Пад яе непасрэдным наглядам знаходзяцца каля 6 тысяч адзінак пагалоўя жывёлы, якія ўтрымліваюцца на 7 фермах названай гаспадаркі. Ці рэальна адной управіцца са здароўем статка? Вядома ж не! Але яна насуперак усяму паспявае праводзіць усе неабходныя лячэбна-прафілактычныя мерапрыемствы, адказвае за санітарнае становішча малочнатаварных фермаў.
– Я свой працоўны час не лічу, – прызнаецца жанчына, – бо тут я праводжу ўвесь дзень, працую без выхадных і нават магу ноччу прыехаць на цяжкія роды. Ды і дома ў мяне галава ўвесь час забіта вытворчымі справамі. Няма ў мяне ў памочніках ні фельчара, ні заатэхніка. Што зробіш, калі няма асабліва жадаючых так цяжка працаваць у сельскай гаспадарцы.
Лілія Антонаўна родам з вескі Дзмітравічы. Пасля заканчэння школы разам з сястрой паехала ў сталіцу штурмаваць медыцынскі інстытут. Марыла насіць белы халат і дапамагаць людзям.
– Сястра паступіла, а ў мяне ўсяго двух балаў не хапіла да запаветнага студэнцкага білета, – расказвае жанчына, – давялося пайсці ў ветэрынарныя ўрачы, каб не азмрочыць настрой бацькоў. Спачатку скончыла тэхнікум, а затым завочна Віцебскую акадэмію. Ці шкадую я, што не стала лячыць людзей? Ды ніколькі, я лічу сябе шчаслівай, бо ўсё жыццё займалася любімай справай, заслужыла павагу і аўтарытэт сярод людзей.
Лілія Антонаўна працуе ветэрынарам з 1981 года. Такога значнага стажу не мае ніводны спецыяліст у нашым раёне.
– Маё першае месца працы – калгас “Ленінскія дні”. Бярэзінцы памятаюць, што гэта была маленькая кампактная гаспадарка, якая налічвала ўсяго дзве малочнатаварныя фермы і свінаферму. Як зараз памятаю, як цёпла мяне віталі як практыканта, а затым як маладога спецыяліста, – успамінае Лілія Антонаўна, – мне, калі была яшчэ незамужам, выдзелілі асобны жылы дом, дапамагалі па працы. У мяне пад наглядам былі 3400 свіней. Нехта скажа, турбот з імі заўсёды процьма, але мне цяжэй з рагулямі. Чаго толькі вартыя іх хваробы з нагамі!
За столькі гадоў працы Лілія Антонаўна паспела папрацаваць з дзесяццю кіраўнікамі і пра кожнага можа сказаць добрыя словы.
– Вядома, гэта Гвідон Рэут, у час яго кіраўніцтва гаспадарка грымела на ўвесь раён і нават Савецкі Саюз, – зазначае Лілія Антонаўна, –ды і яго паслядоўнікі рупіліся аб захаванні слаўных традыцый гаспадаркі. Сёння “Ленінскія дні” далучаны да ААТ “Пагосцкі”, які сабраў у сабе за апошнія гады ААТ “Вяшэўка” і “Бярэзінскі”. Уявіце, якая на мне каласальная нагрузка і адказнасць, а яшчэ цяжэй нашаму кіраўніку Наталлі Сокал. Яна дастойна трымае ўдар і задае тон настрою ўсяму калектыву. Дык ці магу ж я скардзіцца?
Лілія Антонаўна даўно ўжо пенсіянерка і вось ужо шэсць гадоў можа адпачываць. Аднак пакінуць родную гаспадарку не спяшаецца.
Падтрымліваюць яе ў жаданні як мага больш дапамагаць гаспадарцы муж і двое дарослых дзяцей. Муж, наогул, узяў на сябе ўсе хатнія справы. Ежу гатуе, прыбірае. Ды і ў калектыве без Ліліі Антонаўны як без рук.
– Заўсёды з душой і прафесіяналізмам выконвае свае абавязкі, прыкладаючы максімум намаганняў, каб вылечыць жывёлу, за якую нясе адказнасць, – адзначыла Наталля Сокал. – Вось на такіх самаадданых і працавітых людзях трымаецца гаспадарка.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.