – гаворыць дачка Тамара, – за шчырае сэрца, вялікую працавітасць і выключныя смеласць і гераізм.
Соф'я Афанасьеўна з дачкой Тамарай
Соф'я разам з іншымі вязнямі
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.