Станоўчы вынік даюць прадуманыя крокі

Date 08.09.2023 Man
Comment 702
Станоўчы вынік даюць прадуманыя крокі

У адрозненне ад астатніх гаспадарак Бярэзіншчыны, якія размешчаны на ажыўленых трасах Мінск-Магілёў, Барысаў-Бабруйск і заўсёды знаходзяцца навідавоку і на слыху многіх бярэзінцаў і гасцей нашага рэгіёна, сельскагаспадарчы філіял “Арэшкавічы” ААТ “Мінскі завод колавых цягачоў” не мае такой публічнасці. Размешчаны на самым ускрайку раёна за добрых 30 кіламетраў ад райцэнтра, ён рэдка калі становіцца ўпадабаным месцам для вандровак або масавых мерапрыемстваў.

Тым не менш, гаспадарка пастаянна знаходзіцца на слыху як адна з лепшых у раёне па вытворчасці асноўных відаў сельскагаспадарчай прадукцыі, як эканамічна моцнае прадпрыемства, якое па выніках сваёй дзейнасці перыядычна адзначаецца граматамі і займае прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве.

Вось і сёлета сельгасфіліял трапіў у лік пераможцаў спаборніцтва на жніве і заняў у ім ганаровае трэцяе месца. Адзначым, што адбываецца падобнае не першы раз.

Васіль Рашотка

З якімі ж паказчыкамі завяршылі ў філіяле сёлетняе жніво? З 418 гектараў, занятых збожжавымі і зернебабовымі культурамі, тут атрымалі амаль 1,5 тысячы тон валавога намалоту. Ураджайнасць склала 35,3 цэнтнера з гектара. Убіраць пачыналі не з самых лепшых участкаў, а з тых, што крыху падгарэлі, паступова набіраючы тэмпы работ і прыбаўляючы ва ўраджайнасці. Дарэчы, самымі багатымі на аддачу аказаліся азімая пшаніца і азімае трыцікале (адпаведна 43 і 39 цэнтнераў з гектара), а таксама авёс (54 цэнтнеры) і зернебабовыя – 59,3 цэнтнера.

Віктар Лучына

Уборку вялі трыма камбайнамі, столькі ж было задзейнічана і транспарту на адвозцы збожжа. Найбольшай выпрацоўкі дасягнуў камбайнавы экіпаж у саставе Васіля Рашоткі і Дзяніса Ляховіча. А вось на адвозцы збожжа лідарам стаў Андрэй Грышчанка, які на гэты раз змог абысці свайго колішняга саперніка, неднаразовага тысячніка былых сезонаў уборкі Віктара Лучыну.

Андрэй Грышчанка

- Мець высокі вынік мне сам Бог загадваў, - усміхаецца Андрэй, - бо гэтае жніво я адпрацаваў на новенькім МАЗе, які мы атрымалі мінулай зімой.

Добра стараліся і іншыя работнікі філіяла, якія былі задзейнічаны ў кампаніі.

- У нашым калектыве налічваецца каля 60 працаўнікоў, і кожны з іх заслугоўвае толькі слоў падзякі, - дзеліцца меркаваннямі дырэктар філіяла Сяргей Счасны. – На жаль, вынік нашых намаганняў аказаўся сёлета не такім важкім, як летась. І на тое, як вы ведаеце, былі свае важкія прычыны. 

Канстанцін Кухаронак

Для таго, каб налета быць больш падрыхтаванымі да падобнага роду капрызаў надвор’я, мы ўжо сёння зрабілі патрэбныя вывады і прымаем адпаведныя захады. Па-першае, гэта ўнясенне пад поўную патрэбнасць усіх тукаў.

Па-другое, у ходзе догляду пасеваў павінны праводзіцца ўсе віды апрацовак, напрыклад, ужыванне рэгулятараў росту або пазакаранёвыя падкормкі мікраэлементамі пад рапс, каб ён больш моцным ішоў у зімоўку.

Галоўны эканаміст Юлія Гогаль і галоўны інжынер Мікіта Крафт

Па-трэцяе – гэта больш эфектыўная работа па ўнясенні вясной пад пасевы азоту, які дапамагае захаваць вільгаць (гэты нюанс сёлета даволі яскрава паказаў сябе).

Наступны пункт прадугледжвае выкарыстанне толькі высокапрадукцыйнага элітнага насення з высокім патэнцыялам. Для павелічэння валавога намалоту налета планую павялічыць плошчу тых культур, якія былі найбольш ураджайнымі ў папярэднія сезоны (у прыватнасці, гэта трыцікале і пшаніца).

Асаблівую ўвагу, лічу, трэба ўдзяліць культурам, якія з’яўляюцца таварнай прадукцый, у тым ліку і рапсу, асабліва яго гібрыдам. Большую ўвагу будзем надаваць таксама ячменю – як азімаму, так і яравому, бо ён таксама пры добрым доглядзе здольны даваць высокі ўраджай.

Анатоль Калбаска

- Так, таварная прадукцыя раслінаводства плюс жывёлагадоўчая прадукцыя, - працягвае Сяргей Іванавіч, - з’яўляюцца асновай папаўнення нашай казны. Таму паралельна з правядзеннем жніва трымалі пад пільным кантролем і стан работы фермы, забеспячэнне яе пад поўную патрэбу кармамі.

Зараз вось працягваем убіраць кукурузу і закладваем яе ў сянажныя траншэі. Дарэчы, налета планую амаль удвая павялічыць пасяўныя плошчы пад “царыцу палёў”, каб закласці мінімум 10-11 тысяч тон сіласу з яе і забяспечыць жывёлу энергіяй.

Сапраўды, эканоміку будучага года і перспектыву развіцця гаспадаркі ў наступным годзе трэба закладваць і пралічваць ужо сёння, калі на палетках яшчэ ёсць корм для жывёлы, які неабходна ўбраць і захаваць, калі ў самым разгары пасяўныя і глебаапрацоўчыя работы, калі закупляецца насенне і вызначаюцца найбольш спрыяльныя ўчасткі для высеву той ці іншай культуры. Таму ў вяскоўцаў сёння хапае штодзённай работы і клопатаў.

Вось, напрыклад, Анатоль Калбаска. Хоць у жніве ўдзелу ён не прымаў, але ад яго вынікаў напрамую залежыць ураджай у гаспадарцы, бо гэтымі днямі ён на сваім энерганасычаным трактары МТЗ у счэпе з пасяўным агрэгатам заняты сяўбой азімай пшаніцы.

Не сядзяць без справы сёння і іншыя механізатары: той жа Канстанцін Кухаронак, які, лічы, адзін выконвае ўсе хімахоўныя работы, Аляксандр Аўчыннікаў, які ў час жніва паспеў пазавіхацца і на КЗС, і пачаць узорваць вызваленыя ад збажыны палеткі. Добра ўпісаўся ў каманду “Арэшкавіч” за паўтара года работы тут і Іван Патракоў, асноўным клопатам якога з’яўляецца звозка саломы (ён прыбыў сюды з суседняга Барысаўскага раёна і яму ўжо выдзелена жыллё). Набіраецца вопыту практычнай работы і малады галоўны інжынер філіяла Мікіта Крафт.

Іван Патракоў

Развіваецца гаспадарка, не здае сваіх пазіцый, маладзее, пашырае свае ўгоддзі. Так што налета ў філіяла ёсць усе падставы для таго, каб ізноў выйсці ў лік пераможцаў раённага спаборніцтва на жніве.

Аляксандр Аўчыннікаў

 

*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER