У пасяджэнні прынялі ўдзел і члены Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і я, як старшыня Маладзёжнага парламента пры Бярэзінскім раённым Савеце дэпутатаў. Пасля завяршэння мерапрыемства адбылася ўжо традыцыйная сустрэча членаў Маладзёжнага парламента са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай, падчас якой абмяркоўваліся шматгранныя аспекты жыцця і дзейнасці моладзі рэспублікі, ішла адкрытая размова па актуальных тэмах.
У гэты ж дзень у час сустрэчы Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігара Сяргеенкі з актывам маладзёжнага грамадскага аб’яднання разглядаліся актуальныя пытанні дзейнасці БРСМ.
Абодва прыведзеныя факты яшчэ раз яскрава сведчаць аб той вялікай увазе, якая пастаянна надаецца падрастаючаму пакаленню нашай краіны з боку ўрада і Кіраўніка дзяржавы. Сапраўды, па-за полем іх зроку не застаюцца ні ініцыятывы, ні карысныя справы, ні праблемы сённяшняй моладзі. Пастаянна ў цэнтры ўвагі яны і ў Бярэзінскага раённага выканаўчага камітэта.
Сапраўды, нягледзячы на тое, што горад наш невялікі і не мае заводаў-гігантаў або валаўтвараючых прадпрыемстваў, ён з’яўляецца прыцягальным для моладзі. І перш за ўсё за кошт таго, што тут для яе робіцца многае і многае ў плане стварэння адпаведнай інфраструктуры, работы аб’ектаў для актыўнага адпачынку і правядзення вольнага часу. Сярод іх – маладзёжны цэнтр, ЗАГС, сэрца-агеньчыкі каля бібліятэкі, ДЮСШАР, ФАЦ “Лазурный”, раённы цэнтр рамёстваў, зона адпачынку каля штучнага возера на вуліцы Перамогі… Ёсць дзе кожнаму раскрыць свой талент, заявіць аб сабе як аб творчай і здольнай асобе.
Стала добрай традыцыяй арганізоўваць з маладымі спецыялістамі сустрэчы старшыні райвыканкама Дзяніса Дзішука, прадастаўленне разнастайных ільгот на першым у іх жыцці рабочым месцы, уцягненне ў грамадскае жыццё раёна.
І хачу адзначыць, што ў пераважнай сваёй большасці гэтая актыўнасць яскрава праяўляецца ў многіх аспектах. Перш за ўсё – у працы. Маладыя педагогі, работнікі культуры і аховы здароўя з першых крокаў заваёўваюць сабе аўтарытэт і павагу. А маладыя работнікі сельскай гаспадаркі пастаянна знаходзяцца ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў.
Найбольш характэрным у гэтым плане з’яўляецца жніво, па выніках якога і сёлета маладыя камбайнеры і вадзіцелі прадэманстравалі сваю працавітасць, аказаліся ў ліку лепшых і станавіліся тысячнікамі. Радуе, што ў нашай сельскай гаспадарцы працуе крэатыўная і таленавітая моладзь. Гэта яскрава даказаў конкурс «Містэр Аграпрам», які літаральная днямі прайшоў.
Праяўляе сябе моладзь Бярэзіншчыны і ў грамадскім жыцці. На яе рахунку шмат карысных і цікавых спраў, ініцыятыў, мерапрыемстваў, якія аб’ядноўваюць моладзь, робяць яе жыццёвую пазіцыю актыўнай, выхоўваюць сапраўдных патрыётаў, неабыякавых да жыцця сваёй Радзімы і яе слаўнай гісторыі. А садзейнічае гэтаму ўдзел падрастаючага пакалення ў дзейнасці ГА “БРСМ”. У яго радах знаходзіцца звыш 1000 маладых бярэзінцаў.
Можна доўга называць канкрэтныя мерапрыемствы, у якіх моладзь паспела праявіць сябе.
Сёлета ў лютым адбудзецца чарговая электаральная выбарчая кампанія. Няма ніякіх сумненняў у тым, што моладзь Бярэзіншчыны падыдзе да яе згуртаванай, ідэалагічна падрыхтаванай і ў чарговы раз праявіць сваю грамадскую пазіцыю, накіраваную на ўмацаванне магутнасці нашай краіны і яе далейшы росквіт. Бо нам, маладым, актыўным, славіць наш раён, вобласць і краіну. Будучыня за маладымі!