Уздым
У той самы год, калі ў Парыжы сканала графіня Ганна Патоцкая, у яе спадчынных землях ў мястэчку Беразіне ў сям’і слесара Лейзара Гельфанда нарадзіўся сын, якому лёс наканаваў быць адным з галоўных знішчальнікаў тагачаснага жыццёвага ладу. Адбылося гэта 8 верасня 1867 года. Хлопчыка назвалі Ізраіль. Сімвалічнае імя, калі разумець значэнне – той, хто змагаецца з Богам.
Чакаў маленькага хлопчыка прадказальны лёс пайсці па татавай сцежцы і стаць таксама слесарам, але калі Ізраілю было 4 гады, нечакана згарэў іх дом, і сям’я Гельфандаў апынулася літаральна на вуліцы. Былі вымушаны падацца ў Адэсу, магчыма да радні. У Адэсе тата Лейзар уладкаваўся працаваць партовым грузчыкам. Тут жа ў Адэсе давялося перажыць яўрэйскі пагром. Дакладныя яго прычыны зараз ужо невядомыя, але ў той час падобныя пагромы былі нярэдкасцю. Каб пагромшчыкі толькі ведалі, як іх акцыя паўплывае на фарміраванне светапоглядаў Ізраіля! Але, што зроблена, тое зроблена, Ізраіль прасякся нянавісцю да царскага рэжыму.
У Адэсе ў хлопчыка праявіліся здольнасці да вучобы, ён вучыўся і шмат чытаў забароненых рэвалюцыйных кніжак. Верагодна, што менавіта ў той час у Ізраіля Гельфанда і з’явілася мара скінуць цара. Трэба дадаць, што ў сваім жыцці хлопчык паставіў яшчэ адну мэту – асабіста разбагацець.
Пасля паспяховага заканчэння гімназіі, Ізраіль паехаў за мяжу і паступіў у Базельскі ўніверсітэт. Неўзабаве стаў доктарам філасофіі ў галіне эканомікі і фінансаў. Такім чынам, сын звычайнага слесара апынуўся на шляху да палітыкі і вялікіх грошай.
Псеўданім
Пасля вучобы наш зямляк перабраўся ў Германію, дзе яго добразычліва сустрэлі паслядоўнікі марксісцкага вучэння Карл Каўцкі і Клара Цэткін. Творчы бенефіс Гельфанда адбыўся ў 1894 годзе на старонках газеты Die Neue Zeit (“Новы час”). Тут ён выступіў з шэрагам артыкулаў пад псеўданімам Парвус, ад лацінскага Parvus – маленькі. Менавіта пад псеўданімам Аляксандр Парвус ён і ўвайшоў у гісторыю.
Парвус умее пісаць правільна і ведае, як цешыць людскія жаданні і амбіцыі, і як накіроўваць у патрэбнае рэчышча грамадскае меркаванне. Усе рускія марксісты запоем чытаюць сачыненні Парвуса. Нават болей, Ленін просіць у пісьмах да маці прыслаць яму ў сібірскую ссылку ўсе артыкулы Парвуса. Дарэчы, кніжку Парвуса “Сусветны рынак і сельскагаспадарчы крызіс”, напісаную ў 1897 годзе, Ленін настойліва рэкамендаваў усім, хто захапляецца падобнай тэматыкай.
Аматар прыгод і авантур Парвус разам з сябрам у 1899 годзе па падробленым пашпарце павандраваў па Расійскай імперыі, і ў выніку напісаў кніжку “Галадаючая Расія”. У Германіі кніга адразу стала бестселерам. Любілі немцы падобнае чытво пра ўсходніх суседзяў.
Таленавіты журналіст
Парвуса прыкмецілі як амбітнага журналіста і спачатку запрасілі на пасаду рэдактара “Лейпцыгскай народнай газеты”, а потым “Саксонскай рабочай газеты” ў Дрэздэне. Вядомасць і аўтарытэт раслі штодня.
Хто нарадзіўся і вучыўся ў школе ў савецкі час, памятае са школьнай праграмы, што Ленін выдаваў газету “Іскра”, дэвіз якой быў “З іскры разгарыцца полымя”. Але далёка не ўсім вядома, што першыя нумары “Іскры” друкаваліся на кватэры
Парвуса ў прыгарадзе Мюнхена. Самымі бліскучымі аўтарамі газеты былі амбіцыйныя журналісты Парвус і Троцкі. Нават Ленін, які называў сябе літаратарам, саступаў ім месца на першай паласе. Дарэчы, мюнхенская кватэра Парвуса стала месцам сустрэч рэвалюцыянераў. Менавіта тут Парвус моцна пасябраваў з Троцкім.
У 1905 годзе ў Расіі адбылася рэвалюцыя. Парвус і Троцкі выехалі ў Расію нават раней за Леніна. Калі Троцкі стаў фактычна кіраўніком Пецярбургскага Савета рабочых дэпутатаў, то Парвус заняўся выключна ідэалогіяй. Парвус паспяхова арганізаваў і ўзяў пад кантроль тое, што зараз завуць “інфармацыйнай вайной”. Упершыню ў гісторыі гэта адбывалася ў вельмі вялікіх маштабах. Трапіўшая пад кантроль Парвуса ліберальная “Русская газета” пачала выдавацца накладам 500 тысяч экзэмпляраў.
Аматар прыгод
Рэвалюцыя 1905 года пацярпела крах, і прыгоды Парвуса пацягнуліся далей, жыццё заблішчэла новымі фарбамі – наш зямляк апынуўся за кратамі ў знакамітых “Крестах”. Пасля разгляду судовай справы, дзеяча прыгаварылі да трох гадоў ссылкі на краі свету – у Туруханску. Але ж для Парвуса было справай гонару не даехаць да месца адбывання пакарання. Падробны пашпарт, яўкі і грошы былі прадбачліва загатоўлены, відаць, загадзя. У Енісейску Парвус прапануе выпіць сваім канвойным і частуе іх гарэліцай ад душы. І калі канваіры ўпокат спяць, арыштант бяжыць, паяўляецца спачатку ў Італіі, затым ў Германіі і на радзіме болей ніколі не паказваецца.
У той жа час адбываецца некалькі сварак, якія вельмі падмочваюць рэпутацыю Парвуса, ён кідае без сродкаў дзвюх жонак з дзецьмі і падкідвае непрыемны сюрпрыз пралетарскаму пісьменніку Максіму Горкаму. Аднойчы Парвус займаўся прасоўваннем п’ес Максіма Горкага ў нямецкія тэатры. Толькі ў адным Берліне п’есу “На дне” паказалі пяцьсот разоў. Ганарараў назбіралася шмат. Аднак, па словах Горкага, ніхто акрамя Парвуса гэтых грошай не бачыў. На казытлівыя пытанні Ізраіль Лейзаравіч сціпла адказваў: “Патраціў на падарожжа па Еўропе з прыгожай жанчынай”. Наогул, Парвус ніколі не хаваўся ў плане адносін з жанчынамі, жыў на шырокую нагу, адкрыта жаніўся і разводзіўся, з’яўляўся на людзях з палюбоўніцамі. Меў некалькі афіцыйных жонак. Гэта негатыўна адбілася на рэпутацыі – у сацыяльна-дэмакратычных колах стала лічыцца маветонам прымаць дапамогу ад Парвуса.
Распіска Парвуса ў атрыманні 1 млн. марак ад пасланніка Германіі ў Капенгагене
Удзел у рэвалюцыі
У 1908 годзе ў Турцыі адбылася рэвалюцыя, і Парвус выехаў туды, быў рэдактарам газеты младатуркаў. У час Балканскіх войнаў стаў фінансавым саветнікам урада, прадстаўніком канцэрнаў Крупа і Вікерса ў Асманскай імперыі, пастаўшчыком збожжа і прадстаўніком буйнага гандляра зброяй Базіля Захарава. У 1910 годзе Гельфанда ведаюць у Канстанцінопалі ў якасці паспяховага прадпрымальніка.
Парвус адкрыта фармуляваў, што на рэвалюцыю патрэбны грошы і не малыя. Зорны час дзеяча настаў з пачаткам Першай сусветнай вайны. Парвус выступае за перамогу Германіі, па яго меркаванні гэта перамога павінна прывесці спачатку да рэвалюцыі ў Расіі, затым да сусветнай рэвалюцыі. Ён абгрунтаваў неабходнасць саюза Германіі з расійскімі рэвалюцыянерамі, запэўніў нямецкі ўрад, што нават у выпадку нямецкай перамогі Расія будзе ўяўляць небяспеку, калі не распадзецца. Таму выступаў за аддзяленне Фінляндыі, Украіны і іншых частак імперыі. Нямецкі ўрад яму паверыў! Нягледзячы на страту былых сувязей з сацыялістамі, якія называюць Парвуса “сутэнёрам імперыялізму”, ён атрымлівае для пачатку ад германскага міністэрства замежных спраў адзін мільён марак. Праўда, у Германіі западозрылі, што Парвус паклаў гэтыя грошы на асабісты рахунак у банк.
Менавіта Парвус прапанаваў ідэю прывезці Леніна і Зіноўева ў Расію рабіць рэвалюцыю ў славутым апламбаваным вагоне праз Германію і атрымаў для гэтай мэты ад нямецкага ўрада яшчэ 5 мільёнаў марак. Варта патлумачыць, што ішла Першая сусветная, і згаданых асоб арыштавалі б на тэрыторыі Францыі і іншых дзяржаў.
Потым Ленін разарваў сяброўства з Парвусам і закладваў асновы новай дзяржавы так, як сам лічыў правільным.
Напрыканцы
Што не адняць, Парвус быў бліскучым палітычным аналітыкам. У 1895 годзе прадказаў непазбежнасць расійска-японскай вайны. Калі ж вайна пачалася, быў упэўнены, што следам здарыцца сусветная вайна, а за ёй рэвалюцыя ў Расіі. Пасля запэўніваў, што адбудзецца рэвалюцыя ў Германіі.
У 1921-м Парвус казаў: калі краіны Антанты разбураць Германію, яны ператвораць немцаў у арганізатараў Другой сусветнай вайны.
Памёр у Германіі 17 снежня 1924 года – у адзін год з Леніным.
У Парвуса было трое сыноў. Двое з іх, ад першых двух жонак, атрымалі адукацыю з бацькавай фінансавай дапамогай і зрабілі дыпламатычныя кар’еры. Ва ўсіх лёс склаўся па-рознаму. Напрыклад, дыпламат Яўгеній Гнедзін пасля смерці знакамітага таты атрымаў ад нямецкага натарыуса прапанову стаць спадкаемцам, спадчына была немалая – акрамя банкаўскіх рахункаў у розных краінах Еўропы, мелася нерухомасць у Швейцарыі, Капенгагене, віла пад Берлінам… Сын усе сродкі і грошы ад продажу маёмасці перадаў савецкай дзяржаве.
Цяжка ўявіць ланцужкі прычынных сувязей, якія выклікаюць неверагодныя наступствы. Але ж, пэўная метафізіка ў гэтай гісторыі мае месца. Уявіце самі, а ці здарылася б Кастрычніцкая рэвалюцыя ў той меры, у якой мы ведаем, ці пайшла б наша гісторыя вядомым шляхам, калі б у свой час не згарэла хата бярэзінскага слесара Лейзара Гельфанда? Дарэчы, па сведчанні краязнаўцаў, дом Гельфандаў стаяў насупраць сучаснага кінатэатра “Юбілейны”.
У 2017 годзе вядомы рэжысёр Уладзімір Хаціненка зняў мастацкі серыял “Дэман рэвалюцыі”, прысвечаны ўдзелу Парвуса ў Кастрычніцкай рэвалюцыі.
Падрыхтаваў Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота з адкрытых крыніц.