У іх жыцці ўсё проста – ворыва, сяўба і жніво...

Date 29.04.2022 Man
Comment 704
У іх жыцці ўсё проста – ворыва, сяўба і жніво...

Ёсць такі занятак – праца на зямлі. І ўзрост не мае значэння: малады ты ці сталы. Галоўнае – з павагай адносіцца да зямлі, тады і адплаціць яна шчодрай залатой ракой ураджаю. Калі зразумеў гэта, будзеш сапраўдным земляробам, гаспадаром зямлі.

 

Добра ўсвядомілі гэтую простую ісціну і механізатары адкрытага акцыянернага таварыства “Пагосцкі” Вячаслаў Кашлачоў, Віталій Цэдрык і Сергей Дадонаў. Як пацвярджэнне таму – іх імёны называюць сярод лепшых працаўнікоў гаспадаркі. Іх біяграфіі ў чымсьці падобныя адна на адну. Усе яны шмат гадоў кіруюць магутнымі трактарамі, яшчэ з дзяцінства цягнуліся, як і большасць равеснікаў, да тэхнікі, ім было за шчасце пракаціцца на трактары ці грузавіку. А калі яшчэ добры вадзіцель дазволіць крыху паруліць – аб гэтым наогул можна было толькі марыць. Юнакі зрабілі сваю мару рэчаіснасцю, калі адслужыўшы ў арміі, вярнуліся ў родную гаспадарку механізатарамі і засталіся тут на ўсё жыццё. Стварылі сем’і, нарадзілі дзяцей.

– Што ўваходзіць у нашы абавязкі? Ды нічога асаблівага і звышнатуральнага: ворыва, сяўба, жніво… Гэта доўга тлумачыць, лепш адзін раз убачыць, – гавораць мужчыны. – Скажам толькі, што работы хапае. Але нічога мяняць не хочам. І думкі такой у нас не ўзнікала. А навошта нешта змяняць, шукаць лепшага?

Лёгкага хлеба нідзе не бывае. Нас тут усё задавальняе, абавязкі свае добра ведаем, а калі ведаеш сваю работу, ніякіх цяжкасцей, на нашу думку, узнікаць не павінна. Прыйшоў – і працуй на здароўе.

Працоўны дзень у гэтых механізатараў часцей за ўсё ненарміраваны. Але на ўсе гэтыя нюансы мужчыны глядзяць з аптымізмам – трэба, значыць трэба. Нездарма ж кіраўнік гаспадаркі Наталля Сокал гаворыць аб іх толькі добрае: “Такія механізатары ў нашай гаспадарцы – работнікі на вагу золата. Умеюць працаваць на ўсіх відах тэхнікі. Свой багаты вопыт за сямю пячаткамі не трымаюць і гатовы падзяліцца ім з моладдзю”. Аднак не работай адзінай жывуць гэтыя ўладары палёў… Дома яны таксама руплівыя і старанныя гаспадары. І ў сямейным жыцці ўсё ладзіцца.

…Заўтра наступіць ранак. Яны ізноў звыкла крануць трактары з месца. Механізатараў чакае поле: трэба паспяшацца з пасяўной кампаніяй, пакуль стаіць добрае надвор’е.

– У нас часу доўга фатаграфавацца няма, – гавораць мужчыны. – Патрэбна кукурузу сеяць, аднагадовыя культуры, сланечнік, запланаваныя плошчы велізарныя. Таму на Першамай давядзецца ўсім папацець – ад аратага да сейбіта, каб потым сабраць добры ўраджай.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER