Не кожная сям’я можа пахваліцца такім рэкордам, ды яшчэ тым істотным укладам, якія яны ўнеслі для раёна за гэты прамежак часу.
Валянціна Пытляк свой прафесійны шлях пачынала з кіраўніка сельскай установы культуры, прайшла ўсе ступені росту і адзін час нават узначальвала раённы Дом культуры, ведае спецыфіку работы кожнага спецыяліста, мае цудоўныя арганізатарскія здольнасці, якія не раз дэманстравала пры арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў. Зараз Валянціна Анатольеўна крыху памяняла сваёамплуа (але не здрадзіла культуры) і працуе кіраўніком народных майстроў раённага цэнтра рамёстваў.
Што ж датычыць Мікалая Пытляка, то яго асоба за гады работы ў раённым цэнтры культуры стала сапраўды знакавай, а яго вобраз набыў аблічча візітнай карткі Бярэзіншчыны, бо, лічы, у час правядзення кожнага мерапрыемства яму адводзіцца роля вядучага – непаўторнага і ўнікальнага. А наш рэгіянальны брэнд - тэатральны фестываль “Бярэзінская рампа”!
Менавіта дзякуючы намаганням Мікалая Мікалаевіча вось ужо колькі год запар мы далучаемся да мастацтва Мельпамены і з нецярпеннем чакаем чарговага тэатральнага дзейства з абавязковым удзелам нашага народнага тэатра.
Гаварыць пра сям’ю Пытлякоў можна бясконца. Няхай як можна больш выпраменьваюць яны нязгаснае святло сваёй творчасці, ад якога кожны становіцца чысцейшым душой і святлейшым у сваіх памкненнях.