Заробкі выплачваюцца своечасова, скарачэнняў няма

Date 08.04.2022 Man
Comment 806
Заробкі выплачваюцца своечасова, скарачэнняў няма

Не паспелі мы адысці ад нападак усялякага кшталту палітыкаў і “абаронцаў дэмакратыі” пасля падзей жніўня 2020 года, як няпростым грузам на нас зваліліся прадыктаваныя ЗША санкцыі краін Захаду, якія ставяць сваёй мэтай падарваць эканамічны патэнцыял нашай рэспублікі і братняй Расіі. Наколькі ж удалымі аказваюцца гэтыя патугі, ці паўплывалі санкцыі на эканоміку нашага раёна? 

Пра гэта мы размаўляем з намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта Паўлам Сугака.

- Павел Міхайлавіч, наколькі адчувальнымі з’яўляюцца для нашага рэгіёна замежныя эканамічныя санкцыі? Якія перамены прынеслі яны з сабой?

- Пра гэта я б параіў паразмаўляць не са мной, а радавымі жыхарамі Бярэзіншчыны. Пацікаўцеся: што памянялася ў іх жыцці з пачатку года? Думаю, што яны падкрэсляць два наступныя моманты: скачкі курса долара і павелічэнне цаны на некаторыя тавары. Сапраўды, ёсць і тое, і другое. Толькі вось долар істотна “скінуў” у сваім кошце, паколькі абмяжоўваецца яго выкарыстанне як плацежнага валютнага сродку. Ды і тавары, якія рэалізуюцца праз гандлёвыя пункты розных форм уласнасці, у сваёй пераважнасці прывязкі да доларавага эквіваленту не маюць, бо яны ў асноўнай масе айчыннай вытворчасці. І я маю на ўвазе не толькі прадукты харчавання. Дарэчы, іх дэфіцыту ніхто з нас не адчувае. На паліцах магазінаў усяго ўдосталь. Нават спроба арганізаваць “цукровы ажыятаж” бясслаўна правалілася.

- І тым не менш, санкцыі ўсё ж існуюць…

- Вядома, іх уплыў на цэнаўтварэнне непазбежны. Пакуль што не ўся наша прадукцыя імпартазамяшчальная. Але ў гэтым няма асаблівай патрэбы, калі гэта датычыцца толькі асобных вытворчых працэсаў і тых тавараў, якія не з’яўляюц-ца валаўтваральнымі. Зразумела, што на такія тавары цэны павялічацца ў першую чаргу. Аднак залежаць яны не толькі ад названага фактару. Паўтаруся: галоўнае, што наш рынак дэфіцыту не мае.

І тут мне хочацца ўзгадаць становішча, у якое трапілі самі краіны, якія аб’явілі санкцыі. Ужо сёння там назіраецца вялікі (сапраўды вялікі, у разы!) рост цэн на паліва, энерганосьбіты, сыравіну, парушаныя сувязі выклікалі недахоп тавараў першай неабходнасці, у тым ліку і харчовых. Пустыя паліцы магазінаў і азлобленасць людзей могуць справакаваць хваляванні мас. Як бачым, Захад ад сваіх неабдуманых крокаў застаўся толькі ў пройгрышы. І многія краіны ўжо сёння пераглядаюць свае пазіцыі ў адносінах да выстаўленых санкцый. Упэўнены, што здаровы розум нарэшце пераможа амбіцыі і ў хуткім часе эканамічная блакада будзе знята.

- Павел Міхайлавіч, а як паўплывала на работу прамысловых прадпрыемстваў такая сітуацыя?

- Як паказваюць вынікі работы за першы квартал, эканоміка раёна застаецца стабільнай. Працоўныя калектывы выконваюць даведзеныя заданні, ажыццяўляюць неабходны аб’ём работ. Якасна працуе і аграрны сектар. Тут не толькі заняты атрыманнем малочнай прадукцыі, але і поўнасцю падрыхтаваліся да правядзення вясенняй пасяўной кампаніі, вядуць падрыхтоўчыя глебаапрацоўчыя работы.

- А як наконт выплаты заработнай платы? Думаю, гэта пытанне для многіх з’яўляецца недругарадным…

- Пытанне своечасовасці выплаты заработнай платы пастаянна знаходзіцца ў полі зроку раённага выканаўчага камітэта. І гэты кантроль устаноўлены далёка не сёння. Рэгулярна на пасяджэннях спецыяльна створанай камісіі мы штомесяц разглядаем абавязковую, без парушэнняў тэрмінаў, а гэта значыць да першага чысла наступнага месяца, выплату заработнай платы. На пасяджэнні камісіі запрашаюцца асобныя кіраўнікі, у калектывах якіх перыядычна ўзнікаюць праблемы з дастатковай колькасцю сродкаў на пакрыццё выплаты зарплаты. Умешваемся, аказваем садзейнічанне (не, не грашовае) ў паступленні неабходных сум, напрыклад, за кошт разлікаў дэбітораў ці больш аператыўнай аплаты за той ці іншы выкананы аб’ём работ і г.д. Наогул, парушэнне тэрмінаў выплаты заработнай платы – гэта катастрофа, за дапушчэнне якой у адпаведнасці з указам Прэзідэнта прадугледжана самае жорсткае пакаранне. Кіраўнікам гэта добра вядома, і таму яны імкнуцца не дапускаць падобнага. А для таго, каб у казне прадпрыемства ці арганізацыі заўсёды былі сродкі, у тым ліку і на ўласнае развіццё, калектыў павінен стабільна працаваць, мець заказы і бачыць перспектыву. Ад гэтага ж, а таксама і ад старання самога чалавека, напрамую залежыць і памер той самай заработнай платы. Таму запазычанасці па выплаце зарплаты ў арганізацый і прадпрыемстваў Бярэзіншчыны няма. Як і няма скарачэння работнікаў. Тут трэба патлумачыць, што не ідзе гаворка пра прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці, яны не падкантрольныя нам.

- Такім чынам, падводзячы вынікі размовы, што б Вы хацелі сказаць?

- А што тут сказаць? Працаваць трэба, жыць, думаць пра заўтрашні дзень. Ад нас і нашай упэўненасці ў сваіх сілах залежаць і наша сіла, і наша эканоміка, і наша стабільнасць. Вось захоўваць яе я вас усіх і заклікаю.

Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER