Як спраўляюцца са снегам камунальныя і дарожныя службы?

Date 27.11.2023 Man
Comment 512
Як спраўляюцца са снегам камунальныя і дарожныя службы?

Дарожным арганізацыям і калектыву РКУВП “Бярэзінская ЖКГ” з наступленнем зімы работы дабавілася: снегапады і перамёты патрабуюць аператыўнай ачысткі не толькі дарог і вуліц, а і тратуараў, “кішэняў” для прыпынку грамадскага транспарту, дваровых тэрыторый.

Вось што расказалі нам кіраўнікі дарожных арганізацый і камунгаса.

 

Ігар ТАНАЎ, начальнік філіяла “ДЭУ-6” РУП “Мінскаўтадор-Цэнтр”:

– Яшчэ да пачатку работы ў зімовых умовах уся наша снегаўборачная тэхніка прайшла тэхагляд, пад поўную патрэбу мы забяспечаны пясчана-саляной сумессю, на 90% - соллю. Пакуль што вялікіх снегападаў не было, але мы ўсё роўна працуем у рэжыме 24х7. Так, пастаянна дзяжураць 2 МАЗы і 1 адзінка пяскаразмеркавальніка. На сёння ўсе замацаваныя за арганізацыяй дарогі пачышчаны. Тым не менш, мы праводзім прэвентыўную апрацоўку супраць галалёду. Так, сёння 3 адзінкі тэхнікі займаюцца пасыпкай дарог і чатыры трактары чысцяць развязкі і “кішэні”. Калі наступае час снегападу, мы яшчэ да яго завяршэння пачынаем расчыстку дарог, каб укласціся ў дырэктыўныя тэрміны. І пакуль што іх парушэння ў нас не было. На перыяд увядзення асаблівага рэжыму на трасы выйдуць 6 пяскаразмеркавальнікаў і 7 трактароў. Гэтай тэхнікі будзе дастаткова, каб своечасова справіцца са стыхіяй.

У кругласутачным рэжыме працуе і наша дыспетчарская. Пры неабходнасці ў любы момант можа быць задзейнічана ўся тэхніка. Такога ж рэжыму прытрымліваюцца таксама нашы зваршчык і электрык, якія ў выпадку паломкі той ці іншай адзінкі тэхнікі ў самыя сціслыя тэрміны выпраўляюць непаладку і машына зноў адправіцца ў чарговы рэйс.

Акрамя таго на асобных участках дарог для ліквідацыі перамётаў мы ўстанаўліваем (сёння гэта робіцца на трасе М-4 у раёне аграгарадка Паплавы) снегазатрымліваючую сетку.     

 

Алег ЛУК’ЯНЕНКА, дырэктар РКУПВ “Бярэзінская ЖКГ”:

– Для работы ў зімовых умовах у нас задзейнічана 10 адзінак тэхнікі, сярод якіх 1 пяскаразмеркавальнік, 1 грэйдар, 2 “Амкадоры”, 3 трактары, 2 шчапавозы для вывазкі снегу і 1 смеццявоз, абсталяваны адвалам. Снегапад, які прайшоў у мінулы чацвер, стаў для нас своеасаблівай рэпетыцыяй на выпадак вялікіх снегападаў. Будуць яны гэтай зімой ці не, пакуль што невядома ні нам, ні сіноптыкам. Але ў любым выпадку, нават пры непрадказальным надвор’е, горад нерасчышчаным не застанецца. Сёння, напрыклад, 2 адзінкі тэхнікі задзейнічаны на падсыпцы тратуараў у горадзе, 2 аўтамабілі ўбіраюць снег, да таго ж вядуцца работы па ўборцы дваравых тэрыторый.

Што датычыцца сельскіх населеных пунктаў, не застаюцца без увагі і яны. Тут мы цесна супрацоўнічаем з дарожнымі арганізацыямі, і калі іх тэхніка чысціць замацаваныя за імі дарогі, паралельна праводзіцца і расчыстка вуліц вёсак. Аналагічным чынам працуем і мы, дапамагаючы калегам. Пакуль што мы з’яўляемся адным з нмногіх раёнаў, дзе зваротаў ці скаргаў на тэлефон 115 наконт вялікага снегу і непрыбранасці тэрыторый не было.

Рэжым нашай работы сёння ўяўляе графік 24х7. Для нашых вадзіцеляў і трактарыстаў, якія працуюць на снегаўборцы, сёлетняя зіма далёка не першая, таму свае абавязкі яны ведаюць добра і спраўляюцца з імі належным чынам. Пастаянна на сувязі знаходжуся я сам, а таксама майстар адзінай дыспетчарскай службы Надзея Стасюн, і пры неабходнасці прымаюцца ўсе аператыўныя захады. Вялікі снег знянацку нас не застане, да яго прыходу мы гатовы.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER