Так, 39 гадоў складае стаж самаадданага доктара, якую паважаюць калегі і шануюць пацыенты. Родам Ганна Мар’янаўна з Гродзеншчыны. Закончыла Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт у 1982 годзе. Пасля інтэрнатуры была размеркавана ў Дзмітравіцкую ўчастковую бальніцу. Потым быў пераезд у райцэнтр Дзятлава Гродзенскай вобласці, дзе муж працаваў загадчыкам паліклінікі, пасля абое вярнуліся ў Беразіно. Тут і засталіся.
Зараз Ганна Мар’янаўна працуе ўрачом-экспертам і з’яўляецца старшынёй урачэбна-кансультацыйнай камісіі. Больш за 20 гадоў была намеснікам галоўнага ўрача. У размове з карэспандэнтам расказвае пра працоўны шлях.
Тэрапія – гэта маё
– Наогул, усё жыццё марыла быць участковым тэрапеўтам. Мне гэта настолькі падабалася, не перадаць словамі. І калі стала намеснікам галоўурача, сумяшчала абавязкі на пасадзе з тэрапеўтычнай практыкай. Заўсёды з задавальненнем імкнулася да сваіх хворых бабуль і дзядуляў, што лячыліся ў тэрапеўтычным аддзяленні. Наогул, працаваць намеснікам – гэта штодзень вырашаць часам няпростыя арганізацыйныя і іншыя пытанні, і вось тут, у тэрапеўтычным аддзяленні, была пэўная аддушына, дзе я адпачывала ў працы з хворымі.
Дзякуючы выпадку
– Стаць урачом падштурхнула ўласнае захворванне. У дзяцінстве хварэла менінгітам. Ляжала ва ўчастковай бальніцы, і доктар, малады спецыяліст, як зараз памятаю, у жніўні прыйшоў на абход, і наконт майго стану сказаў, што тут нешта не тое, трэба адпраўляць у абласную бальніцу ў Гродна. Хварэла я цяжка і доўга, але выкараскалася. І натуральна з тае пары зарадзілася мара лячыць, дапамагаць людзям. Неспазнаны лёсы людскія: калі прыбыла ў Беразіно, сустрэла таго самага доктара, які ўратаваў мне жыццё ў дзяцінстве.
У пандэмію
– Давялося шмат працаваць падчас успышкі каранавіруснай інфекцыі. Пра хваробу на пачатку 2020-га яшчэ ўсё было незразумелым і невядомым. Было складана адказваць на шматлікія прафесійныя пытанні: якім чынам лячыць, якія метады прымяняць. Той перыяд быў цяжкім і пераломным цалкам для ўсёй сістэмы аховы здароўя не толькі ў нашай краіне. Аднак, нягледзячы на моцны наплыў пацыентаў, высокі ўзровень кантагіёзнасці, на рост хвалі захворванняў, медыкі справіліся.
Важная даведка
– Зараз на пасадзе ўрача-эксперта і старшыні ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі даводзіцца вырашаць шмат сацыяльных пытанняў, кансультаваць, выпісваць накіраванні на МРЭК. Камісіі адбываюцца тры разы на тыдзень. Сёння шмат людзей даглядаюць састарэлых бацькоў, таму заключэнні камісіі сталі вельмі запатрабаванымі. Урачы высвятляюць здольнасць састарэлых да самаабслугоўвання, даследуюць іх здароўе і псіхічны стан, потым прымаюць рашэнне, ці патрабуецца догляд. Справа у пэўным сэнсе руцінная, але патрэбная.
“Тэрапеўтычная кафедра”
– На маю думку, урач не павінен быць чалавекам самаўпэўненым. У яго павінна заставацца месца сумневам, якія падштурхоўваюць да спасціжэння чагосьці новага ў прафесіі, пераймання вопыту калег.
У былыя часы ў нашым тэрапеўтычным аддзяленні збіраліся ўрачы-тэрапеўты Ірэна Гарбацэвіч, Ларыса Кашчыц, Алена Салаўёва і я. Паміж сабою гэты наш касцяк тэрапеўтаў называлі “тэрапеўтычнай кафедрай”. Мы кожны дзень сумесна абмяр-коўвалі хваробы пацыентаў, каму якія метады лячэння прымяніць. Бо, здараецца, аднаму чалавеку нейкі пэўны від лекаў падыходзіць, а другому – не. І тут важна сумесна рабіць высновы, дзяліцца досведам. У нас цудоўна атрымлівалася, нам было цікава.
Надзейная падтрымка
– Муж мне вельмі шмат дапамагаў і дапамагае. Калі былі маленькія дзеткі, я не памятаю, каб была на бальнічным лісце. Пазнаёміліся з Аляксандрам Іванавічам яшчэ ў час вучобы, тады і пажаніліся.
Наогул, Аляксандр Іванавіч вельмі начытаны. Яго захапленне літаратурай, кнігамі – гэта асобная тэма. Дома бібілятэка вялікая. Муж раней любіў фантастыку, а мне падабаюцца жаночыя раманы. Бо калі адпрацуеш дзень да вечара, трэба лёгкае чытво, каб адключыцца, пазбавіцца ад накопленага негатыву. Муж так і сказаў: магу адмовіцца ад чаго заўгодна, толькі не ад кніг.
Унучка
– Нашай унучцы ідзе ўжо сёмы гадок. Хочацца з ёю бываць больш. Спачатку водпуск у мяне, потым у Аляксандра Іванавіча. Вось гэтыя два месяцы стараемся, каб унучка была з намі. Унукаў любіш неяк па-іншаму, аддаеш ім больш часу. Варта сказаць, нам хочацца, каб унучка таксама стала ўрачом. Разам з Аляксандрам Іванавічам настройваем яе пайсці нашай сцежкай, гэта ўсцешвае і натхняе.
Калі паглядзець назад, жыццё неяк прайшло на рабоце, і я пра тое ніколькі не шкадую. Калі любіш работу, аддаеш ёй увесь час. Таму работа ўрача за столькі гадоў даўно стала ладам жыцця. Цяпер вельмі рада перадаваць вопыт маладзейшым спецыялістам, якія звяртаюцца па пытаннях экспертызы, выстаўленні дыягназаў і розных іншых.
Зараз у нашу сферу прыйшла маладая змена, штат укамплектаваны маладымі ўрачамі, і гэта напаўняе сэрца цяплом, наша справа жыве і квітнее, тым больш, што медыцына не стаіць на месцы, пастаянна назіраецца ўкараненне чагосьці новага. Мы, старэйшае пакаленне ўрачоў, радуемся за моладзь і заўсёды гатовыя дапамагчы парадай, падтрымаць.
Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.