Асабіста для мяне сёлетняя дата 5 мая – асаблівая ўдвая, бо я ўпершыню адзначаю яе на пасадзе галоўнага рэдактара, прайшоўшы за сем гадоў работы ў газеце “Бярэзінская панарама” шлях ад маладога спецыяліста-выпускніка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта да кіраўніка перыядычнага выдання. А гэта адначасова і вельмі ганарова, і не менш адказна.
Лічу, што мне вельмі пашанцавала трапіць у гэты прыгожы гарадок над Бярозай-ракой, дзе жывуць сумленныя працавітыя людзі. Ён для мяне ўжо стаў родным і блізкім.
Родным і блізкім стаў для мяне і рэдакцыйны калектыў, дзе мяне шчыра прынялі і дамагалі рабіць першыя самастойныя крокі ў журналістыку. А слаўная гісторыя раёнкі, якая летась адзначыла сваё 90-годдзе! А незабыўныя імёны былых супрацоўнікаў газеты і сённяшніх ветэранаў, якія з дня ў дзень заваёўвалі сваёй нялёгкай працай і адкрытым радком аўтарытэт і павагу ў сваіх падпісчыкаў.
А многія слаўныя традыцыі калектыву, якія дасталіся нам у спадчыну і якія мы не маем права страчваць, каб не згубіць свой уласны твар і самабытнасць. Усё гэта дарагога каштуе.
Афіцыйна заснавальнікам нашай газеты з’яўляецца Бярэзінскі раённы выканаўчы камітэт. На самой жа справе яго работнікі і кіраўніцтва – таксама нашы надзейныя партнёры і аўтары, якія праз раённую газету даносяць людзям усю патрэбную інфармацыю і пры гэтым не замоўчваюць існуючыя праблемы, вядуць з бярэзінцамі адкрыты дыялог, адлюстроўваюць дзейнасць у рэгіёне прэзідэнцкай вертыкалі. Паважныя адносіны да журналістаў і работнікаў рэдакцыі з боку нашых заснавальнікаў, іх зацікаўленасць у выніках нашай працы заўсёды прыносіла толькі плён.
Але час не стаіць на месцы. Жыццё пастаянна падкідвае нам новыя праблемы і задачы, клопаты і тэмы для публікацый. Яны заўсёды ў полі зроку мясцовых журналістаў, якія імкнуцца пастаянна быць у гушчыні падзей, жыць клопатамі падпісчыкаў, аператыўна адгукацца на іх звароты і сігналы, даносіць праўду і весці за сабой. Так, у сённяшняй няпростай палітычнай барацьбе вельмі складана быць агітатарам, прапагандыстам і арганізатарам мас, да чаго заўсёды былі закліканы сродкі масавай інфармацыі. Тым не менш, мы і надалей будзем імкнуцца знаходзіцца ў авангардзе тых, каму неабыякавы лёс нашай дзяржавы і яе будучыні.
І ў сваіх намаганнях мы не адны, бо разам з намі заўсёды вы – нашы шаноўныя чытачы, падпісчыкі, наведвальнікі сайта, сацыяльных сетак. Мы ўдзячны вам за вашу адданасць і ваш выбар.
У святочны дзень прафесійнага свята хочацца таксама выказаць шчырыя словы тым, без каго газета не змагла б выйсці ў свет і трапіць да чытача – паліграфістам барысаўскай узбуйненай друкарні імя 1 Мая і работнікам вузла паштовай сувязі. Вось колькі людзей працуюць для таго, каб свежы нумар нашай газеты трапіў вам у рукі. Няхай будзе гэты працэс непарыўным і надалей.
З Днём друку, паважаныя ветэраны журналістыкі, мае дарагія калегі, любімая «раёнка» і нашы падпісчыкі, жыхары Бярэзіншчыны! Выпісвайце, чытайце і заставайцеся вернымі сваёй роднай “Бярэзінскай панараме”! Будзем разам!