Лешніцкі ФАП пасля рамонту

Date 01.08.2023 Man
Comment 864
Лешніцкі ФАП пасля рамонту

У раёне працягваецца рамонт ФАПаў і навядзенне парадку на іх тэрыторыях і ў большасці ЛПО работы ўжо выкананы.

Варта нагадаць, што ў маі ў райвыканкаме адбылася нарада пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Дзяніса Дзішука з удзелам кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый, вынікам якой стала рашэнне замацаваць усе ФАПы Бярэзіншчыны за прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, а таксама прыватным бізнесам. Ставілася дакладная задача: арганізацыям дапамагчы ў навядзенні парадку на ФАПах. Былі распрацаваныя планы адпаведных мерапрыемстваў.

Мы зазірнулі ў Лешніцкі ФАП з мэтай паглядзець, як рамонтныя работы прайшлі тут.

– Рамонт у нас пачаўся ў чэрвені, – расказвае загадчыца ФАПа Алена Барысёнак. – З усімі задачамі выдатна справіліся. Рабочыя Бярэзінскай ЦРБ паклалі плітку каля ўваходу ў будынак на ганку і на пандусе. Шмат давялося зрабіць нашым надзейным памочнікам: работнікам Бярэзінскай лясной гаспадаркі. Яны залілі ганак каля ўваходу ў кацельню, зрабілі над ёй навес і памянялі дах, у дадатак падмайстравалі агароджу вакол тэрыторыі і залілі пляцоўку пад смеццевы кантэйнер. Без іх дапамогі, а таксама без нашых рабочых, і не ўявіць як бы справіліся.

Сапраўды, у Лешніцкім ФАПе цяпер прыемна паглядзець на тэрыторыю і на знешні выгляд будынка. Дарэчы, утульна было і раней, аднак зараз адчуваецца, што папрацавала гаспадарская рука і стала яшчэ лепш. Тут даволі маляўнічыя краявіды, непадалёк гарэзуюць дзеці – цераз забор дзіцячы сад, блізка іншыя соцыякультурныя ўстановы і паўсюль шмат зеляніны: ад дрэўцаў да прыгожых дагледжаных кветак, якія, як і наведзены належным чынам парадак, спрыяюць добраму настрою, так неабходнаму не толькі пацыентам, а і медыкам.

Між іншым, Лешніцкі ФАП абслугоўвае 3 населеных пункты: Лешніцу, Слабаду, Навасёлкі з насельніцтвам 717 чалавек, з якіх 142 – дзеці, у тым ліку 9 да аднаго года. Фельчар Алена Барысёнак працуе загадчыцай ФАПа ўжо 7-ы год. Разам з ёй – санітарка Алеся Кандыбайла. Абедзве супрацоўніцы на добрым рахунку і ў кіраўніцтва, і ў удзячных пацыентаў.

– Рамонт быў праведзены вельмі аператыўна і скончыўся ў 20-х чыслах чэрвеня. Зараз мы з добрым настроем працягваем працу, вядзем прыём пацыентаў, і шчыра дзякуем усіх, хто нам дапамог, – адзначала Алена Аляксандраўна.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER