Дай, сябра, на шчасце лапу мне

Date 21.04.2022 Man
Comment 648
Дай, сябра, на шчасце лапу мне

Памятаеце, быў час, калі на кожным стэндзе з савецкіх плакатаў прыгожа пазіраў вайсковец у фуражцы, з біноклем у руках і сабакам, які сядзіць побач. Сёння такія малюнкі, на жаль, сустракаюцца не часта, але гэта не перашкаджае чатырохногім памочнікам па-ранейшаму сумленна несці ахову граніцы і дапамагаць у справе навядзення правапарадку. Так кожны дзень яны заступаюць на службу ў Бярэзінскім раённым аддзеле Дэпартамента аховы.

Сустрэча каля вальера

Зараз тут у штаце тры сабакі – маладзенькі, якому няма і года, Жадзі, пяцігадовы Бэтсі і яшчэ адна жывёліна, якая вось-вось адправіцца на заслужаны адпачынак – Мэггі.

– Звычайна большасць службовых сабак – нямецкія і бельгійскія аўчаркі, якія валодаюць пэўным наборам вынослівасці, паддаюцца дрэсіроўцы і здольны выканацьь пастаўленыя задачы, – гаворыць міліцыянер-кінолаг, прапаршчык міліцыі Анатоль Жораў. – Я ўжо сам некалькі гадоў працую з Бэтсі, ён для мяне самы лепшы напарнік па службе. Яшчэ здалёк вызначаю яго настрой, ды і ён знаходзіць магчымасць падбадзёрыць мяне, калі я не ў настроі. А наогул, з сабакам працаваць вельмі спакойна і камфортна: не кожны асмеліцца нават у нецвярозым стане нахаміць чалавеку ў пагонах з кудлатым напарнікам.

Майстар на ўсе лапы

Галоўная задача службовага сабакі – узяць след, а пры неабходнасці дапамагчы затрымаць правапарушальніка. Усё гэта напрацоўваецца доўгімі і рэгулярнымі трэніроўкамі.

– Нашы сабакі трэніруюцца па чатыры гадзіны на тыдзень, бо ім патрэбна падтрымліваць форму, удзельнічаць у спаборніцтвах і здаваць нарматывы, – тлумачыць Анатоль Фёдаравіч. – Напрыклад, след пяцігадзіннай даўнасці яму патрэбна выявіць і прайсці за 50 хвілін, а яшчэ па дарозе знайсці схаваныя рэчы.

Псіхалогія сабак, іх дрэсіроўка і навучанне – навука з мноствам сакрэтаў. Праўда, нічога новага тут няма – славуты метад бізуна і перніка. Каб ён дзейнічаў, інструктар павінен дамініраваць.

– У кожнага сабакі свой характар і свая матывацыя, якія кінолаг павінен ведаць, – дадае мужчына. – Адны стараюцца для пачастунку, другія любяць пагуляць. Знайсці падыход бывае няпроста, таму сабака павінен прывыкнуць да свайго кінолага і паважаць толькі яго.

Паставы Яўгеній Токан рыхтуецца стаць кінолагам. Верыць у яго і сабака Жадзі

Што на вячэру?

Сабачы рацыён – справа тонкая. Кормяць жывёл двойчы ў дзень. На змену супам і кашам даўно прыйшоў сухі корм, у якім разлічаны ўсе карысныя рэчывы. Правільная дазіроўка, разлічаная ў залежнасці ад вагі сабакі, дапамагае пазбегнуць перакорму.

– Для сабакі лёгкі голад і пачастунак у руках кінолага – выдатны стымул выконваць каманды, – гаворыць Анатолій Фёдаравіч. – Таму я заўсёды бяру з дому якія-небудзь прысмакі – каўбасу альбо сыр.

На катах не трэніруюцца

Трэніровачная амуніцыя складаецца з некалькіх відаў павадкоў – для паўсядзённых прагулак, трэніровак і пошукаў. Без іх кінолагі ніколі не працуюць.

– Моц сціскання сківіц у сабак больш за тры атмасферы, тут без аховы – рваныя раны і раздробленыя косці забяспечаны, – гаворыць мужчына. – Звычайна Бэтсі збівае з ног, садзіцца на спіну і цягне зубамі за рукаў, як быццам ламае руку. І будзе трымаць так, пакуль я не загадаю. Праўда, я сам ніколі ў ролі затрыманага не быў. Не хачу, каб у свядомасці сабакі з’яўляўся, хоць і выпадкова, мой вобраз з негатыўнай асацыяцыяй ворага. Сабакі не менш за людзей перажываюць.

Поўны пансіён забяспечаны

Тэрмін працы службовых сабак прыкладна каля дзевяці гадоў. Пасля іх зноў адпраўляюць у гадавальнік альбо перадаюць кінолагам. На гэты конт Бэтсі перажываць не трэба. Яму ўжо надзейна забраніраваны вальер і поўны пансіён у доме Жоравых. Іх шматгадовая дружба, як і хватка сабакі, – моцная.

– Ён у нашай сям’і як свой, – гаворыць Анатоль Фёдаравіч, – ніколі ў крыўду не дасць. У мяне з Бэтсі асаблівая сувязь. Усякі раз, калі вяртаюся да яго, ён ад радасці гатовы "разнесці" вальер, скача, рукі ліжа, брэша. Ведаеце, сцвярджаюць, што сабака падобны на свайго гаспадара і наадварот. Я ў гэтым не сумняваюся. Ды і не здзіўлюся, што Бэтсі ўжо і думкі мае ўмее чытаць.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER