Выхадным днём для беларусаў дата нараджэння Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі была заўсёды і адзначалася нязменна з помпай. У вялікіх і малых гарадах наладжваліся ўрачыстыя парады, мітынгі і розныя мерапрыемствы, удзельнікі якіх шчыра лічылі за шчасце шумна скандзіраваць лозунгі справе Леніна, крычаць зычнае “Ура!” дасягненням сацыялізму і доўга апладзіраваць красамоўным выступленням партыйных лідараў.
Пастаяннымі ўдзельнікамі гэтых парадаў у Беразіно былі старшакласнікі гарадскіх школ, якія, нягледзячы на холад, ішлі ў першых калонах з транспарантамі і сцягамі. Адпрошвацца ў бацькоў, каб перасядзець гэты святочны дзень у цёплай кватэры, было дарэмна: не было ж тады столькі тэлеканалаў і інтэрнэту, ды і дзейнічала строгая разнарадка. Тычылася яна не толькі школьнікаў, але і іх бацькоў. Яны, прыгожа апранутыя, з чырвонымі стужкамі пераможцаў сацыялістычных спаборніцтваў на грудзях, з гонарам маршыравалі ў калонах сваіх прадпрыемстваў па галоўнай плошчы горада. Узначальвалі іх сцяганосцы, самыя паважаныя людзі на прадпрыемствах раёна, якія прысвячалі свае поспехі і дасягненні чарговай гадавіне Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Ад гэтага яркага відовішча ў чырвоных сцягах з чорна-белымі партрэтамі з тварамі членаў Палітбюро ў школьнікаў былі самыя розныя ўражанні, але нязменна займала дух ад вялікай павагі да сумленнага працавітага чалавека, бясконцага шчаслівага бляску вачэй землякоў і гонару за нашу краіну. Краіну, якая годна супрацьстаяла злу капіталізму, перамагла фашызм і ішла сваім шляхам сацыялізму, краіну, якую ты рэальна мог уславіць сам і часткай якой ты з’яўляўся. А што ў такім выпадку значаць пасінелыя ад холаду рукі і сцёртыя да мазалёў нязручным абуткам ногі дзяцей, калі яны ўмомант атрымлівалі пэўны зарад патрыятызму?
Апошнія такія шумныя святкаванні ў гонар справы Леніна прайшлі ў канцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя. Скардзіцца на іх сёння наўрад ці хто будзе, бо на змену такой усеагульнай радасці прыйшлі цяжкасці перабудовы, нечаканасці галоснасці, вялікі дэфіцыт тавараў, продаж шкарпэтак, паліто і гарэлкі па картках, развал вялікай дзяржавы і нараджэнне суверэннай краіны, сусветны крызіс, складаныя выбары Прэзідэнта нашай краіны, няпростыя падзеі на Украіне, санкцыі, раскол беларускага грамадства…
Узгадаць свае дзіцячыя патрыятычныя ўспаміны мяне прымусіла надыходзячая святочная дата – 105-годдзе Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі. Адзначаць яе былымі шумнымі мітынгамі ўжо нікому не патрэбна - ні моладзі, ні людзям сталага ўзросту, але вось памятаць Кастрычніцкую рэвалюцыю варта як слаўную, няхай і супярэчлівую, старонку гісторыі.
Мінуць чырвоную дату проста так у гэтым годзе не атрымаецца, бо яна супала ў нашай краіне з не менш значнымі ў параўнанні з мінулымі падзеямі – абмеркаваннем праектаў законаў «Аб Усебеларускім народным сходзе» і «Аб змяненні Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь».
Абмеркаванне новых законаў атрымалася ўсенародным, бо людзі не застаюцца ўбаку ад тых працэсаў, якія адбывацца ў дзяржаве. Кожны стараецца зрабіць свой уклад у гэты законапраект. Людзі рэальна разумеюць, што гэта навізна ў дзяржаўным будаўніцтве і ў законатворчасці запатрабавана сённяшнім часам і мае добрую будучыню. Вось чаму так ажыўлена праходзяць у рэспубліцы дыялогавыя пляцоўкі. А гэта вельмі добры вопыт, бо людзі хутка ўключыліся ў разуменне, што адбываецца, і што можна зрабіць. Прапановы паступаюць розныя — ад агульных ідэй і ацэнак да канкрэтных прапаноў у той ці іншы артыкул. Гэта ж правільна, калі дзяржава даносіць да грамадзян тыя ідэі, якія яна мае намер рэалізаваць шляхам удасканальвання заканадаўства. Гэтыя нормы павінны быць дзеючымі, а не фармальна замацаванымі на паперы. Таму ставіцца мэта — атрымаць розныя прапановы, як станоўчыя, так і крытычныя. Тое, што будзе падыходзіць праекту закона, будзе ў комплексе вывучацца і мець працяг.
І цудоўна, што ў гэтай справе тон задае моладзь, патрыятычна настроеная моладзь, якая чэрпае сваю любоў да краіны не толькі з яркіх відовішчных мерапрыемстваў савецкіх часоў, а з крытычнага і ўзважлівага стаўлення да гісторыі, урокаў мінуўшчыны і тэндэнцый сучаснасці. І няхай яна не любіць шумных урачыстасцей, жыве светам інтэрнэту і зручнасцей, яе заўвагі не дадуць грамадству нарабіць памылак і зробяць нашы законы больш дзейснымі.
.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота з адкрытых крыніц.