Мікулічы рыхтуюцца да “Дажынак”

Date 29.08.2023 Man
Comment 1179
Мікулічы рыхтуюцца да “Дажынак”

Пачатак верасня выдаўся для Бярэзіншчыны багатым на падзеі. Па-першае, гэта старт новага навучальнага года, а па-другое, усёй талакой 9 верасня мы будзем святкаваць раённыя дажынкі. Пройдуць яны, як вы ўжо ведаеце з нашых публікацый, у аграгарадку Мікулічы. Сёння тут працягваюцца работы па добраўпарадкаванні гэтага населенага пункта. Што ж тут ужо зроблена і мяркуецца выканаць да назначанай даты?

Адным з асноўных месцаў прыкладання намаганняў з’яўляецца пляцоўка каля будынка пачатковай школы. Менавіта там адбудуцца асноўныя мерапрыемствы маючага адбыцца свята. Не так даўно, у ходзе падрыхтоўкі навучальных устаноў да пачатку заняткаў, у школе правялі поўную замену вокнаў. На двары ўстаноўлена новае гульнявое абсталяванне. Неўзабаве ўздоўж тэрыторыі школьнага двара будзе пракладзена новая тратуарная дарожка.

Пачнецца яна ад прыпыначнага пункта, які абсталёўваюць каля мясцовага Дома культуры работнікі ДРБУ-192. Яшчэ адзін падобны прыпыначны пункт размесціцца і побач з мясцовым паштовым аддзяленнем (там таксама вядуцца неабходныя работы).

Істотны рамонт праведзены ў Мікуліцкім магазіне, Доме культуры, а таксама фельчарска-акушэрскім пункце.

Святлей гэтыя будынкі сталі не толькі знешне, а і істотна памяняліся ўнутры. Не забыліся ў Мікулічах і пра добраўпарадкаванне мясцовых могілак.

Істотны аб’ём работы неабходна выканаць і работнікам ДЭУ-6, якія заняты добраўпарадкаваннем тэрыторыі, размешчанай каля адміністрацыйнага будынка мясцовай гаспа-даркі – ААТ “Першамайскі”. Па словах майстра ДЭУ-6 Ігара Ільюшчанкі сіламі дарожнікаў тут будзе створана выкладзеная пліткай пляцоўка паміж канторай і паштовым аддзяленнем сувязі, што, несумненна, надасць прывабнасці і ўтульнасці гэтаму месцу.

Дарэчы, пляцоўка каля адміністрацыйнага будынка ў апошні час стала намнога большай па памерах за кошт змяншэння плошчы размешчаных тут мехмайстэрняў і зносу вялікага арачніка-сховішча. Зараз тут створана зялёная зона.

Прыгажэйшай становіцца і цэнтральная вуліца аграгарадка. Прыбыўшыя з Беразіно “шэфы”, расцягнуўшыся вялікім ланцужком, дружна фарбавалі агароджу. Сапраўды, Мікулічы становяцца больш прывабным месцам, і яго жыхарам, думаецца, не будзе сорамна прымаць на сваёй тэрыторыі гасцей. Дарэчы, а што яны самі думаюць пра тыя перамены, што адбываюцца ў іх населеным пункце?

 

Мікалай Красоўскі:

- Безумоўна, радуюць тыя перамены, што адбываюцца навокал. Я вось жыву якраз насупраць школы, а значыць, змагу назіраць за святам, лічы, не выходзячы за веснічкі. Жартую, канечне. Мы разам з сынам таксама ўнеслі сваю лепту ў добраўпарадкаванне. Бачылі наша возера? Дык вось, мы ў яго запусцілі соцень пяць карасікаў, маленькіх налавілі ў адным азярцы і сюды прывезлі. Так што праз які год рыбалка тут будзе цудоўная!

 

Сяргей Пянкрат:

- Тут, у Мікулічах, мая бацькаўшчына. Вось прыязджаю сюды на лета з Мінска. Зразумела, падабаюцца перамены, што тут адбываюцца апошнім часам. Прыемна бачыць усе пераўтварэнні, якія прыводзяць да акультурвання населенага пункта. Прыгожа становіцца і ўтульна. Ды і як не радавацца таму, што менавіта Мікулічы стануць цэнтрам раённых дажынак. На жаль, пабыць на іх не атрымаецца, бо трэба гэтымі днямі ехаць ізноў у сталіцу, жонку да ўрачоў весці.

 

Аляксей Івашка:

- Я ў Мікулічах не так даўно, менш як паўгода. Загадваю мясцовай фермай у ААТ “Першамайскі”. Месца спадабалася, ды і людзі тут працавітыя. З цікавасцю назіраў, як добра-ўпарадкоўваецца аграгарадок.
Многае зроблена за гэты невялікі прамежак часу, і ўсё адбывалася на маіх вачах.

Калі даведаўся, што тут будуць раённыя дажынкі, адчуў гонар за гаспадарку, бо не кожнаму выпадае ладзіць на сваёй тэрыторыі такі фэст. Канечне, клопатаў і работы тут шмат. І вельмі прыемна, што іх з вяскоўцамі падзяляюць гарадскія арганізацыі і прад-прыемствы. Вядома, хацелася б пабываць на гэтым свяце, але ж работа на ферме наўрад ці адпусціць.

 

Мілана Свірыд:

- Сёлета першага верасня я пайду ў 11-ы клас Паплаўскай сярэдняй школы, а пасля яе заканчэння планую паступаць у Белдзяржуніверсітэт, каб стаць філолагам. Такім чынам, гэта маё, як кажуць, апошняе лета дзяцінства. І вельмі прыемна, што супала яно з тымі пераменамі, якія адбываюцца ў нас навокал.

Усё ператвараецца, становіцца больш утульным і прыгожым. Вось прыпынкі для аўтобусаў робяць. Возера выкапалі – таксама прыемна. Ды і самі будынкі і вуліцы набываюць новы выгляд. Здорава!

 

Алена Дулькевіч:

- Наша аддзяленне паштовай сувязі часта наведваюць вяскоўцы, сумаваць без спраў не даводзіцца. А зараз, калі побач з нашым “офісам” будзе новая выкладзеная пліткай пляцоўка з больш зручным падыходам, наведвальнікаў стане яшчэ больш. Мы размешчаны якраз побач з адміністрацыйным будынкам гаспадаркі, таму знаходзімся ў самым цэнтры падзей і перамен, якія адбываюцца ў Мікулічах напярэдадні свята дажынак.

Мы любім, калі да нас прыязджаюць госці. Таму рыхтуемся прыняць іх годна, па-гаспадарску. І вельмі добра, што ў гэтым дапамагаюць нам і раённы выканаўчы камітэт, і раённы Савет дэпутатаў, і многія прадпрыемствы і ўстановы горада. Так што і свята таксама будзем сустракаць разам. Прыязджайце да нас!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER