- Віншуем вас з юбілеем! – гаварыў Дзяніс Ігаравіч. – Здароўя вам, моцы і даўгалецця. Дзякуй, што вы плённа працавалі на карысць нашага раёна, усё жыццё прысвяцілі сельскай гаспадарцы!
Д. І. Дзішук уручыў Феафану Іосіфавічу Падзячнае пісьмо.
Анатоль Зябко пажадаў юбіляру моцнага здароўя і ўручыў Пасведчанне Ганаровага ветэрана ад Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Упэўнена, многія ведаюць Феафана Іосіфавіча. Ён 30 гадоў шчыраваў галоўным аграномам саўгаса “Вяшэўскі”, была яшчэ праца ў калгасе “Ленінскія дні” і саўгасе “Пагосцкі”. Працаваў заўсёды плённа, шчыра. Аб гэтым гавораць яго шматлікія працоўныя ўзнагороды, у ліку якіх і ордэн “Знак Пашаны”, за дасягненне высокіх ураджаяў збожжавых культур, бульбы, лёну і гародніны.
Сваёй актыўнай жыццёвай пазіцыі Феафан Іосіфавіч не здраджвае і сёння. Як вопытны спецыяліст-аграрнік нярэдка дзеліцца сваімі слушнымі парадамі з сённяшнімі працаўнікамі сельскай гаспадаркі.
Складаным было жыццё Феафана Іосіфавіча. Ён да гэтага часу добра памятае жахі Вялікай Айчыннай вайны і пакуты раба на нямецкай зямлі, куды ён быў вывезены разам з маці ў пяцігадовым ўзросце.
- Вялікі дзякуй, што не забываеце мяне, - гаварыў юбіляр. – Прыемна ваша ўвага. Значыць, працаваў не дарма і пакінуў пасля сябе добры след. Ад мяне адзінае пажаданне ўсім, асабліва моладзі, беражыце мір, шануйце гісторыю і памяць. А яшчэ – не шукайце шчасця за межамі, працуйце на карысць сваёй зямлі, свайго роднага краю!
Моцнага здароўя, бадзёрасці пажадалі Феафану Іосіавічу старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук, старшыня раённага савета ветэранаў Анатоль Зябко, дырэктар ААТ “Пагосцкі” Наталля Сокал, старшыня Дзмітравіцкага сельскага Савета Віталь Саскавец.
Юлія БУКЕЛЬ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.