Тут жыццё ўраз абарвалася 80 гадоў таму, калі ранкам 14 верасня 1942 года ва Уцешына наехалі фашысты і паліцаі з вёскі Брадзец і Беразіно. Больш у вогненнай вёсцы свят не было. Ніколі. Яна проста знікла начыста з карты раёна, знікла назаўсёды разам з дамамі і жыхарамі. На гэтым месцы цяпер звычайнае поле мясцовага сельгаспрадпрыемства ААТ “Брадзец”, на якім устаноўлены помнік ахвярам фашызму. Яго нельга не заўважыць з машыны альбо рухаючыся пехатой. Помнік – як маяк у моры, які нясе нам у душы горкі напамін аб вялікай трагедыі маленькай бярэзінскай вёсачкі, якая па волі карнікаў загінула і больш ніколі не вернецца да жыцця.
Сведкі трагедыі
Архіўныя звесткі сведчаць: у пякельным уцешынскім агні абарваліся жыцці 26 чалавек.
На дзень трагедыі ў весцы налічвалася пяць хат, у якіх жылі сем’і Францкевічаў, Душэўскіх, Ліпніцкіх і Букатых. Больш за ўсё было дзяцей.
Пра той жудасны вераснёўскі дзень адным з першых узгадаў пры размове аб ваенных справах партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны былы баец 120-га партызанскага атрада жыхар вёскі Капланцы М.К. Грыбко. Па яго словах, у ходзе баявой аперацыі была наладжана засада партызан па дарозе ў лесе каля вёскі Уцешына. Тут народныя мсціўцы падарвалі аўтамашыну з немцамі. У адказ фашысты вёску спалілі, а ўцешынцаў расстралялі.
Назваў Грыбко і прозвішчы сведкаў трагедыі. Аднавіць падзеі таго жудаснага дня дапамаглі жыхары вёскі Аўгустова Пётр Іванавіч Францкевіч і яго сястра Марыя…
Спачатку расстрэльвалі…
– Пасля ўзрыву ў лесе на месца падзеі наехалі фашысты і паліцаі. Вёску акружылі, – успамінаў Пётр Іванавіч, – карнікі ўварваліся ў хату Івана Іванавіча Ліпніцкага, дзе быў і мой бацька Іван Міхайлавіч.
Ён ішоў з Крапіўні і завітаў сюды. Вывелі іх у сад і расстралялі. А Канстанцін Іванавіч Ліпніцкі з братам Браніславам былі на агародзе, іх тут жа забілі.
Адначасова карнікі прывялі з поля жыхара вёскі Крапіўня Крата і забілі яго ў садзе Душэўскіх. З надыходам вечара фашысты пакінулі Уцешына. Напалоханыя партызанамі, яны, едучы на грузавіку, стралялі з куляметаў у розныя бакі лесу ад Уцешына.
– На другі дзень карнікі ізноў былі ў вёсцы, – успамінала Марыя Іванаўна Францкевіч. – Уся яна была ачэплена. Карнікі заходзілі ў кожную хату, забіралі ўсё, што трап-ляла ў рукі. Людзей сагналі ў адно месца. На іх вачах паліцаі выкапалі яму, пасля чаго фашысты загадалі Ганне Усцінаўне Францкевіч, Мікалаю Душэўскаму і Уладзіміру Клімантовічу лезці туды і легчы ніц. Раздаліся аўтаматныя чэргі. Сюды ж паліцаі прыцягнулі трупы забітых у першы дзень. Дзяцей малых не чапалі і загадалі адвесці куды – небудзь.
“Да пабачэння!”
– Тады мне было васямнаццаць гадоў, – працягвае Пётр Іванавіч. – У гэты дзень я араў поле пад азімае жыта. Пачуў выбух. Справіўся прыехаць дадому, распрэгчы каня і зайсці ў хату. А тут забег сусед Леанід Пятровіч Крот і гаворыць, што немцы забілі ў садзе бацьку. Мы з маці кінуліся туды і наткнуліся на карнікаў.
Я сказаў маме: “Да пабачэння!” Гэта былі мае апошнія словы матулі. А сам перабежкамі, пад свіст куль, накіраўся ў бок кустоў. Кулі прабілі верхняе адзенне, але мне было суджана застацца ў жывых. Сястра Марыя ў гэты дзень была ў Аўгустове ў дзеда Усціна Пятровіча Ахрамовіча і таксама выратавалася ад смерці.
Жудасны попел
Хутка над вёскай узвілося вялізнае полымя. Гэта нямецкія вырадкі, расстраляўшы людзей, падпалілі ўсе хаты і гаспадарчыя пабудовы і, задаволеныя зробленым, паехалі. На месцы вёскі засталіся руіны, галавешкі і абгарэлыя дрэвы. Згодна з інфармацыяй, верасень 1942 года быў нязвыкла цёплым і нават палетняму гарачым. Таму няцяжка здагадацца, як невыносна млосна было выжыўшым, і колькі дзён на губах яны адчувалі жудасны попел.
Брацкая магіла
Праз пэўны час родзічы адкрылі брацкую магілу і перапахавалі туды загінуўшых. Не перахавалі толькі Уладзіміра Клімантовіча – забіраць яго не было каму. Ён рос сіратой і жыў заробкамі пастуха. Пасля вайны жыхары суседніх вёсак абазначылі гэтае месца слупкамі. Але з цягам часу яны згнілі, а трактарысты разаралі магілу. Выявіць яе і ўстанавіць дакладнае месца вёскі Уцешына цяпер практычна немагчыма. Тут кожны год на месцы астанкаў ахвяр фашызму шчодра каласяцца збожжавыя.
Жорсткі лёс
Даволі цяжкі лёс выпаў на долю Пятра Іванавіча Францкевіча.
– Калі жыў у Аўгустове ў бабулі, мясцовы здраднік перадаў у гарэніцкі гарнізон, што ў вёсцы пражывае партызанская сям’я, – расказваў ён пра сябе. – Мяне аднойчы схапілі фашысты і павезлі ў Беразіно. Па-зверску білі, цкавалі аўчаркамі. Затым адправілі ў магілёўскую турму, дзе было не лепш. З турмы ў ліу іншых вязняў адправілі ў Германію, дзе працаваў на заводах. Вызвалілі амерыканскія войскі.
Заручаныя памяццю
Мінулі дзесяцігоддзі, змяніліся пакаленні. Здаецца, пара супакоіцца, час прыглушыць боль, аднак попел Уцешына ўсё не астывае. І кожны раз вясной і восенню, калі плугі ўзнімаюць глебу на месцы, дзе калісьці стаяла вёска, на паверхню выходзяць усё новыя сведчанні таго, што адбылося ў той дзень. Кожную знаходку можна разглядаць бясконца, разважаючы аб трагічным лёсе ўладальнікаў гэтых рэчаў. І пры гэтым уяўляць маштаб таго, што адбывалася. Па першым часе тут знаходзілі адстрэляныя гільзы.
Траплялася шмат шкла, ператворанага агнём у нейкія пачварныя рэчы. Даволі шмат было камянёў, металічных частак ад пабудоў і нарогаў, гузікаў ды іншай драбязы. З цягам часу знаходак станавілася ўсе менш і менш, але мясцовыя механізатары заўсёды ўважліва сочаць за гэтым полем. Магчыма ізноў зямля прынясе новую знаходку...
...Уцешынцы жылі, не чакалі бяды. Не чакалі яе да таго ранку, пакуль у вёску не наляцелі ворагі, якім ніколі і ні пры якіх абставінах не павінна быць ніякага ні апраўдання, ні даравання.
Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны – балючая тэма для кожнага жыхара краіны. Каб рэальна ўявіць яго маштабы, дастаткова прыбегнуць да фактаў. Вёску Уцешына фашысты палілі 14 верасня, а напярэдадні, 11 верасня, полымя бушавала ў вёсцы Драмлёва, якая некалі была на карце Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Тут жыццё таксама абарвалася 80 гадоў таму і не аднавілася пасля ваеннага ліхалецця.
У пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек. З іх 103 мелі ўзрост да трыццаці гадоў. Свой першы год нараджэння не справілі Людачка Антанюк і Надзейка Алізарка, Жэнечка Ляўчук, Надзя і Аня Юрасікі — самыя маленькія жыхары вогненнай вёскі. У тым дыме задыхнуліся і самыя старэйшыя драмлёўцы Фёдар Ярмашук і Ганна Ляўчук, якія з'явілася на свет яшчэ да адмены прыгоннага права.
І гэта няпоўны пералік вёсак, спаленых ворагам ў верасні 1942 года разам з людзьмі. Горкі лёс Уцешына і Драмлёва павінен кожнага з нас прымусіць задумацца, ніколі не забывацца і не дараваць пакуты спаленых людзей. Каб, крый Божа, не паўтарылася гэта ізноў…
Мілана ТРАПЯНОК,
Фота Алены ГРОМАВАЙ.