Важнай асаблівасцю ўборкі стаў той факт, што ААТ “Брадзец”, нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы надвор’я гэтага года, адзіны ў раёне здолеў пераўзысці паказчык ураджайнасці мінулага года. Несумненна, і гэты значны фактар паўплываў на тое, што пры вызначэнні пераможцы раённага спаборніцтва на жніве-2023 гаспадарцы было прысуджана першае месца.
Аляксандр Кніга
Дарэчы, ААТ “Брадзец” у ліку лідараў спаборніцтва знаходзіцца не першы год і ўжо займаў прызавыя месцы. Летась, напрыклад, яно было трэцім, а ў дадатак да ўсяго яго цэнтральная сядзіба была вызначана як цэнтр правядзення раённых дажынак. І вось сёлета –ганаровае першае месца і неаспрэчнае лідарства.
– У дасягнутым поспеху не бачу нічога звышнатуральнага, – дзеліцца думкамі дырэктар гаспадаркі Аляксандр Крук. – Галоўнымі фактарамі ў дасягненні поспеху ў любой справе лічу строгае захаванне тэхналогіі. Так, практыка паказвае, што своечасова праведзеная сяўба складае 50 працэнтаў поспеху будучага ўраджаю. Важнымі з’яўляюцца таксама адказныя адносіны да выканання сваіх абавязкаў спецыялістаў і занятых на вытворчасці рабочых, іх настрой на справу. Безумоўна, на выніках працы земляробаў адбіваецца надвор’е і яго непрадказальнасць, што ў значнай ступені сёлета мы і адчулі. Аднак, лічу, што з выпаўшымі выпрабаваннямі мы справіліся годна.
Аляксандр Мікалаевіч не падзяляе сваіх работнікаў на тых, хто ўнёс большы або меншы ўклад у агульную справу: кожны стараўся на сваім участку выконваць даручаную справу. Сапраўды, калі браць галоўных удзельнікаў жніва – камбайнераў або вадзіцеляў на адвозцы збожжа, то розніца ў іх паказчыках зусім неістотная. Як тут кагосьці выдзеліць? Ды і іншыя стараліся ад душы – і галоўны інжынер гаспадаркі, і брыгадзір паляводчай брыгады, і загадчыца зернесклада, і выгаўшчык, і работнікі збожжатока…
Юлія Корык і Таццяна Нікіціна
Усяго ў жніве было задзейнічана восем камбайнаў і чатыры вадзіцелі вялікіх МАЗаў, на падмогу якім у экстранных выпадках далучаліся і механізатары на трактарах.
Але, зразумела, што ўцягнутымі ў кампанію былі і іншыя працаўнікі, якія забяспечвалі бесперабойную работу на палетках. І яе вынікі прыносілі свой плён і прымнажалі лік тысячнікаў. Па выніках уборкі ў гаспадарцы тысячнага рубяжа дасягнулі тры камбайнавыя экіпажы і чатыры вадзіцелі. Не прамінём сказаць, што камбайнавы экіпаж гаспадаркі ў саставе Віталя Сакава і Генадзя Трыгуба запаветнага выніку ў тысячу тон намалоту дасягнуў аказваючы шэфскую дапамогу аграрыям суседняга Крупскага раёна. Такім чынам, працаўнікі “Брадца” традыцыйна змаглі вызначыцца не толькі на сваіх палетках.
Міхаіл Гузоўскі
Вызначыліся яны яшчэ і тым, што многія ўдзельнікі жніва гэтага сельгаспрадпрыемства ўшаноўваюцца на раённых дажынках у якасці пераможцаў спаборніцтва. Так, камбайнер Аляксандр Кніга заняў трэцяе месца сярод лепшых камбайнераў. Уладзіслаў Корык прызнаны лепшым маладым камбайнерам раёна (дарэчы, гэтага звання ён удастойваўся і раней). Мікалай Собаль заняў другі радок у раённым спісе лепшых вадзіцеляў на адвозцы збожжа. А Аляксей Юнец і Уладзіслаў Казюка, якія ў час жніва працавалі на агрэгаце ЗСК-40Ш, сталі лепшымі на Бярэзіншчыне аператарамі сушыльных агрэгатаў. Так што на свята ў Мікулічы з Брадца адправілася даволі прадстаўнічая дэлегацыя выдатных майстроў сваёй справы. Яны годна заслужылі таго, каб іх імёны і прозвішчы гучна гучалі на свяце хлебаробаў: па працы і гонар!
Уладзіслаў Корык
Адзвінела золатам жніўная пара. Але не сціхае на палетках працоўны напал. І вось ужо знаёмыя твары ўчарашніх удзельнікаў уборачнай мы бачым у ролі тых, хто сёння рыхтуе сытную зімоўку жывёлы і рупіцца на нарыхтоўцы і закладцы ў сянажныя траншэі царыцы палёў – кукурузы, хто, падчапіўшы пасяўныя агрэгаты, чызелі, плугі, заняты азімай сяўбой. Колькі яшчэ трэба зрабіць да канца спрыяльнага асенняга перыяду і першых замаразкаў, колькі яшчэ належыць папрацаваць для таго, каб стварыць надзейны задзел будучага ўраджаю! Так, убіраць яго яшчэ не скора. Але менавіта сённяшнія намаганні закладваюць аснову будучых поспехаў наступнага года для гаспадаркі. Не ўпусціць момант, не адступіць ад тэхналагічных норм і патрабаванняў – вось на што нацэлены сёння сейбіты і аграрыі ААТ “Брадзец”. Працаваць інакш яны не ўмеюць, гэта не ў іх характары.
Уладзімір Альшэўскі
– Перамога ў раённым спаборніцтве сярод гаспадарак па выніках жніва – вельмі ганаровая і важкая ўзнагарода, – гаворыць Аляксандр Крук. – Я поўнасцю падзяляю гэтае дасягненне з усім нашым працавітым і дружным калектывам, дзе на роўных здабываюць славу і самы старэйшы камбайнер раёна Аляксандр Кніга, і ўдзельнік маладзёжнага спаборніцтва Уладзіслаў Корык, і правераныя многімі гадамі сумеснай працы іншыя нашы работнікі. Дзякуй ім за нястомную працу, за іх вопыт і ўменне працаваць у любой сітуацыі, не здавацца цяжкасцям, якіх у сельскай гаспадарцы заўсёды было нямала.
Мікалай Новікаў
*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.