Прарвёмся, "оперы"!

Date 05.10.2022 Man
Comment 628
Прарвёмся, "оперы"!

Яны б маглі смела служыць у разведцы, але ў мірны час пра іх здымаюць кіно і серыялы, якія па напружанні і інтрызе не саступаюць ваенным баталіям. Таму назва гэтай прафесіі выклікае змешаныя пачуцці – ад сумесі небяспекі з адрэналінам да шалёнага авантурызму. Нехта пабойваецца іх рашучасці, другія хочуць быць падобнымі на іх, трэція абыходзяць бокам. Не здагадаліся, пра каго ідзе размова? Правільна! Пра "операў", чыя асноўная задача – шукаць злачынцаў.

Напярэдадні прафесійнага свята мы завіталі ў раённы аддзел унутраных спраў, каб даведацца, чым займаюцца і як працуюць бярэзінскія "оперы". Праўда, сустрэцца з гэтым калектывам не так проста. Яно і зразумела: застаць на месцы ўсіх супрацоўнікаў крымінальнага вышуку – задача амаль нерэальная. Адны выехалі на месца чарговага здарэння, другія – удакладняць і расследуюць нюансы іншай справы, трэція карпелі над стосам папер і абсалютна не рэагавалі на гасцей. Таму расказаць пра працоўныя будні бярэзінскіх операў і крымінальны вышук наогул мы папрасілі начальніка гэтага аддзялення Уладзіміра Сялейка.

– Сёння, дзякуючы кінафільмам і серыялам, амаль кожны ведае пра супрацоўнікаў крымінальнага вышуку. Аднак хочацца даведацца, чым жа на самой справе займаецца крымінальны вышук?

– Не хочацца паўтараць, але я нагадаю, што кіно ўсё ж такі моцна адрозніваецца ад рэальнасці. А тое, чым мы займаемся, можна прачытаць ужо ў назве нашага аддзялення – шукаем крымінальных асоб. Калі больш дакладна, то "оперы" займаюцца выяўленнем і пошукам асобы, якая здзейсніла тое ці іншае злачынства. Угналі, скажам, у кагосьці аўтамабіль – наша справа знайсці гэтага аматара чужога транспарту. Праўда, такіх крадзяжоў сёння адзінкі, бо сучасныя злодзеі навучыліся “чысціць” карт-рахункі нашых занадта даверлівых грамадзян. Ды і няма спакою ад звычайных крадзяжоў маёмасці, хуліганаў.

Вось нядаўна затрымалі сталічнага жыхара, які псаваў на працягу мінулага года лініі ЛЭП. Бачылі б вы яго вочы, калі да яго зайшлі міліцыянеры. Ён нават паверыць не мог, што мы выйдзем на яго след. Расказваць, як мы вылічылі гэтага мужчыну, атрымаецца вельмі нудна. Але ў гэтым ёсць адваротны бок нашай крымінальнай службы.

– Кіно, сапраўды, адрозніваецца ад рэальнасці. Але зараз столькі фільмаў і серыялаў пра доблесных "операў", што, магчыма, хтосьці з хлопчыкаў, назіраючы за дзеяннямі на экране, уяўляе сябе на іх месцы. Няўжо пасля таго, як запаветная мара ажыццявіцца, іх чакае расчараванне?

– Ну, я ж не сказаў, што работа ў крымінальным вышуку нецікавая. І юнак, які сапраўды хоча стаць "операм", дакладна не расчаруецца. Проста ў кіно ўсё крыху перабольшана, пераважае вымысел, хоць ёсць і сапраўдныя факты. На тое ж яно і кіно, каб прыцягваць увагу гледачоў. Але ў кінематографе толькі невялікая частка нашай работы паказана. Астатняе застаецца за кадрам. Мы не можам займацца толькі адным расследаваннем! Адначасова вядуцца некалькі спраў, плюс праводзіцца праверка па фактах, па якіх крымінальныя справы не ўзбуджаны, але яны патрабуюць разбіральніцтва. Дадайце яшчэ афармленне рознай дакументацыі і іншую папяровую работу…

Аднак, нягледзячы на ўсё гэта, работа ў нас цікавая і нярэдка нагадвае сапраўдны дэтэктыў.

– Што зараз уяўляе сабой крымінальны вышук Бярэзінскага РАУС?

– Гэта падраздзяленне, дзе працуюць пяць чалавек: я, старшы оперупаўнаважаны Павел Кавалёў, оперупаўнаважаныя Віталій Васількоў, Мікіта Гарэлік і Дзяніс Шумскі. У кожнага з іх – свае абавязкі і лінія работы, за якую ён адказвае.

Так, капітан міліцыі Павел Кавалёў даўно займаецца пошукам без вестак прапаўшых людзей, а самы малады работнік у аддзеле старшы лейтэнант Мікіта Гарэлік рупіцца над выкрыццём кіберзлачынстваў. Словам, калектыў у нас дружны, аб’яднаны адной задачай – выяўляць злачынцаў.

Дарэчы, крымінальны вышук – адно з аддзяленняў раённага аддзела ўнутраных спраў, якое не поўнасцю ўкамплектавана. Таму мы чакаем у сябе маладых сышчыкаў, якія прагнуць сапраўднай міліцэйскай рамантыкі.

– Ад чаго залежыць станоўчы вынік крымінальнай справы і ад чаго – паспяховая работа крымінальнага вышуку?

– Раскрыццё любой справы і выяўленне злачынцы, вядома, залежыць ад многіх абставін: колькасці доказаў, своечасовай заявы пацярпелага, хітрасці вінаватага, выпадковасці і шанцавання, нарэшце… Але ў першую чаргу – ад прафесіяналізму і аператыўнай работы операў.

А аддзяленне працуе добра, таму што сабралася зладжаная каманда, аб’яднаная адной мэтай, якая ведае, для чаго гэта робіць. У дадатак вельмі важная і падтрымка кіраўніцтва. На шчасце, тут нам скардзіцца няма на што. І з начальнікам РАУС, і з яго першым намеснікам Аляксандрам Міхнёнкам, які, дарэчы, таксама ўзначальваў крымінальны вышук і зараз курыруе гэты накірунак, у нас поўнае ўзаемаразуменне, супрацоўніцтва, узаемападтрымка, узаемадапамога і ўсведамленне, што робім адну справу. Ён жа, як і я, і Павел Кавалёў, свой шлях у сышчыкі пачынаў з нялёгкай службы ўчастковага інспектара міліцыі.

– Якім жа павінен быць добры “опер”?

– Маё шчырае меркаванне – справядлівым і вытрыманым, нягледзячы ні на што. Трэба аднолькава справядліва і з павагай ставіцца і да пацярпелага, і да абвінавачваемага. Не быць ілжывым. І добрасумленна выконваць свае абавязкі.

– А вы самі чаму пайшлі ў крымінальны вышук?

– Я? (Задумваецца) Таму што гэта цікава. Пачаўшы справу, хочацца абавязкова дайсці да канца, дакапацца да ісціны. Калі гэта ўдаецца, атрымліваеш сапраўдны “кайф” ад работы. І вельмі хочацца працаваць на вынік. Сорамна хадзіць па горадзе, ведаючы, што ты камусьці не дапамог.

– Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята?

– Нашым шаноўным ветэранам – моцнага здароўя, а сённяшнім “операм” – удачы, таксама здароўя, дабрабыту і ўзаемаразумення ў сем’ях.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER