Тады ён аб’яднаў у адну структуру следчых пракуратуры, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі і фінансавых расследаванняў. Справа, якой займаюцца людзі ў сіняй форме, няпростая.
Тут ні ў якім разе недапушчальныя памылкі, кожная сітуацыя патрабуе глыбокага аналізу, а сам супрацоўнік павінен валодаць высокім прафесіяналізмам і ўпэўненасцю ў правільнасці сваіх дзеянняў, а гэта бывае часта вельмі няпроста. Добра ведае гэта былы следчы Алег Бярнацкі. Ён пайшоў на заслужаны адпачынак ў 2016 годзе, але пільна сочыць за дзейнасцю сваіх калег, наведваецца да іх, падбадзёрвае і па магчымасці дае парады.
Ад дарожна-транспартных здарэнняў да забойстваў
Агульны стаж следчым у Алега Георгіевіча – больш за 20 гадоў. За гэты час органы папярэдняга следства, вядома, зведалі шмат пераўтварэнняў і рэформаў, але асноўная задача засталася ранейшая: дакапацца да ісціны і накіраваць крымінальную справу ў суд.
На цяжкасці следчай службы мужчына ніколі не наракаў. Не хапала часу скардзіцца, бо часта бываў у складзе аператыўна-следчай групы РАУС на месцы здарэння, збіраў доказы, магчымыя сляды злачынстваў, прызначаў разнастайныя экспертызы…
– Напружанне, якое атрымлівае следчы, каласальнае, – прызнаецца Алег Георгіевіч, – уявіце сабе – мне дагэтуль ноччу сняцца цэлыя радкі з судовых прыгавораў. Ды так дакладна! Здзіўляцца гэтаму не трэба, бо разбірацца даводзілася ў самых разнастайных сітуацыях: ад дарожна-транспартных здарэнняў да нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў.
Не кожны можа быць следчым
Кожнаму следчаму адначасова даводзіцца займацца некалькімі крымінальнымі справамі. Не заблытацца ў вялікай плыні інфармацыі дапамагае граматнае планаванне працоўнага дня і правільна расстаўленыя прыярытэты. Сакрэты майстэрства таксама крыюцца ва ўважлівасці і ўседлівасці. Важнымі якасцямі следчага Алег Георгіевіч называе сумленнасць, справядлівасць і, вядома ж, камунікабельнасць. Патрэбна ўмець лёгка сыходзіцца з незнаёмымі людзьмі, знаходзіць падыходы да прадстаўнікоў розных узростаў, прафесій, сацыяльных груп…
А яшчэ быў Афган
– Маё шчырае перакананне – следчым можа быць далёка не кожны юрыст, – тлумачыць Алег Георгіевіч. – Гавару гэта з веданнем справы. У нашай справе самае галоўнае – не давяраць безаглядна словам. Кожная версія павінна правярацца, крымiнальная справа грунтавацца на фактах і доказах. Следчы павінен быць уважлівым. І сіла духу патрэбная. І яшчэ смеласць.Такім запомнілася мне маё пакаленне следчых – Мікалай Семяняка, Юрый Жданаў і іншыя. Яны, як і я, суткамі карпелі за паперамі, усе дзеянні старанна занатоўвалі, лічылі важным кожнае слова, а самае галоўнае – з павагай ставіліся да пацярпелага і падазронага.
Смеласці і прыстойнасці Алегу Георгіевічу было не пазычаць, бо ён прыйшоў у следчыя свядома. За плячыма ў яго аказалася не толькі добрая адукацыя, але і абвостранае пачуццё справядлівасці. Яно набыло рашучы настрой пасля тэрміновай службы ў арміі.
З 2 жніўня 1986 па 20 чэрвеня 1988 года Алег Бярнацкі служыў у Дэмакратычнай Рэспубліцы Афганістан. За бездакорную і мужную службу быў узнагароджаны медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа” і знакам “Воіну-інтэрнацыяналісту”.
– Служба ў Афганістане стала для мяне выдатнай школай сталення і мужнасці, – гаворыць Алег Георгіевіч, – а яе ўрокі добра дапамаглі мне ў следчай справе. Не баяўся я выказваць сваё меркаванне і несці поўную адказнасць за слова, рашуча адстойваў сваю пазіцыю.
Цяжка служыць на ніве справядлівасці
Сёння Алег Георгіевіч па следчай справе ўжо не сумуе. Яму больш па душы сціплая роля дачніка.
– У следчым віхуры крымінальных спраў я практычна не бачыў, як раслі і сталелі мае сыны, як цяжка даводзілася ўпраўляцца ў доме маёй жонцы, – гаворыць ён, – таму пасля выхаду на пенсію я ніводнага дня не працую. Аб сваім рашэнні не шкадую, сэрца радуе малодшая дачка, якая сёлета ўжо заканчвае школу. Ды і стаў я ўжо дзядулем!
Сярод штодзённых хатніх і дачных клопатаў Алег Георгіевіч раз-пораз усё ж такі ўспамінае пра следчую службу і сваіх калег, параўноўвае мінулае пакаленне супрацоўнікаў з сучасным.
– Вядома ж, мае аргументы не заўсёды на карысць маладых, – заўважае ён, – але я, як вопытны следчы, не спяшалася рабіць вывады. Ведаю як няпроста бывае служыць на ніве справядлівасці, несці адказнасць за лёс канкрэтнага чалавека. Яму неабходна выявіць праўду, каб злачынец атрымаў па заслугах, а правы і свабоды законапаслухмяных былі надзейна абаронены.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.