Краіна аднаго народа!

Date 15.09.2023 Man
Comment 640
Краіна аднаго народа!

З мінулага года беларускі каляндар стаў багацейшым яшчэ на адно свята – Дзень народнага адзінства. Сам па сабе факт таго, што яму нададзены статус дзяржаўнага, сведчыць аб яго значымасці для ўсёй краіны, а яго назва – Дзень народнага  адзінства – указвае на глыбіню паходжання нашага роду як нацыі ў цеснай узаемасувязі з днём сённяшнім, з жыццём нашага грамадства ў няпростым ХХІ-м супярэчлівым стагоддзі.

Так, 17 верасня 1939 года адбылася значная падзея ў жыцці нашага грамадства, калі падзеленая на дзве часткі Беларусь змагла аб’яднацца ў адну цэласную дзяржаву і вызваліць з-пад польскага прыгнёту не адзін мільён сваіх суайчыннікаў.

Але не толькі ў гэтым сутнасць аб’яўленага Указамі Прэзідэнта новага свята. Яно мае больш грунтоўны змест, бо сапраўднае адзінства народа вымяраецца не асобнымі гістарычнымі фактамі і падзеямі, а штодзённым жыццём і працай на карысць сваёй Радзімы, што заўсёды рабілася і дасягалася толькі агульнымі намаганнямі, яднаннем памкненняў у дасягненні пастаўленай мэты.

Якія ж мэты стаяць перад намі сёння, да чаго мы імкнёмся? Па-першае, мы абавязаны захаваць не толькі народныя набыткі многіх стагоддзяў у плане культуры, свайго этнасу, самасвядомасці, але і не страціць гонар за свой гераічны народ, які ў цяжкіх бітвах са шведамі, французамі, нямецка-фашысцкімі акупантамі змог выстаяць, не сагнуць галаву перад ворагам, аднавіць сваю гаспадарку і з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень.

Народнае адзінства – гэта таксама і сённяшняе яднанне беларускага народа ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай, суверэннай і квітнеючай краіны. Мы шмат чаго дасягнулі за час аб’яднання Беларусі як суверэннай дзяржавы. І ўдалося гэта нам толькі за кошт таго, што мы, па прыкладзе некаторых іншых краін, не сталі дзяліць сваю зямлю на асколачкі па нацыянальных або рэлігійных прынцыпах на карысць патаемных знешніх сіл, якія былі б рады бачыць нас разгромленымі не знешнімі сіламі, а за кошт  унутранага разладу.

Менавіта яго зараз так насаджаюць нашы заходнія ворагі ў спадзяванні на тое, што мы страцім сваю найвялікшую каштоўнасць – мір, згуртаванасць і адзінства.

Праяўленне гэтых загартаваных якасцей мы бачым сёння ў многіх нашых сумесных дзеяннях, справах, думках, памкненнях, мерапрыемствах і акцыях.

Што здольна аб’яднаць народ? Нацыянальная ідэя! І яна ў нас ёсць. Яе складальнікі – слаўная шматвяковая гісторыя, самабытныя нацыянальныя традыцыі, мілагучная родная мова, найпрыгажэйшыя ў свеце краявіды і таленавіты бела-рускі народ.

Шчыра прызнаюся, я заўсёды з задавальненнем наведваю наш цэнтр рамёстваў. Мне здаецца, што менавіта там можна зразумець, адчуць, што такое сапраўднае адзінства і згуртаванасць.  Там народныя майстры захоўваюць нашу самабытную культуру, перадаюць яе будучым пакаленням. На ўласным прыкладзе паказваюць, як патрэбна берагчы нашу гісторыю, нашу культуру.

Мяне заўсёды радуе, калі да шматлікіх патрыятычных мерапрыемстваў далучаецца моладзь – будучыня нашай краіны. Перад Днём народнага адзінства БРСМ заклікаў моладзь далучыцца да флэшмоба. Прымерыць патрыятычную маску ў Instagram. І шмат моладзі нашай далучылася. Прычым, кожны падышоў да флэшмоба са сваім крэатывам. Паглядзець здымкі можна ў нашым тэлеграм-канале. Вось такія крэатыўныя акцыі таксама нас аб’ядноўваюць.

Так, усе мы розныя, у кожнага свой характар, свае думкі. Мы розныя – але і ў гэтым наша багацце. Нас усіх, без выключэння, аб’ядноўвае любоў да Радзімы, жаданне жыць пад мірным небам. Каб у нашых сем’ях панавалі шчасце, дабрабыт і ўзаемаразуменне. Таму для мяне Дзень народнага адзінства – асаблівае свята! Я ганаруся, што жыву ў сінявокай Беларусі. Я ўпэўнена, што братэрства, згода, павага і адзінства заўсёды будуць галоўнымі якасцямі нас, беларусаў. І сапраўды, наша моц – у адзінстве!

Юлія БУКЕЛЬ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER