Рэцэпт шчасця сям’і Радзевічаў

Date 14.05.2022 Man
Comment 160
Рэцэпт шчасця сям’і Радзевічаў

Любоў, каханне і згода ў сям’і Радзевічаў - зусім не пусты гук, а насычаныя глыбокім сэнсам словы, якія падмацоўваюцца рэальнымі справамі.

У гэтым пераконваешся адразу, калі патрапіш у госці да Аляксандра Тадэвушавіча і Вольгі Мікалаеўны. Утульны дом, дагледжаны ўчастак, пануе ветлівасць і ўзаемапавага, дзеці добрыя, паслухмяныя, ніхто ні на кога не павышае голас. Згадзіцеся, не кожная сям’я здольная прадэманстраваць падобныя якасці. Старэйшая дачка Руфіна ўжо вучыцца пасля школы, а самы малодшы Елісей яшчэ ходзіць у дзіцячы сад. Усяго дзяцей пяцёра.

Свята на сцэне

Нядаўна сям’я ўдзельнічала ў адборачным туры абласнога этапу конкурсу “Сям’я года”. Конкурс складаўся з дзвюх частак: “Радавод” і сацыяльны праект. Радзевічы прадстаўлялі на конкурсе Бярэзінскі раён і пакінулі ў гледачоў неперадавальныя ўражанні. Асаблівае ўражанне надало вакальнае выступленне дачкі Аліны, дарэчы, дзень нараджэння якой выпаў на дзень выступлення.

“Моя семья – моя страна”

Менавіта так называлася канцэртная праграма, з якой выступілі Радзевічы. Па ўмовах конкурсу, трэба было расказаць пра сябе, уласныя справы і заняткі, карысныя для роднага горада і раёна. І паверце, гэтым людзям ёсць пра што паведаміць.

Актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, у тым ліку ў сацыяльным праекце “Падорым любоў дзецям Бярэзіншчыны”, летніх дзіцячых лагерах, дабрачынных акцыях і навагодніх ёлках у раённым цэнтры культуры, і шмат іншага, вартага асобнага газетнага артыкула.

Разынка праграмы – верш Уладзіміра Караткевіча “На Беларусі Бог жыве” ў мастацкім выкананні Аліны. Пранікнёныя словы, напоўненыя ўзнёсласцю і пачуццямі ў выдатным музычным суправаджэнні не пакінулі нікога раўнадушным, нарадзілі ў сэрцах патрыятычныя пачуцці і захапленне Бацькаўшчынай. Публіка апладзіравала стоячы.

Не менш захапляльным атрымаўся і фінальны нумар – песня “Валошкавае неба”, які пачаўся з выканання Аліны, і потым далучылася ўся сям’я.

- Рыхтаваліся да конкурсу ўсёй сям’ёй, дапамагалі і сябры, - дзеліцца ўражаннямі Вольга Мікалаеўна. – Асабліва хачу падзякаваць начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Галіну Сакалоўскую за садзейнічанне і дапамогу. І Бярэзінскі ТЦСАН таксама. Мы ўсе добра папрацавалі. Наша Руфіна – малайчына, рабіла відэа для выступлення. Сын Давід неяк прызнаўся: мама, у мяне заўсёды была мара выступіць на сцэне. І хоць упершыню ён выступіў некалькі гадоў таму, у Валожыне сцэна для яго была больш вялікая. Наогул жа, удзел у мерапрыемстве нарадзіў у душы кожнага з нас вельмі прыемныя і цёплыя пачуцці, моцна з’яднаў.

Музычная сям'я

У звычайным жыцці Радзевічы – простыя людзі. Тата Аляксандр Тадэвушавіч шчыруе вадзіцелем “МАЗа” ў аўтапарку №22. У гарачую пару выпадае працаваць ад цямна да цямна.

Мама Вольга Мікалаеўна працуе настаўніцай музыкі ў сярэдняй школе №2, закончыла Барысаўскі педагагічны каледж, атрымаўшы спецыяльнасць настаўніцы пачатковых класаў і музыкі.

Дарэчы, музычная ў іх уся сям’я, дзеці вучыліся і вучацца ў школе мастацтваў. Руфіна закончыла школу па класе фартэпіяна, яшчэ займалася ігрой на флейце. Давід таксама скончыў клас фартэпіяна. Аліна – фартэпіяна і скрыпкі. Маргарыта таксама засвойвае скрыпку і фартэпіяна. А вось маленькі Елісей пакуль дакладна не вызначыўся з музыкальным густам, у яго ўсё наперадзе. Цікава, што са школьных дысцыплін дзеці лепш за ўсё сябруюць з матэматыкай і фізікай.

- У нас і тата таксама музыкант. У маладосці, калі жыў у Лідзе, Саша іграў у аркестры на кантрабасе, - усміхаецца Вольга.

Як пазнаёміліся?

Сямейны стаж у іх пачынаецца з 2003 года. 14 чэрвеня споўніцца 19 гадоў сумеснага жыцця. Для звычайнага чалавека абставіны іх знаёмства могуць падацца незвычайнымі, як мінімум, нестандартнымі: Саша і Вольга вучыліся разам у біблейскім каледжы Мінскай багаслоўскай семінарыі. Менавіта там і ўбачылі адзін аднаго ўпершыню. Пасля вучобы і пажаніліся. Аляксандр родам з Ліды, пераехалі ў Беразіно, на радзіму жонкі. Пашчасціла зняць трохпакаёвую кватэру.

Паралельна звярнуліся за дапамогай да дзяржавы, узялі крэдыт, будавалі ўласны дом. Нараджаліся і гадаваліся дзеці.

Ва ўласны дом перасяліліся ў 2013 годзе, радасць была неапісальнай.

Сад і агарод

Кажуць, мужчына ў жыцці павінен пасадзіць дрэва. Гаспадар сям’і пасадзіў ужо цэлы сад на ўчастку. Растуць тут персікі, нектарыны, абрыкосы, розныя яблыні, грушы, вішні, чарэшні. Гаспадыня ж захапілася высадкай дэкаратыўных дрэў.

- У нас з Сашам ёсць вялікае захапленне: лазня, - прызнаецца Вольга. – Любім папарыцца венікамі, у нас іх удосталь. Потым – чаі розныя, кампоты, адвары, квас.

Сям’і шмат не бывае

- Я заўсёды марыла, каб быў вялікі дом, і каб было шмат гасцей. Каб дзецям было весела, каб яны сябравалі. Госці ў нас пастаянна. На святы і ўрачыстасці збіраемся разам. Любім сабрацца ў бацькоўскім доме. Вось 13 мая – добрая нагода – дзень нараджэння маёй мамы Таццяны. Прыедзе сястра Дзіна з мужам і трыма дзецьмі, сястра Каця таксама з трыма дзецьмі, брат Алег з жонкай і чатырма дзеткамі. І малодшая сястра Вераніка далучыцца да свята, яна пакуль не замужам. Магчыма яшчэ госці прыедуць, радня з Брэста і Масквы. Сумна нікому не будзе!

Між іншым, я са шматнацыянальнага сямейства. У нас дзве бабулі – украінкі, адзін дзед – паляк, другі дзядуля – беларус. Дарэчы, бабулю з Украіны забралі да сябе жыць бацькі, бабуля да гэтага жыла ў Валынскай вобласці. Усё ж лепей ёй ціха-мірна жыць у Беларусі.

Хачу вось сказаць, калі ва ўсім свеце рушыцца інстытут сям’і, то ў нашай Беларусі сям’я была і застаецца вечнай каштоўнасцю. Дзе б ты не быў, чым не займаўся, сям’я застаецца для чалавека надзейным аплотам і падтрымкай. Калі ўсе разам, лягчэй пераносіць цяжкасці і нягоды. Лічу, чым большая сям’я, тым кожнаму ў ёй лепш.

Пра выпрабаванні

У справядлівасці слоў Вольгі Мікалаеўны можна пераканацца, паглядзеўшы на стаж сумеснага жыцця гэтай сям’і, у якім выпадалі і сур’ёзныя выпрабаванні.

Калі Вольга была цяжарная Маргарытай, раптам захварэла на незразумелую хваробу, урачы не давалі рады, не маглі вызначыцца з дыягназам, а сімптаматыка хваробы выглядала ўсё больш сур’ёзнай з кожным днём. І толькі пасля нараджэння дзі-цяці ўдалося выявіць пухліну ў галаве – анкалогія! Страшнае слова, але не безнадзейнае.

- Была вельмі складаная аперацыя ў анкалагічным цэнтры ў Бараўлянах, доўжылася шмат гадзін. Потым дваццаць дзён правяла ў рэабілітацыйным цэнтры ў Аксакаўшчыне. Мой Саша ўвесь гэты час быў побач са мною, даглядаў, сам не спаў начамі. Уяўляю, наколькі мужу было са мною няпроста падчас маёй хваробы. Да таго ж дзіця чатырохмесячнае, дапамагала мама таксама. Дзякуй Богу, усё ўжо ў мінулым. Зараз я вельмі рада, што ў Беларусі развітая медыцына і ў дадатак бясплатная.

Мары і любоў

Пра сумесныя справы можна яшчэ шмат распавядаць. Да пандэміі каранавіруснай інфекцыі сям’я вельмі любіла ездзіць штогод летам у Крым адпачываць на мора. Асабліва гэтую падзею заўсёды чакаюць дзеці. Вандраваць – таксама даўняе захапленне. Беларусь аб’ездзілі амаль усю. Падабаецца бываць у цікавых гістарычных месцах, старажытных замках, палацах, музеях.

Старэйшая Руфіна зараз студэнтка факультэта камп’ютарнага праектавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта радыёфізікі і электронікі, дзяўчына актыўна ўдзельнічае ў Маладзёжным тэлебачанні (МалТВ) і марыць у далейшым звязаць жыццё з тэлебачаннем. Аляксандр прызнаўся Вользе на Новы год, што марыць дачакацца ўнукаў і калі-небудзь нарэшце купіць новае аўто з салона, і жонка падтрымлівае ў гэтым мужа! Аліна, магчыма, марыць спяваць на сцэне. Маргарыта выказала жаданне паехаць на наступны конкурс. Наогул жа, мара ва ўсіх агульная, агучаная ў Валожыне – пра заўсёды валошкавае неба над Беларуссю.

- Хачу ад душы выказаць асабістае, - са спадзяваннем гаворыць Вольга Радзевіч. - Цудоўна, што ў нас праводзяцца такія конкурсы, дзяржавай падтрымліваецца і развіваецца інстытут сям’і, мы жывём у сацыяльна абароненай краіне, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, шматдзетная сям’я можа пабудаваць дом, нават бальнічны ліст аплачваецца чалавеку. Дзе яшчэ бывае так? Наша жыццё блаславіў Бог. А так як Бог ёсць Любоў, то яна з намі назаўсёды, яна нас мацуе і надзейна цэментуе адносіны. Тым і жывём, і таму дзяцей вучым. 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з сямейнага архіва Радзевічаў.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER